Вход/Регистрация
Мяжа
вернуться

Федарэнка Андрэй

Шрифт:

У адрозненне ад Фрэйда, які здаровых спрабуе пераканаць, што яны хворыя, Паўлаў зрабіў крок наперад (лепш сказаць, «назад», у падсвядомасць) — ён даказаў, што чалавек і сімвалы прадметаў у ім фармуюцца задоўга да ўзнікнення лібіда.

Усе комплексы дзіця набывае яшчэ ў той страшэнна цёмны, дасюль не вывучаны (і які, хутчэй за ўсё, ніколі не будзе вывучаны) перыяд, калі яно практычна бясполае.

Усё пабудавана на рэфлексах. Рэфлексы закладваюцца, а потым робяцца ўмоўнымі, з вельмі абмежаванай колькасці прадметаў. Што можа бачыць, чуць, успрымаць немаўля? Белую столь. Які-небудзь узор на шпалерах. Матчыну цыцку, руку. Чуць крокі, галасы, шум вады… Вось, бадай, і ўсё. Вось тыя няхітрыя рэчы, якія фармуюць нашую будучую дарослую псіхіку.

Гэтыя рэчы могуць быць здаровымі — калі дзіця радавалася вадзе, крокам, матчыным грудзям — ежы, а могуць быць «хворымі», калі гэта суправаджалася якімі-небудзь адхіленнямі, анамаліямі.

Калі ж у дзіцяці да ўсяго вострая, тонкая, асаблівая псіхіка, «не такая, як ва ўсіх», калі яно, дапусцім, цягнулася да цыцкі, а яе яму не давалі, адштурхоўвалі, у яго можа стварыцца ўмоўны рэфлекс, узнікнуць ілжывая сувязь, што «цыцка — ежа», «маці — жанчына» (пазней гэта, канечне, трансфармуецца яшчэ і ў секс) — забарона, сорам, і ў жанчыне і ў ежы ён будзе бачыць адначасова і неабходнасць, і небяспеку.

25. Тэорыя Зошчанкі

Токар-фрэзероўшчык можа паехаць у адпачынак на курорт, у вёску, на рыбалку, на паляванне, у грыбы — і не думаць пра станкі, і хоць часова разгрузіцца.

Творчы чалавек, у прыватнасці, пісьменнік, не адпачывае ніколі і нідзе — ні ў адпачынку, ні на прыродзе, ні ў час выпіўкі, ні нават у сне. Гэта асаблівасць псіхікі.

Выдатны пісьменнік-псіхолаг Міхаіл Зошчанка ўслед за Лабразо і пры дапамозе метада Паўлава паспрабаваў зірнуць на феномен творчасці не з лірычна-рамантычна-туманных вышынь, а з пункту погляду медыцыны.

Тое, што называецца ўзвышаным і прыгожым словам — «натхненне», Зошчанка пачаў разглядаць як усяго толькі фізічны, фізіялагічны працэс, стан крайняга ўзбуджэння нервовай сістэмы, калі мозг працуе на мяжы магчымага і за кошт іншых органаў.

«Натхненне… гэта асаблівая, але не зусім правільная праца ўсяго арганізма. Лепш сказаць, зусім няправільная. Гэта т. зв. сублімацыя».

«Узнёслую скруху, пашанотную хандру, прывабны смутак, чароўную маркоту, ганарлівую пагарду да людзей, высакароднае самагубства і раннюю паэтычную смерць навука, на жаль, раглядвае крыху іначай, чым літаратура».

«І ведаць усё гэта пісьменніку проста неабходна, як неабходна мастаку ведаць анатомію. Канечне, мастак можа маляваць і без ведання анатоміі. Можна маляваць, як пячорныя жыхары — профіль з двума вачыма. Што, дарэчы, нярэдка назіраецца і ў літаратуры».

І так, творчасць, «натхненне» — усяго толькі разнавіднасць неўрозу. Гучыць не зусім прыгожа, але калі прыцісне, яшчэ не тое прыдумаеш.

Разумеючы, наколькі гэты творчы неўроз небяспечны, наколькі хісткае балансаванне на мяжы паміж рэальнасцю і вар’яцтвам, Зошчанка прыдумаў сістэму кантролю пісьменніка над сабой, над сваім мозгам і сваімі пачуццямі. Калі ўжо гэты неўроз нельга вылечыць, дык як мінімум трэба яго не запускаць, бо наступствы могуць быць вельмі і вельмі сумнымі (гл. пачатак рамана). Яшчэ лепш — паспрабаваць паставіць яго на службу сабе («любімаму»); з паршывай авечкі хоць поўсці касмыль.

Мэта простая: як бы найдаўжэй пражыць фізічна, каб пры тым пісаць выдатныя рэчы і адначасова не звар’яцець ад перагрузкі? «Я не ацэньваю чалавека па даўжыні яго жыцця, — разам з тым вельмі слушна заўважае пісьменнік. — Іншае кароткае жыццё больш каштоўнае, чым стагоддзе. Але лічу, што калі падоўжыць цудоўнае кароткае жыццё, дык якасць яго не пагоршыцца».

* * *

…Тут і далей, паўторымся, маюцца на ўвазе творчыя людзі — пісьменнікі, для якіх не існуе ні дня ні ночы, ні выхадных ні прахадных, якія, як праклятыя, носяць паўсюль сябе саміх, якім аднолькава, што ў Дзвінску, што ў Мінску, што на французскім востраве Іф (Іў), што ў беларускім мястэчку Іўі, якія не маюць забыцця ні ў ложку з каханай жанчынай, ні на сяброўскіх пагулянках, ні на самотнай прыродзе, ні каля вакна раддома, з якога паказваюць несімпатычны камячок з зморшчана-спечанай мордачкай — іх першынца, ні каля труны бацькі ці маці перад пахнучай сырой зямлёю магілай…

Нідзе і ніколі.

Пісьменнікі, для якіх літаратура — хобі, якія пачынаюць «тварыць» пасля выхаду на пенсію, якія ўмеюць пісаць у працоўны час у працоўных кабінетах, якія атрымліваюць задавальненне ад самога працэсу пісання і «балдзеюць» ад уласных тэкстаў, якія хоць раз у жыцці ўжылі словы: «Я б напісаў, ды цяпер няма часу», — такія могуць адпачываць; іх я адпускаю. Гэтае эсэ не пра іх і не для іх.

26. «Хворыя прадметы»

Вандруючы ў памяці ад сёння да пачатку, усё далей і глыбей, Зошчанка дагробся да наступнага выпадку ў сваёй біяграфіі.

Аднойчы маці карміла яго, зусім маленькага, цыцкай. У гэты момант бліснула маланка, улупіла ў двор дачы. Забіла карову. Загарэўся хлеў. Жахлівы гром супаў з працэсам кармлення. На хвіліну маці страціла прытомнасць і выпусціла немаўля з рук. Яно ўпала на край ложка, скацілася ў балею з вадою, пашкодзіла руку…

Маленькі мозг няправільна злучыў гэтыя факты, паблытаў прычыны з вынікамі. Такія страшныя катаклізмы, — зафіксавалася ў маленькім мозгу, — маглі адбыцца ад таго, што вусны дакрануліся да цыцкі. І вось пакаранне: за ежу, за цыцку, за жанчыну — пякельны ўдар грому, падзенне, вада, зламаная рука, нерухомае цела маці!..

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 46
  • 47
  • 48
  • 49
  • 50
  • 51
  • 52
  • 53
  • 54
  • 55
  • 56
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: