Квяткоўскі Севярын
Шрифт:
Чалавечак паказаў гнілаватыя зубы.
— Што курыш? «Парламент»? Ні фіга сабе! Гарадзкі, што лі?
— Слухай, дзядзьку, як мне выйсьці на дарогу да…
— Ты дурны? Якія тут дарогі? — адказаў чалавечак і разам з вудай нырцануў у хмызьняк.
Я пагробся праз зарасьнік у адваротны бок. Убок поўні.
* * *
Адэльчын дом стаіць на самым высокім пагорку ў ваколіцы. Да дому вядзе яжджалая дарога: Адэля ня любіць быць на самоце і заўжды чакае гасьцей. Я цудоўна памятаю гэтую дарогу, бо апошняя наша сустрэча адбылася менавіта тут, на Высокім Пагорку. Ну, не тое каб сустрэча… Яна адмыслова патэлефанавала і запрасіла. Ехаць не хацелася. Я ж ведаў… Але яна ўмее прасіць: «Мурр, мне сумна, мне самотна». Я скокнуў у машыну. На гадзіньніку пераваліла за поўнач. Як я ляцеў па начным горадзе, як сьвідраваў сваім аўто пругкі слой атмасфэры, як узахлёб лічыў марудныя імгненьні! Як жа я ненавідзеў мёртвага ўжо кіроўцу, які акурат на скрыжаваньні абводнай дарогі і шашы ўпіліўся ў фуру і заблякаваў рух.
Я спазьніўся. Я гэта зразумеў адразу. Нават ня выключыў рухавіка. Побач ужо стаяла іншая машына. Я зайшоў у прыадчыненыя дзьверы і пачуў, як у залі рыпіць канапа і нехта стогне…
Бац! Вялікае, жывое, моцнае… Калі траціш прытомнасьць, ніколі ня ведаеш, колькі часу гэта доўжылася. Выглядае, што я ляжаў павалены адно некалькі сэкундаў, бо лось (лось?) зусім побач прабівае сабе дарогу напрасткі праз гушчар. Ці ён спужаўся мяне, ці папросту сьпяшаецца па тэрміновых справах? Падымаюся, валюся, станаўлюся на карачкі. Акуляры пагнуліся, але не пабіліся, ляжаць побач з рукой. Падарунак у кішэні працінае болем бок. Па дарозе, пракладзенай жывёлінай, перабіраю нагамі, а часам рукамі. Ужо блізка. Блізка, Адэля…
* * *
На вялікім лужку перад домам стаяць сталы, на якіх – бутэлькі, закускі і кветкі. Усё вакол асьветлена адмыслова прывезенымі пражэктарамі. А таму я ўжо здалёк бачу правым вокам (левае заплыло) гасьцей. Экс-саліста опэрнага тэатру цяжка пазнаць: мае чорны твар ад запечанай крыві. Смокінг — нібы сьцягнуты з пудзіла, якое памачалі ў сіласную яму. Адна рука саліста неяк ненатуральна боўтаецца, другой ён трымае плот, каб не паваліцца. Астатнія наведнікі нібы двайнікі саліста — такія ж парэпаныя, пакамечаныя: іх дзесяць, дваццаць, легіён? Большасьць зь іх я ведаю калі не па імю, дык у твар.
Вунь руды, падобны да тхара мэн — вядомы ў краіне бізнэсовец. А вунь цыбаты хлюст з моднай фрызурай — дырэктар камэрцыйнага тэлеканалу. І таўстуна-барадача ў чорных (гэта ноччу!) акулярах ведаю — паэт…
Я ўжо ўзьняўся з карачак і кульгаю да сшэрхлай грамады. Усе маўчаць. Глядзяць на дзьверы дому. А можа, сабе ў сярэдзіну. Я сьціскаю падарунак у кішэні. Да хрумсту сьцяў пальцы непашкоджанай рукі. Колькі цягнецца маўчаньне? А жыцьцё? А імгненьне?
Бязгучна праляцеў кажан. Бязгучна прапоўз вужака. Бязгучна з-за плоту бліснулі вочы ваўчыныя. Рыпнула масьніца ў доме, павярнулася клямка…
Я ня вытрымаў і выхапіў з кішэні вялікі срэбны рэвальвэр, набіты вялікімі срэбнымі кулямі. І тады астатнія імгненна павыхоплівалі свае пісталеты.
Дзьверы расчыніліся, і на ганку паўстала юбілярка з гітарай у руках:
— Мурр, хлопчыкі… Гэты раманс я прыдумала проста цяпер. Вы будзеце першыя, хто яго пачуе.
І ўсьміхнулася сваёй усьмешкаю.
Вiльня ў канцы тунэлю
Міленіюм я сустрэў задніцай. Для кагосьці Новы год прыходзіць са звонам курантаў, для кагосьці – пад цюканьне жалезных кубкаў, для кагосьці – з ранішняга паведамленьня па тэлевізіі, маўляў, наступіў-такі. Я сустрэў апошні год другога тысячагодзьдзя на віленскім Катэдральным пляцы. Выбух салюту ляснуў мне ў сьпіну. Калі я ня вытрымаў чаканьня ды рушыў, адкуль прыйшоў – у бок вакзалу, побач зь якім ва ўтульнай кватэры мяне чакаў сьвяточны стол.
Як сустрэнеш Новы год, так яго і пражывеш, а ў момант міленіюму я быў поўны рашучасьці. Хіба я ня памятаю рашучасьці на якую справу, бо ледзь трымаўся на нагах ад алькагольнага перадозу.
Вільня ў мяне асацыюецца з алькаголем. І зь зімой.
Вільня ня можа быць Горадам сонца, гэта Горад пад начным зорным небам. А яшчэ Вільня – Горад прывідаў, якія могуць цябе зьнесьці. У тваёй галаве шпацыруюць, працуюць, ядуць, танчаць і выпіваюць скарыны, ластоўскія, луцкевічы, міцкевічы, луцэвічы, гарэцкія, тарашкевічы… Дзядзькі антосі, казікі, юзікі… З кожным кілямэтрам, з кожным кілішкам яны робяцца рэальнейшыя.
Па прыезьдзе ў Вільню мясцовыя літоўцы выглядаюць, усё роўна як выяўленыя на няякасным галяграфічным малюнку: абрысы няпэўныя, трохмернасьць празрыстая, ці то ёсьць яны – ці то няма іх. Прывіды, адным словам.
Ёсьць яшчэ прывіды – мясцовыя нелітоўцы, якіх я і мае сябры клічам проста – славішы, але гэтыя – прывіды ў квадраце. У экзальтаванага адраджэнца-цьвярозьніка ўся гэтая хеўра можа выклікаць прыступ дэпрэсіі. Але ў пітушчага жыцьцялюба-рамантыка прывіды-тубыльцы саступяць месца прывідам-нацыянальным пэрсанажам. У тых, хто едзе ў Вільню першы раз.
Я выйшаў зь цягніка Менск-Вільня за сорак хвілінаў да Міленіюма ці не ў пяцідзясяты раз за жыцьцё. Дакладней, вываліўся, нібы набіткаваны мех, і хістка, але ўпэўнена нырцануў у нетры Места: далей і глыбей – да водарасьцяў, да камянёў, да ракушак, русалак, вадзянікоў… Праз карчы, завалы, міма балотнага глею да вядомых аднаму мне пясочных затокаў.
***
Вы калі-небудзь кулялі сьвяточны стол? Я кульнуў. Праўда, гэта было ўвечары 1 студзеня, і на стале заставаліся адно парэшткі сьвяточных страваў. Я зрабіў акт пратэсту супраць зьдзекаў з маіх пачуцьцяў. Я паставіў кропку. Пакінуў іх цалавацца і пайшоў.