Крапіва Кандрат
Шрифт:
Вера (смяецца). Дык вы хоць нас адпусціце, Мікіта Сымонавіч, калі не можаце. (Мерыцца адыходзіць.)
Туляга. Хвіліначку, таварышы! Я зараз… Але я прашу, каб вы пра гэта нікому ні слова.
Чарнавус. Ды ладна ўжо, Мікіта Сымонавіч.
Туляга. Дык вось… Абмінае і глядзіць мне проста ў твар.
Вера (насмешліва). Ну, няўжо ў твар?
Туляга. Не, вы ж паслухайце! Раз аглянуўся, другі раз аглянуўся і трэці раз аглянуўся. А пасля спыніўся і пытаецца: «Скажыце, — кажа, — ваша прозвішча не Падгаецкі?» Тут я ўвесь аж закалаціўся. «Не, — кажу, — я не Падгаецкі, я Туляга».
Вера. А ён што?
Туляга. «Выбачайце, — кажа, — вельмі ж падобны. Я некалі ў Варонежы, — кажа, — сустракаў такога тыпа», — і пайшоў.
Вера (іранічна). I пайшоў! Скажыце, калі ласка! Дык гэта ж сапраўды страшна!
Туляга. Але ж гэта яшчэ не ўсё. Калі я ўваходзіў у інстытут, ён яшчэ раз аглянуўся на мяне.
Вера. А калі і яшчэ раз, дык што ж тут страшнага?
Туляга. Не, гэта такі страшна. У Варонежы сапраўды быў некалі Падгаецкі — дзянікінскі палкоўнік.
Вера. Дык вы тут пры чым?
Туляга. А я ў той час таксама быў у Варонежы.
Вера. Палкоўнікам?
Туляга. Не, я быў настаўнікам гімназіі.
Вера. Дык мы ж гэта ведаем.
Туляга. Але вы не ведаеце, што гэты палкоўнік быў падобны на мяне, як дзве кроплі вады.
Вера. Ну і што?
Туляга. Гэты чалавек можа сказаць, што ў інстытуце працуе дзянікінскі палкоўнік. (Чарнавус і Вера с. мяюцца.) Не, гэта зусім не смешна. Дакументаў у мяне з таго часу няма — чым я апраўдаюся?
Чарнавус. Ды кіньце вы! Гэта ўсё пустыя страхі.
Туляга. Дык, па-вашаму, няма чаго баяцца?
Вера. Ідзіце, Мікіта Сымонавіч, працуйце, і нікога не бойцеся.
Туляга. Праўда, не баяцца?
Вера. Не бойцеся. Я нікому не скажу, што вы — дзянікінскі палкоўнік.
Туляга (аж прысеў). Тсс!.. звар'яцелі вы! Хіба гэтым можна жартаваць!
Вера (смяецца). Ай, баязлівец вы, баязлівец!
Разыходзяцца па сваіх пакоях. Туляга варочаецца і падыходзіць да цёці Каці.
Туляга. Кацярына Іванаўна! Вы, калі ласка, нікому не расказвайце пра гэту гаворку, а то яшчэ за праўду палічаць.
Цёця Каця. Хіба гэтаму хто паверыць! Які ж вы палкоўнік?
Туляга. Ай-ан! Не гаварыце гэтага слова! Я вас прашу.
Цёця Каця. Выбачанце, Мікіта Сымонавіч! Больш не буду.
Туляга выходзіць.
Зіначка (уваходзіць). Аляксандра Пятровіча яшчэ няма?
Цёця Каця. Вашага яшчэ няма.
Зіначка. Чаму майго?
Цёця Каця. У нас жа два Аляксандры Пятровічы, але ж з Чарнавусам вы ніякіх спраў не маеце, а падпісвае паперкі вам Гарлахвацкі.
Зіначка. Ой, цёця Каця! Я не ведала, што вы такая злая.
Цёця Каця. Якая ж тут злосць, таварыш Зёлкіна. Я ж праўду кажу: вы сакратар, а ён дырэктар, дык як жа вы без яго можаце абысціся альбо ён без вас?
Зіначка (адыходзячы ў пакой, жартаўліва грозіць пальцам). Ладна, ладна, яхідная жанчына, я вам гэта прыпомню!
Цёця Каця (адна). Хто парасё ўкраў, у таго ў вушах пішчыць. Я і не думала ёй шпільку падпускаць (Корпаецца нешта ў кутку. Нячутна ўваходзіць Зёлкін. Аглядае калідор, заўважае цёцю Кацю.)
Зёлкін (знянацку). Добры дзень, цёця Каця!
Цёця Каця (спалохана). Цьфу ты, нячысты дух! Выбачаііце, таварыш Зёлкін. Гэта ж вы так мяне спалохалі!
Зёлкін. Я ж толькі прывітаўся.
Цёця Каця. Дзякую вам за такое вітанне. I чаму вы, таварыш Зёлкін, ходзіце так заўсёды, быццам у вас не ногі, а мяккія лапы?
Зёлкін. Пра мае ногі вы не турбуйцеся.