Шрифт:
В. Б.: Так ім здавалася. Мы бачылі, як іх вядуць ранкам з застаў у камендатуру, і яны пасміхаліся. А пасля, як ужо мы ішлі са школы, іх на аўтамашынах везлі далей, і рукі іх былі закладзены назад ці, можа, звязаныя, яны не пасміхаліся. Аднойчы на мяжы нехта забіў пагранічніка, і яго хавалі ўсім раёнам на кірмашовай плошчы ў Кублічах. (Як цяпер разумею, забілі таго не абавязкова палякі ці парушальнікі, а зусім магчыма пасля разгрому кампартыі і камсамола свае ў мэтах прафілактыкі, як гэта яны здаўна рабілі ў нас.) Усё тое афарбоўвала маё дзяцінства ў часам ненатуральныя, звыродлівыя колеры. Асабліва, калі мець на ўвазе некаторыя наступныя падзеі… Школа ў вёсцы арганізавалася на мяжы 30-х гадоў, гэта была пачатковая школка ў сялянскай хаце.
Хата тая і дасюль стаіць, пасля вайны ў ёй жыў мой брат Мікола. А тады гаспадары проста перасяліліся ў трысцен, а большы пакой аддалі пад школу. Там паставілі два даўгія сталы і сабралі чалавек пятнаццаць…
А. А.: Падшыванцаў?
В. Б.: Ну, якія падшыванцы, драбната. Настаўнікам быў Антон Васільевіч Аўласенка з вёскі Дарошкавічы. (Дарэчы, ягоная дачка жыве ў Менску, замужам за старэйшым Машэравым.) Я ўжо казаў, што ўсе мае сябры былі старэйшыя за мяне і пайшлі ў школу раней, а мне толькі шэсць год. Сяджу адзін дома. А ў школе штось адбываецца цікавае, і я таксама хачу туды. Тады аднойчы бацька ўзяў мяне за руку і павёў да настаўніка. Пагаварыў там з ім, і Антон Васільевіч кажа: хай ходзіць. Даў мне сшытак, пяро, а Валодзя Галавач, якога я ўжо згадваў, павёў на замерзлае балота, акуратна зрэзаў ножыкам чарацінку, уставіў туды пяро…
А. А.: Зрабіў ручку.
В. Б.: Так. І пачаў я вучыцца. Відаць, да гэтага часу, а можа, трошкі раней і адносіцца маё знаёмства з мастацкай літаратурай.
А. А.: Пачакай, ты згадваеш Валодзю Галавача, але ты пра яго не гаварыў да гэтага.
В. Б.: Ён мяне на возера вадзіў.
А. А.: А, гэта той хлопец…
В. Б.: Той самы. Дарэчы, цяпер ён жыве ў суседніх Селішчах. (Памёр у 1999 г.) Пачаў я тады вучыцца. Яшчэ чытаць не умеў, і першы мастацкі твор мне прачытаў бацька. Гэта быў знакаміты «Гой» Міхася Лынькова — і плакала Рыва… А ў школе… Прынёс неяк настаўнік некалькі кніжак дзіцячых, пачаў раздаваць для чытання — на табе, на табе… Мне дасталася тоненькая кніжачка, казка «Царэўна-лягушка», а Валодзю — «Канёк-гарбунок». Гэта была мая першая школьная крыўда — не хацеў я чытаць пра «лягушку» — хацеў пра каня-гарбунка, абдзяліў лёс на першым этапе. У другі клас пайшоў ужо ў другую вёску — у Двор Слабодку, гэта трошкі далей, але школа там была лепшая, у былой панскай сядзібе. Пад школу адвялі палову панскага дома з верандай, кафельнымі грубкамі і вялікімі вокнамі. Вучыў нас, малых, малады настаўнік Сцяпан Рыгоравіч Троцкі, а таксама ягоны калега Крацёнак. Першы цяпер на пенсіі, доўга працаваў у Браславе. Быў вясёлы, нязлы, мы яго любілі. Ён вучыў, здаецца, адну зіму. Пасля прыйшоў другі — Сяргей Сцяпанавіч Новікаў, паходжаннем з нашае вёскі. Гэта ўжо быў супрацьлегласць ранейшаму, даволі строгі чалавек, парцеец, ён арганізоўваў калгасы ў нашай акрузе і загінуў у партызанах, у час знакамітага іх разгрому, названага пасля «прарывам». У яго была свая, партыйная сістэма навучання, вельмі ён напіраў не на мову ці арыфметыку, а на грамадазнаўства, ну, на гісторыю таксама. У пакоі, дзе мы вучыліся, было два класы — два рады партаў. Калі ў адным класе вусны ўрок, дык у іншым пісьмовы, значыць, самастойны. Ды бывала так, што я свае задачы хуценька парашаю і сяджу слухаю, пра што ідзе гаворка ў старэйшым класе. Неяк так сталася, што некалькі разоў, калі там ніхто не можа адказаць на нейкае пытанне настаўніка (памятаю, нешта пра Парыжскую камуну), дык я паднімаю руку, і Сяргей Сцяпанавіч мяне выклікае, а пасля сарамаціць старэйшых за тое, што яны не ведаюць. Вось так я паактыўнічаў пару разоў, і настаўнік кажа: няма чаго там табе сядзець, перабірайся сюды. Так сярод зімы ён перавёў мяне ў чацвёрты клас…
А. А.: А хіба так можна было рабіць без райана?
В. Б.: Мабыць, можна, калі ён так зрабіў. Хаця тое мне не пайшло на карысць. Бо скончыў я чатыры класы ў дзесяць год, што далей? Сярэдняя школа ў Кублічах, за тры кіламетры, дык бацька і кажа: «Куды табе, малому, далёка хадзіць? Хадзі ў Слабодку».
А. А.: Ты малога росту быў?
В. Б.: Малога, канешне. Зноў жа — абутак, адзенне… І пайшоў я зноў у чацвёрты клас, абы вучыцца. Значыць, у трэці клас я хадзіў паўгода, а ў чацвёрты два гады. Пасля пайшоў у Кублічы, дзе была сярэдняя школа і куды хадзілі хлопцы і дзяўчаты з усяе акругі. У Кублічах, як у кожным беларускім мястэчку, тады было шмат яўрэйскіх дзяцей, з якімі мы разам і вучыліся, і сябравалі. У нашым класе палова вучняў былі яўрэйскія рабяты. Я сябраваў з братамі Свярдловымі — Мэерам і Лейбам. Мэер быў старэйшы, ішоў на два класы наперадзе, а з Лейбам мы хадзілі ў адзін клас. Загінуў мой Лейба-Лёва ў 41 годзе, расстраляны разам з усімі кубліцкімі яўрэямі ў Вушачы, а Мэер жыве ў Маскве, працаваў на нейкай паштовай скрынцы. Неяк прыязджаў у Менск, і мы разам ездзілі ў мястэчка нашага маленства, дзе не засталося і следу ад хаты Свярдловых. Ды і наогул мала што засталося ад Кубліч — усё пабамбілі, папалілі, панішчылі ў вайну… А колісь гэта было слаўнае старажытнае мястэчка, пазначанае на картах з XVI стагоддзя, з праваслаўнай царквой (былой уніяцкай), у якой мяне хрысцілі і дзе я пазнаў першае прычасце. Была таксама сінагога, школа і нават пажарная побач з царквой, аптэка, кузня. Галоўнае месца, аднак, ля кірмашовай плошчы займаў чырвоны цагляны будынак межавой камендатуры. Спярша ён проста прымыкаў да плошчы, а пасля яго абнеслі высокім дашчатым заборам з колам на рагу — у выглядзе турэлі, на якой мясціўся ручны кулямёт. У 30-я гады пабудавалі новую, неблагую школу, але садралі крыжы з царкоўных купалоў, каб тыя нельга было згледзець з-за мяжы, бо ж — арыенціры для «міравой буржуазіі», якая толькі і марыць, каб разбурыць Кублічы. Але бурыць іх пачалі самі. Усё царкоўнае майно сканфіскавалі або проста расцягалі ваяўнічыя атэісты, якімі абавязаны былі быць усе піянеры, камсамольцы, бальшавікі, настаўнікі і актывісты. І мы, піянеры-актывісты, цягалі з царквы і дралі старажытныя фаліянты, клеілі з царкоўных рукапісных пергаментаў ветраных змеяў, якія запускалі ў ветраныя дні. З царкоўных жа рызаў раённы быткамбінат пашыў цюбецейкі, у якіх шмат год хадзілі ўлетку нашыя хлопцы. У першы год вайны ўсё яўрэйскае насельніцтва акупанты выгналі ў Вушачу і расстралялі ля могілак. Перад вызваленнем Кублічы былі ўшчэнт разбамбаваны і спалены, цяпер гэта захудалая вёска з некалькімі сілікатнымі будынінамі.
А за лесам (параснікамі) знаходзілася яшчэ адно мястэчка Селішчы, то ўжо быў каталіцкі цэнтр рэгіёна з вялікім касцёлам, кляштарам, крытым бліскучай белай бляхай, якая была відаць аж з нашага поля. Там былі каталіцкія могілкі з дужа файнымі мармуровымі помнікамі і надпісамі лацінкай. А ў сярэдзіне могілак між хвояў высілася белая мармуровая скульптура ангела-дзяўчыны — вядома ж, на магіле памерлай. Мы дужа баяліся таго помніка, не ведаю чаму. Цяпер Селішчы — таксама захудалая вёска з пабураным касцёлам і бязладнымі могілкамі.
Кублічы да вайны былі сельсавецкім цэнтрам, а Вушача раённым. У маім тагачасным уяўленні то была ўжо горадам, далёкім і нават зманлівым — з клубам, сталоўкамі і нават кнігарняй. У кнігарні вісела знакамітая карціна Зайцава (рэпрадукцыя, вядома) — «Чапаеў на кані» — у бурцы, з апушчанай бліскучай шабляй. Захаплялі натуральна выпісанае неба (тады яшчэ гэтак умелі) з прыгожымі аблокамі, і я, часам бываючы ў Вушачы, заўсёды заходзіў у кнігарню палюбавацца на Чапаева.
Але Кублічы… Як я ўжо сказаў, тут была новая, драўляная школа са светлымі класамі, фізкультурнай пляцоўкай побач.
І канешне, з новымі настаўнікамі. Рускую мову і літаратуру выкладала Клаўдзя Якаўлеўна Пашута, маладзенькая дзяўчына, толькі што з Полацкага педтэхнікума. Мы любілі яе проста за маладосць, хоць і настаўніца яна была неблагая. І ўсё ж беларускім дзецям руская мова давалася няпроста, асабліва дыктанты, усялякія сачыненні. Я ж пад той час дужа захапляўся кніжкамі, абы-якімі — рускімі ці беларускімі, — таму і руская мова ў мяне ішла без асаблівых праблемаў.
А. А.: Што чытаў?