Вход/Регистрация
Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.
вернуться

Грицкевич Анатолий Петрович

Шрифт:

Іван Багданавіч Сапега быў спадчыннікам бацькоўскіх маёнткаў на Віцебшчыне і Полаччыне і прадаўжальнікам чарэйска-ружанскай лініі роду Сапегаў У 1530 г. пры падзеле маёнткаў паміж братамі ён захаваў гняздо роду — Чарэю. Ён набыў новыя маёнткі ў Віцебскім і Полацкім ваяводствах ў 20-я гг. XVI ст. з азёрамі, дзе разгарнуў рыбны промысел. I. Сапега меў маёнткі і ў іншых мясцовасцях, у тым ліку і ў Віленскім павеце. Падчас попісу войска Вялікага Княства Літоўскага 1529 г. Сапега выставіў у войска са сваіх маёнткаў 36 коней. 1 вершнік у апалчэнне выстаўляўся, згодна з ухвалай Віленскага сойма 1528 г, ад 8 сялянскіх службаў Звычайна ў службе было 2 і больш двароў. М. В. Доўнар-Запольскі лічыць, што ў службу ўваходзілі 3–4 «дымы» (двары). Такім чынам, у маёнтках Івана Сапегі было прыкладна да 1 тысячы сялянскіх двароў і болей. Асобна трэба лічыць староствы. Такім чынам, Іван Багданавіч Сапега належаў да магнатаў, самай вышэйшай групы шляхецкага саслоўя.

Ад шлюбу з Ганнай Сангушкай Іван Багданавіч Сапега меў чатырох сыноў і адну дачку. Старэйшы сын Лука памёр у 1545 г. Нашчадкаў не меў. Другі сын, Іван, які памёр у 1580 г., быў старастам драгічынскім. Ён быў жанаты з князёўнай Багданай Друцкай-Саколінскай (з галіны Канопля). Іх сынам быў знакаміты і славуты дзяржаўны дзеяч Леў Іванавіч Сапега. Трэці сын Івана Багданавіча Сапегі, Міхаіл Іванавіч (памёр пасля 1592 г.), быў дваранінам гаспадарскім (прыдворным), а з 1580 г. сакратаром каралеўскім у Стафана Баторыя. Чацвёрты сын, Павел (памёр у 1580 г.), меў тытул кашталяна кіеўскага з 1566 г., а таксама быў дзяржаўцам любецкім і перавальскім. Такім чынам, сыны Івана Багданавіча Сапегі займалі пасады сярэдняга маштабу ў адміністарцыі. Адзіная яго дачка, Соф'я, была замужам двойчы: першы раз за Лукашам Курапецкім, другі раз — за Рыгорам Валовічам, кашталянам наваградскім.

Сам Іван Багданавіч Сапега атрымаў у спадчыну ад бацькі ў Віцебскім ваяводстве маёнткі Сялец, Лемніца, Палонна (дзе пабудаваў замак), Рудомля. У набытым маёнтку Астроўна пабудаваў замак. У год смерці Івана Багданавіча Сапегі (1546) яго ўдава і сыны Іван, Міхаіл і Павел атрымалі прывілей вялікага князя на ўвядзенне таргоў і корчмаў у маёнтках Палонна, Лемніца і Востраў і ўтварэнні там мястэчак з поўнымі ільготамі для іх насельніцтва. Гэта сведчыла пра пэўную ўжо колькасць насельніцтва ў гэтых мясцінах і неабходнасць стварэння лакальных рынкаў.

Стафан Баторый (1533–1586)

Стафан Баторый — кароль польскі і вялікі князь літоўскі, рускі і жамойцкі з'яўляецца адной з найбольш вядомых і значных асоб у гісторыі Беларусі XVI ст. Гэта быў чалавек незвычайнага лёсу, імя і прозвішча якога гучала па-рознаму ў трох краінах, дзе ён панаваў. Каралём у Рэчы Паспалітай ён быў толькі дзесяць гадоў. Але за час свайго панавання ў Польшчы і Беларускай-Літоўскай дзяржаве, аб'яднаных тады ў федэратыўную Рэч Паспалітую, ён праславіўся як палкаводзец, дыпламат, рэфарматар і мецэнат навукі і культуры.

Баторый у Сяміграддзі

Сапраўднае імя і прозвішча Стафана Баторыя — Іштван Батары або, як правільна будзе па-венгерску, — Батары Іштван, бо ў мадзьяраў спачатку пішацца прозвішча, а потым імя (так бы мовіць, назва роду больш галоўная, чым асабістае імя).

Паходзіў ён з даўняга венгерскага магнацкага роду ў Сяміграддзі (або Трансільваніі), якая ў той час была самастойнай краінай, асобнай ад Венгрыі, але ўжо падпарадкаваная турэцкаму султану як васальная дзяржава. У Сяміграддзі (назва ад сямі гарадоў) жыло змешанае насельніцтва: венгры, румыны і немцы. Род Баторыяў меў дзве галоўныя лініі. Стафан нарадзіўся ў сям'і з лініі Шомлё, якая валодала латыфундыямі ў вобласці Крышана, недалёка ад сучаснай дзяржаўнай мяжы Румыніі з Венгрыяй. Цэнтрам латыфундый роду Баторыяў быў гарадок Шомлё (цяпер па-румынску Сімлеул Сільваней). Род Баторыяў з Шомлё валодаў у ваколіцы 35 мястэчкамі і вёскамі.

У замку Шомлё 27 верасня 1533 г. нарадзіўся Батары Іштван. Ён быў аднагодкам расійскага цара Івана Жахлівага, з якім потым ваяваў. Іштван быў трэцім, апошнім сынам Іштвана Батары, ваяводы (князя) Сяміграддзя, якое займала большую частку сучаснай Румыніі. Бацька праз год пасля нараджэння сына памёр. У маладыя гады Іштван выхоўваўся ў Вене пры двары рымска-германскага імператара (Свяшчэннай Рымскай імперыі) і караля Венгрыі Фердынанда I Габсбурга, дзе ягоны старэйшы брат Андрэй займаў высокую пасаду гофмайстра венгерскай кароны.

Тут ён атрымаў і адукацыю. Некаторы час вучыўся ў Падуанскім універсітэце ў Італіі, дзе ў свой час Францішак Скарына абараніў доктарскую дысертацыю. У Вене ён пачаў называцца Стафанам Баторыем. Стафан Баторый добра размаўляў на нямецкай, лацінскай, італьянскай і, зразумела, венгерскай мовах. А вось па-польску і па-беларуску ён гаварыць так і не навучыўся. Калі быў абраны каралём Рэчы Паспалітай, то тут ён гаварыў з мясцовымі жыхарамі на лацінскай мове альбо праз перакладчыка.

Пасля вучобы ў Італіі Баторый вяртаецца на радзіму, дзе разгарэлася барацьба часткі венгерскіх магнатаў на чале з прэтэндэнтам на каралеўскі трон Венгрыі Янам Жыгімонтам Заполья (ягоны бацька некаторы час быў венгерскім каралём) супраць германскага імператара. Малады Баторый падтрымаў Заполья, удзельнічаў у бітвах, набыў вопыт адміністратара і дыпламата. Баторый быў накіраваны на чале пасольства ў Вену на мірныя перагаворы з імператарам, але падчас перамоў па загаду імператара Максіміліяна II быў арыштаваны і інтэрнаваны ў Вене на працягу двух гадоў Атрымаўшы свабоду, ён вярнуўся дадому і пасля смерці князя Трансільваніі Яна Жыгімонта 25 мая 1571 г. быў абраны на сойме князем Трансільваніі (Сяміграддзя), нягледзячы на супрацьдзеянне імператарскага двара. Але пасля войнаў Трансільванія была аслаблена і вымушана была прызнаць васальную залежнасць адначасова ад імператара (ён жа кароль Венгрыі) і ад турэцкага султана. Каб аказваць супраціўленне Габсбургам і султану, Баторый наладзіў добрыя стасункі з Рэччу Паспалітай і польскімі магнатамі.

Абранне каралём і вялікім князем

У гэты час (у 1574 г.) з Кракава ў Парыж патаемна ўцёк кароль польскі і вялікі князь літоўскі Генрых Француз (Валуа), каб заняць французскі трон пасля смерці свайго старэйшага брата Карла IX. Пагоня, арганізаваная польскімі магнатамі з мэтай затрымаць караля і сілаю вярнуць яго на трон, не паспела перахапіць уцекача. Ён паспяхова дабраўся да Парыжа, дзе стаў каралём Францыі Генрыхам III (апошнім з дынастыі Валуа). Трон у тагачаснай сталіцы Рэчы Паспалітай застаўся вакантным. Трэба было выбіраць новага караля. А на ўсходніх і паўночных межах Беларусі працягвала існаваць пагроза з боку Масквы.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: