Вход/Регистрация
Сэрца на далонi (на белорусском языке)
вернуться

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

– Таварыш старшыня!

– Сямён Парфёнавiч!

– Таварыш Гукан!

Ён спынiўся сярод пакоя, узвышаючыся над самым рослым з наведвальнiкаў. Зняў габардзiнавую кепку, выцер складзенай у чатыры столкi хусцiнкай лоб i шыю. Агледзеў прысутных, жадаючы адгадаць, хто з чым.

– Чакайце. Можаце лiчыць мяне бюракратам, кiм хочаце, але давайце адразу высветлiм нашы ўзаемаадносiны. Заяўляю рашуча: па кватэрных пытаннях не прымаю. У пятнiцу прыёмны дзень, калi ласка, прашу.

– Я два месяцы не магу трапiць да вас!
– злосна крыкнула маладая жанчына ў простай сукенцы з бледным стомленым тварам.

– Магло быць, - спакойна згадзiўся Гукан.
– Справы i выезды двойчы сарвалi мне прыёмны дзень. Прымалi мае намеснiкi.

– А я хачу да вас!

– Нэла, - звярнуўся Гукан да сакратаркi, - была гэтая грамадзянка на прыёмах?

Маленькая чорненькая Нэла заружавелася, нясмела i няўпэўнена адказала:

– Была.

– Запiшыце яе на пятнiцу першай на чаргу.
– I ласкава звярнуўся да жанчыны: - Чакаю вас роўна ў дзевяць.

Жанчына збянтэжылася. Старшыня добра ведаў вось такiх, раззлаваных, якiя iшлi з яўным намерам пакрычаць, пасварыцца, i ўмеў улагодзiць iх цi хаця б збiць ваяўнiчы запал.

Жанчына пераключылася на Нэлу, каб тая не забылася запiсаць яе першай.

– Вы, таварыш маёр, наконт дарогi?
– Твар Гукана ўмiг пасуравеў, вочы зрабiлiся калючымi i глядзелi не на маёра, а мiма, як бы шукалi кагосьцi другога.
– Дарогу мiма школы-iнтэрната закрываем. Вы хочаце, каб дзецi глыталi пыл i газы ад вашых машын? Не будзе! Вам далi праезд, прывядзiце яго ў парадак.

– Мост.

Гукан раздражнёна звярнуўся да ўсiх:

– Мост цераз канаву - казе пераскочыць. Праблема, бачыце! Што ж мне дзяцей паслаць, каб збудавалi вам гэты мост? Пасаромелiся б гаварыць. Такая часць!..

Чалавекi два з наведвальнiкаў засмяялiся.

– Таварыш Гукан!

– Не рабiце сакрэтаў там, дзе iх няма. Увесь горад ведае вашу часць, дзе вы стаiце i кудой вы ездзiце. Усё! Ёсць рашэнне выканкома!

Гукан крута павярнуўся да трэцяга наведвальнiка, iнтэлiгентнага чалавека ў акулярах.

– Вы?

– Я, уласна кажучы, таксама...

– Дамовiлiся. У пятнiцу.

– У вас што?

– Я наконт iнтэрната...

– Да Кушнера. Няхай дае прапановы.

Гукан шукаў вачамi наведвальнiка, у якога магла б быць такая справа, каб усе зразумелi: так, гэта першачаргова i важна, мы можам i пачакаць.

Яго позiрк спынiўся на зусiм маладым чалавеку, амаль юнаку, модна апранутым: светлы касцюм, карычневая сарочка, вузенькi гальштук. Ён стаяў збоку, слухаў размову старшынi гарсавета з наведвальнiкамi, i ў вачах яго, крыху блiзарукiх, прыжмураных, свяцiлася iранiчная ўсмешка.

У такiх, што не лезуць назойлiва наперад, не заглядваюць лiслiва ў вочы i не вельмi нават дамагаюцца прыёму, - у iх бываюць самыя цiкавыя справы.

– А вы, таварыш?
– цераз галовы другiх звярнуўся да яго Гукан.

– Я?
– паказаў на сябе пальцам юнак i як бы здзiвiўся.
– Я хачу прапанаваць новую планiроўку мiкрараёна на Выселках.
– I ён падняў скрутак ватманскай паперы.

– О!
– узрадаваўся Гукан, у сваю чаргу паказаўшы пальцам на хлопца.
– З гэтага мы i пачнем! Бо гэта на сённяшнi дзень самае галоўнае. Прашу вас.

I наведвальнiкi моўчкi i пачцiва расступiлiся, вызвалiўшы старшыню са свайго кола i даючы дарогу да дзвярэй кабiнета маладому архiтэктару.

У прыёмнай было ўжо душна. А ў кабiнеце - цудоўны вiльготны халадок; зачынiш за сабой дзверы i быццам трапляеш у другi свет. Вокны выходзiлi на паўночны бок, на цiхую вулiцу. Гукан кiўнуў на доўгi стол.

– Вось тут рассцiлайце свае чарцяжы. Замест кнопак вось гэта, - ён падняў адзiн з круглых падшыпнiкаў, якiя стосам ляжалi на краi стала.

Пакуль наведвальнiк разгортваў свае праекты, Гукан павесiў у куце на вешалку кепку, заглянуў у настольны каляндар - якiя справы чакаюць сёння? Потым падышоў да адчыненага акна i доўга любаваўся на каштан. З таго часу, калi загарэлiся белыя свечкi квеценi, ён з цiкавасцю сачыў, як завязвалiся, развiвалiся i як цяпер растуць плады каштана, маленькiя, яшчэ зялёныя, з ледзь прыкметнай насечкай. Сямён Парфёнавiч глядзеў на iх па некалькi разоў на дзень. Гэта супакойвала, давала адпачынак нервам. Хораша настройвала.

Але, разглядаючы каштаны, ён раптам адчуў трывогу ў душы. Чаму? Ад чаго?

Нiбы спалохаўшыся, што гэтую трывогу можа пачуць староннi чалавек, старшыня хутка павярнуўся да яго.

– Ну, што ў вас?

– Вось тут...

– Нiчога не тлумачце. Я сам... Я, малады чалавек, зубы з'еў на гэтых планiроўках. Так... Так... Гэта ў вас што?

– Сад для дзяцей. З усiм комплексам...

– Так... Цiкава. Цiкава...

Ён ступiў да другога лiста, да трэцяга. Праект яму спадабаўся. Планiроўка мiкрараёна, архiтэктура яго не былi падобны на ўсё тое, што яму паказвалi дагэтуль. Абком i гарком паставiлi задачу - зрабiць мiкрараён найпрыгажэйшым у горадзе, самым сучасным па архiтэктурным вырашэннi, i некалькi бяскрылых праектаў ужо былi адхiлены. А ў гэтага, здаецца, нешта ёсць. Гукан падышоў да столiка, на якiм стаялi тры тэлефонныя апараты, патэлефанаваў спачатку галоўнаму архiтэктару горада Гамбiцкаму, потым свайму намеснiку Кушнеру, якi займаўся будаўнiцтвам. Папрасiў iх зайсцi. Кладучы слухаўку, спытаў:

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: