Вход/Регистрация
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Што з вамі? — запытаў Валошын. — Сур’ёзна параніла?

— Ды во, у нагу, — варухнуў лейтэнант забінтаванай, без бота нагой. — Так што зноў вам камандаваць.

«Куды як зайздросна, — падумаў Валошын, — прыняць гэта камандаванне ў такі здатны час». Батальён рассечаны на некалькі частак, адна з якіх залегла пад вышынёй, другая сунулася ў гэтую пастку, упраўлення ніякага, камбат паранены і цяпер перадае камандаванне. Але што ж… Так ці інакш ён тут старшы па званню, прыйдзецца, відаць, брацца за справу.

— Нашто было бегчы наперадзе ўсіх? Што і каму вы даказалі гэтым? Цяпер вы разумееце становішча батальёна?

— Я ўжо адразумеўся, — са змрочным спакоем сказаў Маркін. — Я ранены.

— А да ранення вы не маглі падумаць аб тым?

— А што думаць? Загадаюць — палезеш, куды і шыла не лезе.

— Да-а, — уздыхнуў Валошын і, ціха вылаяўшыся, стомлена апусціўся каля ўвахода.

Ішла вайна, гінулі сотні тысяч людзей, паасобнае чалавечае жыццё, здавалася, страціла звычайны свой кошт і вызначалася толькі мерай шкоды, якую яно наносіла ворагу. I тым не менш, будучы сам салдат і сам кожную хвіліну рызыкуючы галавой, Валошын не мог не адчуваць, што ўсё ж самае каштоўнае на вайне — жыццё чалавека. I чым больш у чалавеку сапраўды чалавечага, тым важней для яго сваё ўласнае жыццё і жыцці блізкіх яму людзей. I ў той жа час якім бы ні было дарагім жыццё, ёсць рэчы даражэйшыя за яго, нават не рэчы, а паняцці, пераступіўшы, аднак, цераз якія, жыццё разам губляла сэнс, рабілася прадметам ганьбы, а можа, і каменем для сябе самога. Праўда, да Маркіна гэта апошняе, мабыць, не датычылася.

Паклаўшы на калені рукі, Валошын хвіліну пасядзеў у спакоі, пакуль не адчуў, як запякло ў правай кісці — па пальцах на бот жыва скацілася некалькі цёплых кропляў. Ён памацаў кісць левай рукой і ўбачыў на пальцах кроў. Што за халера, падумаў капітан, які нават не заўважыў, калі гэта яго параніла. Але так, параніла, і трэба было перавязацца, каб спыніць кроў — кроў яму яшчэ будзе патрэбна.

— У каго ёсць бінт? — запытаўся ён, ссоўваючы рукаў шыняля.

— Во ў яго, — пачулася за ягонай спіной, і Валошын аж скалануўся.

3 паўзмрочнага кутка бліндажа на яго пакутна глядзелі знаемыя вочы радавога Аўдзюшкіна, і Валошына пранізала спалохам, калі ён успомніў, што Аўдзюшкін быў ва ўзводзе Нагорнага.

— Аўдзюшкін, ты?

— Я, таварыш камбат.

— Ты што, паранены?

— Раніты, таварыш камбат. Во ногі ў мэнэ прастрэленыя.

— А Нагорны?

— Нагорны вбіты. Ёго гранатай вбіла. Тут, у траншэйцы.

— Раніцай?

— Ранкам, ну, — з натугай, стрымліваючы стогн, казаў Аўдзюшкін. — Як мы сунуліся, ну ён і навалівся. Всех пэрэбілы. Тількы я остався. I то во фрыц гэты спас. Пэрэвязав ногі.

— Які фрыц?

— Во цэй, — кіўнуў галавой Аўдзюшкін, і Валошын убачыў у змроку бліндажа яшчэ адзін белы твар у насунутай на лоб казыркатай шапцы, — немец ціха сядзеў у кутку за Аўдзюшкіным. — Тэж ранітый.

— Прыстрэліць трэба, — сказаў ад дзвярэй мурзаты баец з аўтаматам. — Яшчэ яго не хапала…

— Ні, нэ дам, — пераканана сказаў Аўдзюшкін. — Він мэнэ спас, цэ харошы фрыц. А то я б крывёй сплыў у гэтым бліндажы. Ану, фрыц, дай камбату бінтэц.

Фрыц сапраўды нешта, відаць, зразумеў з іх гутаркі і, памацаўшы ў кішэні шыняля, дастаў свежы скрутак бінта, які Аўдзюшкін перадаў Валошыну.

Валошын левай рукой пачаў абматваць кісць правай. Рана ўвогуле была лёгкая, куля слізганула па мякаці, ён нават не заўважыў калі. Аднак крывёй агідна заліло рукаў, які цяпер невядома дзе было вымыць. Завязваючы канцы бінта, ён прыслухаўся да выбухаў на схіле і з недаўменнем заўважыў, што ў траншэі ўсё пакуль сціхла. Пасля таго, што адбылося за гэтую раніцу, яго ўжо не так, як раней, дапякаў выпадак з Нагорным, хаця ён па-ранейшаму адчуваў сябе вінаватым у адносінах да сяржанта і ягоных байцоў. Але пад гэты час у яго адчуваннях столькі перамяшалася, наслаілася адно на адно, што аб Нагорным ён проста перастаў думаць. Ён з сумам і шкадаваннем падумаў пра Іванова, без усякай дапамогі пакінутага ім у варонцы, дзе той, магчыма, і сканаў. Заўжды Валошын у першую чаргу клапаціўся аб раненых, імкнуўся ў час эвакуіраваць іх з-пад агню, а вось свайго лепшага сябра ўратаваць не здолеў. Не мог. А тут што ж? Тут усё ж давядзецца ўступіць у камандаванне не батальёнам, вядома, да якога адсюль яму не дапяцца, а гэтаю маленечкай групай, каб неяк пратрымацца да вечара. Увечары, магчыма, да іх і праб’юцца. Магчыма, дапаможа камандзір палка. Але яму не падабалася гэтая нечаканая гісторыя з Аўдзюшкіным і яго выратоўцам-немцам, з якім цяпер немаведама што рабіць. Можа, лепш, каб Аўдзюшкін маўчаў пра сваю перавязку, так было б прасцей. Дык не, раззваніў перад усімі, цяпер разбірайся…

— Так, — сказаў ён, перавязаўшы руку. — Трэба адбіваць траншэю. Інакш яны нас выб’юць адсюль.

— 3 кім адбіваць? — змрочна сказаў Маркін.

— 3 кім ёсць. Трэба сабраць усе гранаты. Можа, нямецкія гранаты засталіся?

— Нямецкіх тут поўна, — заварушыўся ў куце паранены. — Во, цэлая скрынка.

— Ану, давайце яе сюды.

Валошын вылез у траншэю — зверху на схілах усё калаціліся выбухі і сцябалі зверху ўніз кулямёты, не даючы ротам падняцца. Ротам трэба было тэрмінова дапамагчы адсюль, каб тыя пасля маглі памагчы ім. Толькі з’яднаўшы ўсе намаганні, яны маглі ўратаваць сябе і чагось дабіцца. Раз’яднанасць была раўназначна пагібелі.

Байцы ўжо перакапалі траншэю, зрабіўшы ў ёй невысокую, да пояса, перагародку, і Валошын скамандаваў:

— Стоп, болей не трэба. Усім запасціся гранатамі. Вунь у бліндажы гранаты.

Позіркам ён падлічыў байцоў. Ля перагародкі іх засталося шасцёра, двух ён адправіў за кулямётам, якога ўсё не было, плюс двое іх, камандзіраў; параненыя ў бліндажы, вядома, ім не памочнікі. Але і без раненых іх назбіралася болей дзесятка. Калі скарыстаць гэтую незразумелую паўзу і з дапамогай гранат ударыць уздоўж па траншэі, можа б, і ўдалося прабіцца да вяршыні, каб заткнуць горла таму буйнакалібернаму кулямёту, які сарваў усю справу. Тады магчыма, паднялася б сёмая з рэштаю восьмай.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 163
  • 164
  • 165
  • 166
  • 167
  • 168
  • 169
  • 170
  • 171
  • 172
  • 173
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: