Трофимчик Анатолий Викторович
Шрифт:
Ад Петраграда да Рыгі (1917–1921)
Мы за автономию для всех частей, мы за право отделения (а не за отделение всех!) <…> В общем, мы против отделения. Но мы стоим за право на отделение. <…> Ничего, абсолютно ничего кроме права на отделение здесь нет и быть не должно
В. Ленин
Принцип на самоопределение должен быть средством борьбы за социализм.
И. Сталин
У гістарычнай навуцы Беларусі пытанне пра адносіны кіраўніцтва бальшавіцкай партыі і савецкай краіны да станаўлення беларускай дзяржаўнасці дасюль не мае пэўнага адказу, як няма яснага адказу на пытанне: наколькі ж і як спрычыніліся бальшавікі да вырашэння гэтай праблемы? Савецкая гістарыяграфія стварала міф пра тое, што абяздолены беларускі народ толькі дзякуючы кастрычніцкай рэвалюцыі займеў паўнавартасную дзяржаўнасць. Паралельна існавала ледзь не цалкам адваротная думка беларускіх эмігрантаў: маўляў, гэта была бальшавіцкая акупацыя. Аднак за рамантызмам і эмоцыямі тыя навуковыя даследаванні нярэдка гублялі сваю вартасць, таму акрэсленая тэма заставалася слабадаследаванай. Тым больш, што даследаванні з-за «жалезнай заслоны» праводзіць было практычна немагчыма, паколькі неабходныя архівы знаходзіліся ў СССР, але пры гэтым былі недаступныя і савецкім гісторыкам. А калі апошнія што і знаходзілі, то трымаліся рамак ідэалагем, або гэта за іх рабіла цэнзура. Сучасная гістарычная навука Беларусі стасоўна гэтай праблемы, як і многіх іншых, мае пэўныя здабыткі, якія, аднак, вельмі часта характарызуюцца прынцыповымі супярэчнасцямі. Даходзіць да парадоксаў: зробленыя ў канцы працы высновы могуць канцэптуальна пярэчыць папярэдняй аналітыцы. Такое становішча падштурхоўвае да пераканструявання сэнсу падзей, якое, што праўда, не прэтэндуе на поўную завершанасць, аднак імкнецца да аб'ектывізацыі тэндэнцый, якія панавалі ў кіраўнічых органах маладой савецкай дзяржавы (з 1922 г. — СССР). Яшчэ заўважым, што абсалютная большасць матэрыялаў, якія леглі ў аснову працы, з'яўляецца агульнадаступнай і мае даволі шырокую рэпрэзентацыю.
У свой час шляхам трох падзелаў канфедэрацыі Кароны Польскай і ВКЛ — Рэчы Паспалітай — Расійская Імперыя атрымала ў свой склад усе этнаграфічныя беларускія землі — тыя, на якіх магла б утварыцца беларуская нацыя і нацыянальная дзяржава. Чарговы ўздым нацыянальнага руху ў Еўропе абудзіў імкненні многіх «падімперскіх» народаў да самавызначэння. Палякі ў сваім адраджэнні кіраваліся менавіта станам краіны на 1772 г. [3] , калі суседзі пачалі брутальна ўмешвацца ва ўнутранае жыццё канфедэратыўнай дзяржавы. Таму незалежніцкія тэндэнцыі, праяўленыя нацыянальнай элітай беларусаў у 1918 г., мелі аніяк не меншыя падставы на падобныя памкненні, тым больш, што «Дэкларацыя правоў народаў Расіі» (ад 2 лістапада 1917 г.) гарантавала нацыям права на вольнае самавызначэнне аж да аддзялення і ўтварэння самастойнай дзяржавы. Больш таго, «пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 29 жніўня 1918 г. савецкі ўрад прыняў падпісаны У. І. Леніным дэкрэт аб адмове ад дагавораў і актаў, заключаных урадам былой Расійскай імперыі аб падзеле Рэчы Паспалітай». А гэта значыць, што расійская інкарпарацыя беларускіх зямель, якія з'яўляліся ядром ВКЛ, de iure [4] ліквідоўвалася, а за іх насельніцтвам прызнавалася права на самавызначэнне (натуральна, калі яны адмовіліся б ад ранейшага дзяржаўнага status quo [5] ў выглядзе ВКЛ [6] ці Рэчы Паспалітай, у якой Княства — у адрозненне ад Савецкай Беларусі — з'яўлялася далёка не фармальнай структурнай адзінкай, хоць яго статус у тандэме з Каронай і быў моцна паслаблены ў выніку спусташальных войн сярэдзіны XVII ст. і далейшай расійскай экспансіі). Выбар народаў былой Рэчы Паспалітай (палякаў, літоўцаў, украінцаў) быў зроблены на карысць самастойнага шляху дзяржаўнага будаўніцтва, што фактычна не пакідала альтэрнатывы беларусам у выпадку памкнення да самастойнага вырашэння свайго лёсу. Тоесную думку выказаў таксама гісторык правазнаўчай думкі Язэп Юхо.
3
Паводле сакрэтнага рашэння польскага ўрада ад 8 сакавіка 1920 г., максімальнымі патрабаваннямі былі межы 1772 г., мінімальнымі — «лінія бяспекі»… Яна павінна была прайсці недзе паміж лініяй фронту і мяжой 1772 г. Відавочна, насамрэч палякі падстаў на такія прэтэнзіі не мелі, бо Рэч Паспалітая з'яўлялася канфедэрацыяй ВКЛ і Кароны Польскай, хоць і з дамінаваннем апошняй.
4
De iure (лац.) — юрыдычна, згодна з правам — Polochanin72
5
Status quo (лац.) — (літар.: становішча, у якім...) стан міжнароднага становішча, што склаўся на які-небудзь момант — Polochanin72
6
Была і такая задума. У 1915 г. пасля нямецкай акупацыі заходняй часткі Беларусі дзеячы беларускіх, літоўскіх, польскіх і яўрэйскіх палітычных арганізацый стварылі нават Канфедэрацыю ВКЛ. Аднак зачын меў як праблемы ўнутранага характару, так і неспрыяльныя ўмовы міжнароднага кантэксту. Таму ідэя згасла, не разгарэўшыся. Ужо на наступны год адзін з прадстаўнікоў ідэі Канфедэрацыі ВКЛ В. Ластоўскі ачольвае «Сувязь незалежнасці і непадзельнасці Беларусі», у праграмных дакументах якой вылучаецца ідэя стварэння незалежнай беларускай дзяржавы, якая ахапіла б усю этнічную тэрыторыю беларусаў.
Паўсталая ў выніку тых працэсаў БНР вымусіла лічыцца з сабою ўсіх суседзяў, якім, аднак, такое суседства не было патрэбным. У першую чаргу гэта датычыцца панскай Польшчы і бальшавіцкай Расіі. Хаця, як лічыць дзеяч БНР Кляўдуш Душ-Душэўскі, і Польшча, і Савецкая Расія фактычна прызналі БНР у 1918 г. Ён прыводзіць пэўныя доказы, што праўда, іх можна лічыць толькі ўскоснымі. Аб прызнанні БНР згадвае і Старшыня польскай дэлегацыі ў сваёй заяве на другім пасяджэнні Галоўнай камісіі мірнай канферэнцыі 4 кастрычніка 1920 г.: «Польская Республика, не ожидая шагов со стороны России, признала независимость Литвы, Украины и Белоруссии». А ў дэкларацыі расійскай дэлегацыі ад 24 лістапада 1920 г. гаварылася аб прызнанні Расіяй незалежнасці Беларусі яшчэ ў 1918 г. Ёсць і юрыдычныя дакументы, якія сведчаць аб прызнанні на прававым узроўні прадстаўнікоў БНР пры ўрадзе РСФСР (такім у якасці генеральнага консула быў Алесь Бурбіс, копія дыпламатычнага пашпарта якога захавалася). Паводле меркавання беларускага гісторыка А. Грыцкевіча, «бальшавікі ў Маскве вымушаны былі лічыцца з трэцяй Устаўной граматай да народаў Беларусі. У лістападзе 1918 г. урад Леніна нават спрабаваў дамовіцца з тагачасным урадам БНР на чале з Антонам Луцкевічам, але потым спыніў перамовы». Дый Варшава мела дыпламатычныя стасункі з прадстаўнікамі БНР менавіта ў такой іх якасці. Прэзідэнт Рады БНР П. Крачэўскі прыводзіць дакументы з цытатамі аб прызнанні ў 1918 г. незалежнасці Беларусі і Польскай Рэспублікай, і РСФСР. Паводле А. Ціхамірава, урад Украінскай Народнай Рэспублікі прызнаваў Беларусь дэ-факта, але адмовіўся прызнаць яе дэ-юрэ, спасылаючыся на ўмовы Брэст-Літоўскага мірнага дагавора. Гетман Скарападскі, які прыйшоў да ўлады пасля дзяржаўнага перавароту, заняў прыкладна такую ж пазіцыю.
Гэткім чынам, мы маем шэраг фактычных прызнанняў БНР з боку непасрэдных суседзяў, якія — будзем аб'ектыўнымі — у цэлым не былі зацікаўленыя ў падобных прызнаннях, але мусілі на іх пайсці з прычыны эвентуальнага [7] выкарыстання высокай паводле вартасці беларускай карты. Іншая справа, што прызнанні тыя былі вельмі асцярожнымі, амбівалентнымі [8] ці нават латэнтнымі [9] . І гэта зразумела. Міжнародна-палітычная кан'юнктура не дазваляла выяўляць канкрэтнасць — таго ці іншага парадку — бо:
7
Эвентуальны — магчымы пры вызначаных акалічнасцях — Polochanin72
8
Амбівалентнасць (ад лац. ambo — «абодва» і лац. valentia — «сіла») — дваістасць дачынення да чаго-небудзь — Polochanin72
9
Латэнтны — звонку не выяўляльны, утоены — Polochanin72
1) існаванне незалежнай Беларусі не прадугледжвалася — у першую чаргу Савецкай Расіяй ды Польшчай,
2) канкрэтнасць, акрэсленасць пазіцыі па гэтай праблеме замінала б гнуткасці яе выкарыстання на дыпламатычна-прававым полі.
Год 1918-ы не стаў для беларусаў часам аднаўлення дзяржаўнасці. У адрозненне ад заходняга суседа (і Літвы), не хапіла ўнутранага патэнцыялу і знешняй падтрымкі каб забяспечыць БНР, абвешчанай 9 сакавіка з дэклараваннем незалежнасці 25 сакавіка 1918 г., жыццяздольнасцю. (Дарэчы, гэткі акт палякі здзейснілі толькі 11 лістапада таго ж года.) Сілы беларускага адраджэння на той гістарычны момант не маглі супрацьстаяць неспрыяльнаму ім міжнароднаму развіццю падзей па аб'ектыўных прычынах: разгром бальшавікамі ў канцы 1917 г. Усебеларускага Кангрэса / З'езда (хоць ён стаяў на савецкіх пазіцыях саюза з федэратыўнай Расіяй з мэтай фарміравання самастойнага беларускага кіраўніцтва на Беларусі) стварыў сітуацыю, у якой нацыянальныя сілы Літвы і Украіны апынуліся ў больш авантажным [10] становішчы, што прымусіла звярнуць увагу ваюючых бакоў на праблему самавызначэння гэтых усходнееўрапейскіх народаў.
10
Авантажны (фр. avantageux - прыбытковы) — выгадны, спрыяльны, які валодае прывабным, самавітым выглядам — Polochanin72
Арыентацыя Усебеларускага Кангрэса патрабуе асобнай увагі. Паводле сваёй рэзалюцыі, Кангрэс імкнуўся да «отстаивания цельности, неделимости Белоруссии и неотторжения ее от Российской Федеративной республики и всех остальных принципов демократического мира, провозглашенного Советом рабочих, солдатских и крестьянских депутатов». Больш таго, сведчанне размовы старшыні Кангрэса з камісарам па нацыянальных справах І. Сталіным даўно апублікаванае. У ім адказ Петраграда быў наступным: «Никакого насильственного удержания народов в рамках какого бы то ни было государства… («Декларация советской делегации на первом пленарном заседании Мирной конференции в Брест-Литовске» от 9 декабря 1917 г. — А. Т.) (дэкларацыя — А. Т.) народу обеспечивает права свободного самоопределения путем референдума. <…> По вопросу о Белоруссии могу сказать то же самое, что и обо всех прочих народах России, т. е. полное самоопределение вплоть до отделения». Здавалася б, гэтыя словы можна расцэньваць як дазвол на дзяржаўніцкую самадзейнасць, тым больш у звязе з федэралізмам Савецкай Расіі. Але праз колькі месяцаў чарговае выказванне І. Сталіна ўдакладняе вышэйсказанае: «Принцип на самоопределение должен быть средством борьбы за социализм». Гэтым самым давалася метадалагічная ўстаноўка адносна нацыянальнай палітыкі, у тым ліку і перадусім стасоўна беларускага народа. Інакш кажучы, нацыянальнай палітыцы адводзілася роля сродку, але не мэты. Тут да месца успомніць, што, паводле марксізму, сродкі апраўдваюць мэту. Таму калі насамрэч запахла беларускім сепаратызмам, хай сабе і з савецка-сацыялістычным «духам», яго адразу памкнуліся задушыць у зародку. Згодна пражэктаў У. Леніна, паводле накідаў пачатку студзеня 1918 г., планаваўся выхад Расіі з вайны, каб:
1) тым самым узмацніць Германію супраць саюзнікаў: «пусть они истощаются (пока не взорвет революция и у них)»
2) «сначала додушить русскую буржуазию и переорганизовать социалистически Россию, затем начинать революционную войну, ни на минуту не прекращая подготовки к ней».
Каб не рызыкаваць лёсам сацыялістычнай рэвалюцыі, У. Ленін быў гатоў згубіць Польшчу, Літву і іншыя тэрыторыі (без сумневу, у той шэраг уваходзіла і Беларусь) на карысць Германіі. «Это — вернее путь к международной социалистической революции». Ніякай самастойнасці Беларусі ў святле тых пражэктаў не прадбачылася.
Разгон Усебеларускага Кангрэса прытармазіў палітычнае станаўленне беларускай нацыі, а неспрыяльныя для нас міжнародныя падзеі ва Усходняй Еўропе прывялі да таго, што пытанне пра беларускую дзяржаўнасць, як і яе юрыдычнае кшталтаванне 9 і 25 сакавіка 1918 г., атрымала працяг пазней, чым у паўночнага і паўднёвага суседзяў. Аднак гэтай прыпозненасці было дастаткова, каб яно апынулася лішнім для ўсіх, акрамя саміх беларускіх адраджэнцаў, паколькі за гэты час быў заключаны шэраг міжнародных дагавораў, якія не прадугледжвалі самастойнасці Беларусі (што нават прывяло да правядзення па Заходняй Беларусі літоўска-ўкраінскай мяжы, праўда, толькі на мапе). Зразумела, для Беларусі самы значны сярод іх быў Брэсцкі мірны дагавор.