Вход/Регистрация
На вішнёвай вуліцы
вернуться

Навуменка Іван

Шрифт:

— Сяргей!—працяжна прамовіла Жэня.— Як ты да нас трапіў?

Хлопец не ведаў, што адказаць. Ён толькі глядзеў на яе твар, на яе стройную постаць, слухаў яе пяшчотны, пералівісты голас.

Яны селі на лавачку. Над лавачкай, як i там, у Бацькавічах, была вішнёвая навісь, з неба пазіралі на зямлю тысячы зорак, недзе, аж пад самым лесам, званілі начэпленымі на шыі званкамі коні. Сяргей нешта расказваў, і яму было добра і лёгка на душы. На другім канцы вуліцы раптам зайграў гармонік, і дзяўчына ўстрапянулася, нібы спалоханая птушка.

— У нас вечарынка сёння,Сяргей,—паведаміла яна.—Сумна ў нас, паліцэйскім самагонку носім, каб дазволілі патанцаваць...

— Я цябе нікуды не пушчу, Жэня,—хлопец лёгка прытуліў дзяўчыну да сябе.

Яна не супраціўлялася і, абняўшыся, яны прасядзелі, можа, большую палавіну гэтай ночы. Побач была Жэня, i Сяргею цяпер усё ўяўлялася лёгкім, ясным i нястрашным. У палове ночы ў небе пачулася ледзь улоўнае роўнае гудзенне самалёта. Самалёт ішоў, здаецца, пад самымі зоркамі, яго агнёў не было відаць.

— Наш самалёт,—сказаў Сяргей з радасцю ў голасе.—У нямецкіх зусім другі гул матора...

— Мяне дома чакаюць, Сяргей,—падхапілася Жэня.—А дзе-ж ты будзеш начаваць?

— У вас на сене,—сказаў Сяргей.—Ты мне чым-небудзь накрыцца вынесеш...

Яна вынесла яму кубак малака, і ён спаў, накрыўшыся жэніным старым паліто...

Жэня пасля гэтага спаткання стала яшчэ больш блізкай i роднай. У сяргеевай душы было такое адчуванне, што ён ведае яе даўно-даўно. Яна сказала, што прыдзе ў Бацькавічы, i Сяргей чакаў гэтай сустрэчы.

Справы групы пайшлі лепш. Сяргей пасля спаткання з Жэняй хадзіў на сувязь з партызанамі, гэтая сувязь цяпер стала больш трывалай... А на фронце нашы адступалі. Баі ця­пер ішлі недзе аж за Донам. Нямецкім зводкам верыць не хацелася, i сяргеевы сябры падаліся аж у суседні раён, дзе надзейны чалавек меўся дастаць лямпы для радыёпрыёмніка. Сяргей застаўся адзін. Яму было трывожна i маркотна.

У той дзень, калі прыйшла Жэня, на бацькавіцкіх парканах паявіліся афішы, у якіх паведамлялася, што ў мясцовым клубе выступяць артысты. Артысты мусілі прыехаць з горада, каб за нямецкія грошы рабіць прадстаўленне, i таму Сяргей ужо загадзя думаў пра ix зняважліва. Ён наважыў у клуб не ісці. Нічога добрага там не магло быць, паколькі гэтае прадстаўленне дазволілі немцы.

Сяргей сустрэў сваю дзяўчыну гэтак-жа, як летась — на тым-жа дашчаным тратуары, у такім-жа, як i тады, акружэнні дзяўчат. Яна адыйшлася ўбок i прапанавала Сяргею схадзіць на вішнёвую вуліцу. Яна сказала «на нашую вуліцу», i хлопец адчуў, як нейкая вялікая, гарачая хваля напоўніла ўсю яго душу, паглынула ўсе іншыя жаданні, апрача жадання быць побач з ёй, глядзець ёй у твар, адчуваць дотык яе лёгкай рукі. Ён хацеў бачыць сваю дзяўчыну толькі такой, як у тыя папярэднія два спатканні. I вось яна ідзе побач з ім—ціхая, задуменная, блізкая. Яна стала яшчэ прыгажэйшай, яго дзяўчына...

Яны селі на тую лавачку, i Сяргей забыў пра ўсё на свеце. Не было цяпер ні вайны, ні немцаў у Бацькавічах, ні спаленай майстэрні, ні сяброў, якія недзе вандравалі. Была адна толькі Жэня, якая даверліва прытулілася да сяргеевага пляча, якая таксама ніколі не за­бывала яго. Вішнёвая вуліца жыла сваімі прывабнымі вячэрнімі шорахамі, і гэтыя шорахі гучалі, як неразгаданая цудоўная музыка жыцця.

Раптам крокаў за поўсотню ад лавачкі бліснулі агеньчыкі кішэнных ліхтарыкаў, і Сяргей зразумеў—ідзе нямецкі патруль. У тую-ж хвіліну дзяўчына схапіла яго за руку і амаль сілком пацягнула ў чужы, незнаёмы двор. Затаіўшыся за вішнямі, яны чакалі, пакуль пройдзе патруль.

— Прысядзь,—шэптам сказала Жэня.—А то ўбачаць...

Патруль слізгануў ліхтарыкам па вішнях i пайшоў далей.

— Давай будзем сядзець на прызбе,—пра­панавала Жэня. — У двары немцы не ўбачаць. Абрыдзела гэтая вайна. Хутчэй-бы які-небудзь канец.

Сяргей адчуў, як моцна ўкалолі яго гэтыя простыя і даверліва сказаныя словы. А Жэня скардзілася на тое, што немцы нічога не прывозяць, што нельга нават дастаць грабянца, што на нямецкія маркі нічога не купіш...

Сяргей слухаў i, здаецца, не даходзіў да сэнсу ўсяго таго, пра што расказвала дзяўчына. На душы ў яго была нейкая прыкрасць. А Жэ­ня сядзела, блізка прытуліўшыся да хлопца. Яна жадала свайго маленькага шчасця, няхай ўкрадзенага на гэтай прызбе ў пільнага нямецкага патруля. Яна не спытала, як там на фронце. Для яе, мабыць, ён, Сяргей, аднолькавы—спалілі-б ці не спалілі яны з хлопцамі тую нямецкую майстэрню. Можа-б яна сёння сюды i не прыйшла, каб ведала, што ён робіць такія рэчы.

Прывабнасць ночы некуды знікла, хоць по­бач з Сяргеем i сядзела Жэня. Ён адчуваў ся­бе дужэйшым, i ад гэтага яму было проста шкада дзяўчыны.

Сяргей павёў гаворку пра фронт, пра тое, што нашы абавязкова вернуцца. Ён не ўтрымаўся і намякнуў, што хутка і ў Бацькавічах немцам стане не соладка. Жэня не перабіла яго ніводным словам. Толькі мінулагодняя гаворка пачалася з палітыкі i закончылася сло­вам! пра каханне, а цяпер ўсё атрымлівалася якраз наадварот...

Ужо зусім развіднела, i цяпер можна было, не зважаючы на нямецкі патруль, шыбаваць дадому. Сяргей правёў дзяўчыну да яе леташняй кватэры.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: