Шрифт:
Убачыўшы адно аднаго, Дафніс і Хлоя ледзь не асунуліся долу; але авалодалі сабою і ўтрымаліся на нагах, прывіталіся, пацалаваліся; і ў гэтым як быццам бы апору сабе знайшлі, каб не ўпасці.
8. Атрымаўшы насуперак спадзяванню і пацалунак, і спатканне з Хлояю, Дафніс падсеў бліжэй да агню; зняўшы з плячэй, паклаў на стол туркавак і драздоў і расказаў, як ён, калі яму надакучыла сядзець у хаце, пайшоў на паляванне і як ён налавіў птушак — адных сілкамі, другіх клеем, калі яны ласаваліся ягадамі міртаў і плюшча. Усе пахвалілі яго руплівасць і запрасілі адведаць з таго, што не паспеў ухапіць сабака. А Хлоі сказалі наліць віна. І яна радасна падала ўсім, а Дафнісу пасля ўсіх; яна ўдавала, што гневаецца на яго, чаму ён, прыйшоўшы, хацеў уцячы, не пабачыўшы яе. Але ўсё ж яна прыгубіла, перш чым яму паднесці, і толькі ўжо тады падала. А ён, хоць яго і даймала смага, піў паволі, каб праз гэтую павольнасць падоўжыць асалоду.
9. Хутка стол апусцеў ад хлеба і мяса. Але яны аставаліся яшчэ сядзець, распытваючы пра Мірталу і Ламана, называлі іх шчаслівымі, бо доля паслала ім такую падпору на старасць. І ён быў рад пахвалам, іх жа чула Хлоя; калі ж яго папрасілі астацца, бо назаўтра яны хочуць прынесці ахвяру Дыянісу, ён з радасці ледзь не схіліўся ў паклоне перад імі замест Дыяніса. Тут жа выняў з пастуховай торбы шмат мядовых коржыкаў і злоўленых птушак, якіх і прыгатавалі на вячэру. Другі раз паставілі кратэр з віном і другі раз агонь распалілі. Хутка надышла ноч, зноў пайшло другое банкетаванне, пасля якога расказвалі розныя паданні, спявалі песні, пакуль нарэшце не разышліся спаць — Хлоя са сваёю маці, Дрыяс з Дафнісам. Хлоя не мела іншае радасці, апроч тае, што заўтра зноў убачыць Дафніса, а Дафніс радаваўся сціплай уцесе: уважаў за радасць тое, што ляжаў з Хлоіным бацькам; так што ён абдымаў таго і не раз цалаваў, мроячы ў дрымоце, што робіць усё гэта з Хлояй.
10. Надышоў дзень — мароз быў страшэнны, паўночны вецер усё ледзяніў. Яны ўсталі, прынеслі ў ахвяру Дыянісу гадавалага барана, развялі вялікі агонь і падрыхтавалі яду. Пакуль Напэ хлеб пякла, а Дрыяс смажыў барана, Дафніс і Хлоя, улучыўшы вольную часіну, выбеглі з хаты туды, дзе рос плюшч: зноў паставіўшы сілкі і намазаўшы галінкі птушыным клеем, налавілі нямала птушак. А заадно тут была асалода пацалункаў і радасная гаворка. «Дзеля цябе прыйшоў я, Хлоя». — «Ведаю, Дафніс». — «Дзеля цябе пазбаўляю жыцця гэтых няшчасных драздоў». — «Што ж я павінна зрабіць для цябе?» — «Помні пра мяне». — «Помню, клянуся німфамі, якімі некалі паклялася ў той пячоры, куды мы зноў пойдзем, як толькі растане снег». — «Але ж так шмат снегу, Хлоя, баюся, што я сам раней растану». — «Мацуйся, Дафніс, сонца ўжо грэе». — «О Хлоя, каб жа яно было такое гарачае, як агонь, што паліць мне сэрца». — «Жартуеш, дурыш мяне». — «Не, клянуся тымі козамі, якімі ты мне загадала клясціся».
11. Калі Хлоя Дафнісу так адклікалася, як Эхо, Напэ з дамашнімі паклікала іх, і яны прыбеглі, несучы яшчэ багацейшую за ўчарашнюю здабычу; тады ўзлілі яны Дыянісу першыя кроплі з кратэра і пачалі банкетаваць, усклаўшы на галаву вянкі з плюшчу. А калі надышоў час і адгучалі іх усклікі «Іакх!» і «Эвоэ!», яны правялі Дафніса, папоўніўшы мясам і хлебам яго пастухову торбу. Далі і туркавак і драздоў аднесці Ламану і Міртале, бо сабе ж яны могуць яшчэ налавіць, пакуль трывае зіма і не скончыліся ягады на плюшчы. І ён пайшоў, пацалаваўшы ўсіх іншых раней за Хлою, каб яе пацалунак чыстым астаўся на яго губах.
І ён не раз яшчэ хадзіў гэтаю дарогаю пад рознымі прычапкамі, так што не ўся зіма прамінула для іх без кахання.
12. А ўжо калі надышла вясна, сышоў снег, выступіла зямля, адскочыла трава, пастухі пагналі статкі на пашы, а раней за ўсіх Хлоя і Дафніс, бо служылі яны вышэйшаму пастуху. Тут жа пабеглі яны да німфаў у пячору, адтуль да Пана пад хвойку і нарэшце да дуба, пад якім яны і ўселіся, статкі пасвілі і адно аднаго цалавалі. Пачалі яны шукаць кветак, каб прыбраць вянкамі статуі багоў; а тых толькі што выманілі з зямлі зефір, песцячы, ды сонца, грэючы; але ўсё ж знайшлі фіялкі, нарцысы, кураслеп і ўсіх іншых узгадаванцаў вясны. Хлоя і Дафніс надаілі з-пад некалькіх коз і авечак свежага малака, зрабілі ўзліванне, пасля чаго ўпрыгожылі вянкамі статуі багоў. І на сірынзе яны пачалі зноў іграць, як бы хацелі з салаўямі ў спевах паспрачацца; і тыя адклікаліся з гушчарніку і пакрысе ўдасканальвалі свае жальбы пра Ітыса, нібы прыпаміналі сваю песню пасля доўгага маўчання.
13. Тут і там бляялі авечкі, тут і там падскоквалі ягняты і, залазячы пад маткі, ссалі вымя; за някотнымі авечкамі ганяліся бараны і, уздымаючыся на заднія ногі, пакрывалі іх — адзін адну, другі другую. Гэтак жа ганяліся казлы за козамі, скакалі ў нясцерпе вакол іх і змагаліся за коз; кожны меў сваіх і ахоўваў іх, каб ніякі іншы крадком не ўжыў з яго права.
Нават старых такое відовішча пацягнула б да любоўных уцех, а Дафніс і Хлоя — маладыя, поўныя здароўя і сіл, і ўжо доўгі час прагнулі кахання; палымнелі яны, чуючы ўсё гэта, знемагалі, бачачы ўсё гэта, і самі шукалі чагосьці большага, чым пацалункі ды абдымкі, а найбольш Дафніс. Бо, вядома, прасядзеўшы зіму ў хаце, нічога не робячы, ён узмужнеў, і рваўся да пацалункаў, і ўспыхваў ад абдымкаў, і ва ўсім зрабіўся больш гарачым і адважным.
14. Вось і пачаў ён прасіць Хлою, каб дазволіла яму ўсё, чаго ён хоча; голая з голым ім паляжала даўжэй, чым яны дагэтуль рабілі; бо толькі гэта ўпушчана з Філетавых павучанняў, так што гэта якраз тыя адзіныя лекі, што іх каханне суцішаюць.
Калі ж яна спыталася, што яшчэ ёсць больш, чым цалаванне, абдыманне і само ляжанне, і што ён будзе рабіць, калі будзе голы пры ёй голай ляжаць, ён сказаў: «Тое самае, што бараны робяць з авечкамі, а казлы з козамі. Хіба ты не бачыш, што пасля гэтага авечкі ад бараноў не ўцякаюць, а тыя не ганяюцца за імі да стомы, а, ужыўшы супольнай асалоды, разам пасуцца; салодкая, як відаць, гэтая работа, і яна адольвае горыч кахання». — «Але хіба не бачыш ты, Дафніс, што козы і казлы, а бараны і авечкі робяць гэта стоячы, як козы і авечкі таксама стоячы іх прымаюць, тыя ж на іх скачуць, яны ж носяць іх на спіне? А ты хочаш, каб я з табою ляжала ды яшчэ і голая? Да таго ж наколькі шчыльней шэрсць іх пакрывае, чым мяне мая вопратка». Паслухаўся Дафніс, лёг пры ёй і ляжаў так доўгі час, але, не ўмеючы зрабіць тое, да чаго ён палка імкнуўся, падняў яе і, абняўшы ззаду, прыціснуўся да яе, пераймаючы казлоў. Але яшчэ больш збянтэжаны прысеў і заплакаў з таго, што ў каханні ён яшчэ менш разбіраецца, чым бараны.
15. Меў ён суседа, што абрабляў уласную зямлю, на імя Хроміс, лепшыя гады якога ўжо адышлі. Той узяў сабе жонку з горада, маладую, у самым росквіце, куды больш прывабную за вясковых; Лікэніён было ёй імя. Бачачы, як штодня Дафніс праганяў сваіх коз на пашу, а пад ноч з пашы, Лікэніён захацелася, прынадзіўшы яго падарункамі, зрабіць сваім каханкам. І вось неяк, падпільнаваўшы яго аднаго, яна падарыла яму сірынгу, мёду ў сотах і пастухову торбу з аленевай шкуры. Але прызнацца яму пабаялася, бо заўважыла яго каханне да Хлоі: добра ж бачыла, як ён хінецца да дзяўчыны. Спачатку яна здагадалася з іх кіўкоў галавою і з усмешак, а неяк аднаго ранку, сказаўшы Хромісу, што нібыта ідзе адведаць парадзіху суседку, пайшла за імі назіркам, схавалася ў гушчарніку, каб яе не ўбачылі, і ўчула ўсё, што яны казалі, і пабачыла ўсё, што яны рабілі; не прайшло паўз яе і што плакаў Дафніс. Спачуваючы няшчасным і рашыўшы, што гэта двойчы зручны момант — іх ад мук уратаваць, а заадно і сваю пажадлівасць утаймаваць — прыдумала яна такую хітрасць.