Вход/Регистрация
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Зараз ты нешта пабачыш. Зараз, зараз…

Праз якую хвіліну ён адолеў самае крутое месца і хоць абадраў да крыві руку, але ўзлез на край нешырокай, абнесенай рашоткай тэрасы, ад гладкіх камянёў якой яшчэ ішло прыемнае дзённае цяпло. Побач, закрыўшы палову неба, высілася магутнае старое дрэва і паднімалася стромкая сцяна нейкай будыніны. Вакол было ціха і цёмна, знізу, з-пад вербаў, ледзьве даносіўся ціхі плёск Нёмана, пахла вапнай ад сцен і кропам з недалёкіх, напэўна, гародаў.

— Ну, ты зразумеў? Ты зразумеў, што гэта такое?

— А што?

— Каложа — во што! Дванаццатае стагоддзе, ты зразумеў?

— Цяпер зразумеў. Але каб паглядзець…

— Пабачыш! — проста запэўніла Янінка. — Паспееш. А цяпер ідзі сюды…

Яна зноў матлянулася ў цемру, лёгенька пралезла праз негустую рашотку агароджы, нырнула ў пралом у сцяне, і яе светлая кофтачка зусім знікла ў змроку. Каб не згубІць яе, ён заспяшаўся следам, пакуль не апынуўся на невялікім глухім травяністым двары. Неба тут спрэс закрывалі дрэвы, было цёмна, і ў гэтай цемры ледзьве ўгадвалася шэрая сцяна побач. Прыслухоўваючыся да наваколля, замерла побач Янінка. Але вакол было ціха, бы ў склепе, і яна падкралася да нізенькіх дзвярэй у нішы. Там паклала ў доле туфлі і, пацягнуўшы да сябе дзверы, па-змоўніцку шапнула яму: «Лезь!» Ён ледзь прашчаміўся ў вузкую шчыліну, затым знутры таксама патрымаў дзверы, каб магла пралезці яна. Калі дзяўчына апынулася побач, дзверы самі сабой зачыніліся, і абаіх агарнула такая цемра, што ён зусім перастаў бачыць яе, і, каб не згубіць, лёгенька прытрымліваў яе за плечы. У насцярожанай цішыні ўверсе штось заварушылася, залапатала.

Янінка здрыганулася ў ягоных руках, але тут жа паспяшалася супакоіць яго:

— Не бойся: то галубы.

— Я не баюся, — шэптам адказаў Ігар, хоць яму было і цікава, і страшнавата адначасна.

— Гэта іканастас, гэта аналой. А тут вось…

Нячутна ступаючы ў цемры па каменнай шархоткай падлозе, яна падвяла яго да нейкай сцяны, дзе прымусіла сесці, затаіцца, а сама, прыўстаўшы, крыкнула:

— О-о!

— О-о! О-о! О-о! — адгукнулася ў розных месцах мноствам таямнічых галасоў, ад якіх яму зусім ужо стала страшна.

— О-о-о! — паўтарыла яна мацней.

— О-о-о-о! О-о-о-о!.. — пакацілася кудысьці далей, мабыць, пад нябачныя ў цемры скляпенні прытвораў, і нарэшце заглухла ўгары, напэўна, у званіцы.

— Галаснікі, зразумеў? — ціха шапнула Янінка.

— Якія галаснікі?

— Не ведаеш? Эх ты!.. Ідзі сюды… Во сюды, сюды…

Яна зноў павяла яго ў цемру, трымаючы за руку, як відушчы водзіць сляпога, дзесьці спынілася, лёгенька таўханула ў бок.

— Во, мацай. Ты ж вялікі, напэўна, дастанеш?

Ён пачаў мацаць цагляную сцяну, пакуль не наткнуўся рукамі на нейкія гладкія, адпаліраваныя дзіркі ў ёй, але зразумець нічога не мог, хоць ні пра што не пытаў ужо і не дзівіўся. Ён ужо прывык за сённяшні дзень да такога мноства загадак і ўражаныяў, што, каб разабрацца ў іх, напэўна, патрэбны быў час.

А часу якраз было мала, самая кароткая ноч у годзе хутка імкнулася насустрач дню, і калі яны выбраліся з царквы, над горадам ужо гаслі зоркі, і далёкі сонечны водсвет затрапятаў на ўсходнім ускрайку неба. Янінка таропка, не даючы Ігару апамятацца, гаварыла і гаварыла штосьці аб тым значымым і цікавым, што бачыла, ведала, чым абавязкова хацела падзяліцца з ім. Падхапіўшы ў рукі туфлі, яна ўжо лезла кудысь цераз калючыя зараснікі на абрыве, і ён ледзьве спраўляўся за ёю, ужо не клапоцячыся пра свае выхадныя боты, якім, напэўна, дасталося за гэтую ноч.

— Ідзі, ідзі сюды! Ну што ты такі непаваротлівы! Не бойся, не ўпадзеш. Я падтрымаю…

Яны пералезлі змрочны глыбокі роў і зноў выйшлі на бераг зусім яшчэ соннай, засланай лёгкім туманам ракі. Але Янінка пабегла і яшчэ ніжэй — па голых камянях да вады.

— Ідзі сюды. Пакуль татка спіць, я табе пакажу мой кветнік. Ужо зацвілі мацейкі. Пахнуць на досвітку — страх!

Слізгаючы на скураных падэшвах, ён спусціўся па каменным адхоне ўніз, да лодкі, у якую залезлі абое, і Янінка з адным вяслом у руках пачала разварочваць лодку ўздоўж па цячэнні.

— Так бліжэй будзе. А то па мосце пакуль абыдзеш…

— Якая ты, аднак! — сказаў ён, не стрымаўшы свайго захаплення.

— Якая? Нядобрая, га? Праўда, нядобрая?

— Цудоўная!

— Дзе там цудоўная! Во прачнецца татка, будзе гэтай цудоўнай!

Моцнае цячэнне на сярэдзіне панесла лодку ўніз, але яна неяк выграбла адзіным вяслом да берага, і хутка яны падплылі да нейкага дашчанага плота пад тоўстымі камлямі вербаў.

— Ану, хапайся. А то панясе…

Ён паспеў ухапіцца за слізкі, гнілаваты слупок у вадзе, яна выскачыла на бераг, і яны выцягнулі лодку на траву.

— Раніцай рыбакі адгоняць… А цяпер… Во гэтым завулачкам, а пасля каля саду пярэйдзем бульбу, і там, пад касцёлам на беразе, мой домік. Ты не вельмі стаміўся? — раптам клапатліва запыталася яна, заглядваючы яму ў вочы.

— Не, нічога.

Яны пайшлі ўскраінным, парослым вільготнаю муравой завулкам. Яна ўсё несла ў абедзвюх руках свае туфлі, на хадзе трошкі дакранаючыся да яго плячом, і ён праз тонкую тканіну кофтачкі адчуваў цяпло яе цела, чуў яе блізкае зморанае дыханне, незразумелы пах яе валасоў і думаў, як яму здорава пашанцавала сёння. Ён ужо быў удзячны сваёй нявыхаванасці, якая дазволіла яму той недарэчны жарт у Баранавічах, удзячны гэтаму гораду з яго старажытнасцю і гэтай ночы, такой не падобнай на мноства пражытых ім начэй.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 65
  • 66
  • 67
  • 68
  • 69
  • 70
  • 71
  • 72
  • 73
  • 74
  • 75
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: