Вход/Регистрация
Дэпэш Мод
вернуться

Жадан Сергей

Шрифт:

Заўжды так: хочаш ня хочаш – мусіш змагацца, інакш з гэтага нічога ня выйдзе, або сядзі дома і ня рыпайся, або ўжо давай – спрабуй узяць за яйцы прыкрыя абставіны, а там, калі ўсё атрымаецца, цябе абавязкова чакае джэк-пот, ну, там, ня ведаю, што ў такіх выпадках даюць пераможцам – дысконтная картка, пастаянныя зьніжкі, бясплатны сэкс, карацей – дрыгайся, інакш табе з гэтага гаўна ўсё адно ня выбрацца; Вася з адчаем глядзіць, як паўз яго праплываюць апошнія вакзальныя прыбудовы, зьнікаюць спэкулянткі і кантрабандысты, нават ментаўні нідзе не відаць, у такой сытуацыі ён бы і ёй быў рады, увесь гэты набор знаёмых і родных рэалій зьнікае недзе ў блакітнай далечыні, і ў гэты час бакінскі камісар разьбіраецца са сваімі няхітрымі справамі, згадвае пра закладніка і спрабуе зайсьці ва ўласнае купэ. Але дзьверы не паддаюцца. Гэй, няверны, давай адчыняй, крычыць ён нешта накшталт гэтага. Вагон трывожна чакае. Вася гарачкава круціцца ў вакне і раптам разумее, што захрас. Праваднік наагул нічога не разумее. Ён па звычцы гаворыць па-азэрбайджанску са шчодрымі дадаткамі з братніх славянскі моў, спачатку проста лаецца, потым пужаецца – раптам скаўта хапіў кандрацій, потым нэрвова пачынае заклікаць Васю да парадку і сумленьня, пасажыраў заклікае быць сьведкамі, цягнік ужо недзе ў прыгарадзе, і тут аконная рама, у якой захрас Вася Камуніст, не вытрымлівае і трашчыць, Вася пасьпявае згрупіравацца, выварочваецца ў акне і цалкам прыцэльна, як пацяганы дваровы кацяра, спланоўвае з акна, вецер урываецца ў пустое купэ для адпачынку праваднікоў і весела шпурляе пад столь гральныя карты, упакоўкі з-пад прэзэрватываў і парнаграфічныя ўлёткі, руйнуючы, адным словам, усталяваны побыт працаўніка азэрбайджанскага міністэрства шляхоў спалучэньня. І бясконцы цягнік, напоўнены мяшкамі з вугалем і валізамі з гераінам, весела памахвае хвастом і ўжо пярэднімі вагонамі ўяжджае на тэрыторыю Расіі, адным словам, чувакам не пазайздросьціш.

23.00 – 08.00

Вася нават нічога не ламае, у сэнсе, не ў вагоне нешта, а сабе – нічога не ламае. Проста скочваецца з насыпу, рве правую штаніну, але нават вадзяру – якую ён увесь гэты час сутаргавата прыціскае да сэрца – не выпускае і не разьбівае. Ужо не гаворачы пра розныя там рэбры ,галенастопы і ўсякую такую анатамічную паябень. Устае так, нібы нічога не адбылося, абцярушвае штаніну, выцірае ўспацелыя далоні аб швэдар, каб гарэлка, глядзі, ня высьлізнула, і ідзе шукаць цывілізацыю, ну, але якая там цывілізацыя, калі ты з вагона выпаў, так – ідзеш, куды можаш, уздоўж заводзкіх парканаў, мінаючы колішнюю гордасьць абароннай прамысловасьці і толькі зямля пад падэшвамі чвякае – вязкая і прыставучая, як пажаваны стымарал. Але раптам Вася выходзіць на трамвайныя рэйкі, ну, гэта ўжо добра, думае ён, яшчэ б ведаць, у які мне бок, ён сядае на рэйкі і дастае пляшку. Надпівае і думае пляшку схаваць, але вырашае не сьпяшацца, куды сьпяшацца, думае ён, да раніцы пратрымаюся, а там пабачым, і ён п’е далей і не пераймаецца надта ні гэтай ноччу, ні ўсім сваім няўдалым бізнэсам. Усё нармальна ў прынцыпе, усё нармальна, магло быць нашмат горш, маглі наагул забіць або падвесіць дзе-небудзь у тамбуры, або ў топцы засмажыць, тунгусы сраныя, Вася смачна прыкладаецца да пляшкі, да, думае ён, добра, што вадзяры шмат, усю нават ня вып’ю. Добра, дарэчы, што ня вып’ю, а то дзе яе зараз купіш, думае ён і так і сядзіць – у драных джынсах, што спадаюць бяз паса, у цёмным швэдры і бітых красоўках, на мокрых рэйках, на якіх час ад часу пабліскваюць пранізьлівыя месяцовыя промні.

А першай ночы Васю ледзь не пераехаў дзяжурны трамвай. Кіроўца толькі ў апошні момант бачыць, што на рэйках нешта ёсьць, сабака, думае кіроўца, і вырашае давіць, але ўсё ж пасьпявае заўважыць, што не – не сабака, які сабака, сабакі вадзяру з горла ня глушаць, пасьпявае прытармазіць, выбягае з трамвая і знаходзіць на рэйках п’янага Васю. Ты што – дэбіл? крычыць ён, я ж цябе, бля, ледзь напапалам не разьдзяліў. Прабач, кажа Вася, я ад цягніка адстаў, на, вось, вадзяры, кіроўца бярэ, добра, кажа ён сам сабе, ад стрэсу трошкі можна, і сядае каля Васі. Так яны і сядзяць сабе на рэйках, нават не размаўляючы, сядзяць, маўчаць, не перашкаджаюць адзін аднаму – рэйкі шырокія, месца ўсім хопіць, пачынае накрапваць дробны дождж, ладна, кажа нарэшце кіроўца, паехалі, я цябе магу да парку падкінуць, там неяк дабярэшся, дзякуй, кажа Вася, але квіток купіш, у нас тут кантралёры на лініі, якія кантралёры? дзівіцца Вася – ноч на двары, ага, абражаецца кіроўца, прызвычаіліся без квіткоў езьдзіць, ладна, мне час ехаць, і яны залязаюць у халодны трамвай і едуць у парк, па дарозе сапраўды падсажваецца кантралёрка, падыходзіць да Васі, той хоча заплаціць ёй, лезе ў кішэню, але знаходзіць там толькі тоўсты пачак расійскіх рублёў, вытаргаваных у гуцулаў, і ўсё, і больш нічога, вось, кажа ён кантралёрцы, вазьміце. Што гэта? – пытаецца тая, грошы, – гаворыць Вася, якія гэта грошы? гэта брудныя грошы, – гаворыць Вася, – брудныя. Вазьміце іх, калі ласка. Але кантралёрка раптам кажа: ні фіга – мне гэтыя грошы не патрэбныя, давай нашыя. Ды дзе я іх вазьму? – стомлена адбіваецца Вася. Бяры дзе хочаш, – жорстка гаворыць кантралёрка. Я ад цягніка адстаў, – кажа Вася, але кантралёрка не рэагуе. Ну, хочаце, я вам вадзяры дам? Не, – адмаўляецца кантралёрка, не хачу. Як гэта? – зьдзіўляецца Вася.

«Што тут скажаш, – думае ён. – Ні квітка ўзяць, ні штраф заплаціць, няпруха, адным словам». Ён выходзіць з трамваю, сядае на рэйкі і дастае другую пляшку. Мокрыя бліскучыя рэйкі раўнамерна цягнуцца ад яго ў абодва бакі бясконцасьці, менавіта гэта, па вялікім рахунку, і мірыць яго з рэчаіснасьцю.

Уступ №4

22.00

Калі я стану дарослым і мне будзе 64, я абавязкова ўзгадаю ўсё гэтае марнатраўства, хоць бы дзеля таго, каб спраўдзіць, ці ператварыўся і я ў такую маларухомую худобу, якая толькі і можа што перажоўваць нікелевымі сківіцамі запасы хаўкі, нарыхтаваныя для доўгай палярнай зімы. Як я буду пачувацца ў 64? Ці будуць мяне таксама ненавідзець усе гэтыя дзеці вуліц і супэрмаркетаў, як сёньня я ненавіджу ўсіх, каму за 40 і хто пасьпеў ужо акапацца на зялёных пагорках гэтага жыцьця, акурат зь яго сонечнага боку? І як я сам буду ставіцца да іх? Што трэба рабіць цягам жыцьця са сваімі мазгамі, каб яны наскрозь не пратухлі і не ператварыліся ў сьлізкую масу водарасьцяў, непрыдатных нават для харчовага ўжываньня? Падазраю, калі я нешта пра гэта і даведаюся, дык менавіта ў свае 64, і тады штосьці мяняць мне ўжо не захочацца. Што зь імі з усімі робіцца, яны, вядома ж, таксама пачыналі як нармальныя вясёлыя жыхары нашых гарадоў і вёсак, ім, натуральна, падабалася гэтае жыцьцё, не маглі ж яны адпачатку быць такімі дэпрэсіўнымі ўёбкамі, якімі яны зьяўляюцца цяпер, у свае 50-60. Тады з чаго пачыналася іхная пэрсанальная вялікая дэпрэсія, дзе яе карані? Пэўна, гэта ад сэксу ці ад савецкай улады, іншага тлумачэньня асабіста я не знаходжу. Я люблю разглядаць старыя фотаальбомы з карткамі 40-50 гадоў, дзе гэтыя чувакі, вясёлыя і коратка стрыжаныя, абавязкова ўсьміхаюцца ў камэру, у вайсковых або пэтэвэшных формах, з простымі і патрэбнымі ўсім рэчамі ў руках – разваднымі ключамі, фугаснымі гранатамі, ці на крайняк – макетамі самалётаў, дзеці вялікага народу, сьцяганосцы, бляха-муха, куды гэта ўсё падзелася, савок выціснуў зь іх усё людскае і ператварыў у паўфабрыкаты для дзядзькі сэма, вось што я думаю. Ва ўсялякім разе я ўвесь час заўважаю, зь якой нянавісьцю і агідай яны глядзяць на ўласных дзяцей, яны плююць на іх, адлоўліваюць у глухіх калідорах нашай бязьмежнай краіны і хуячаць па нырках цяжкім кірзавым ботам сацыяльнае адаптацыі. Вось такая вось рэч.

19.00

Калі перад табой столькі дзьвярэй, ты ніколі ня ведаеш, у якія менавіта табе трэба зайсьці, – думаю я, стоячы перад тралейбусам. Гэта ўжо трэці ці чацьвёрты, якія я прапускаю, я ніяк не магу сканцэнтравацца і вырашыць, што канкрэтна мне трэба і для чаго. То бок, куды я маю паехаць і хто мяне там чакае. Неяк неспадзявана я застаўся адзін, без сяброў і знаёмых, без настаўнікаў і гуру, і толькі пасажыры, што стаяць тут поруч са мной, на канцавой, пад дажджом, запіхваюцца ў тралейбусы, і я ім, здаецца, перашкаджаю. Ва ўсялякім разе глядзяць яны на мяне непрыветна, гэта ўжо дакладна. І вось, калі я ўжо больш-менш вырашаю, чаго хачу, за маёй сьпіной узьнікаюць дзьве постаці ў плашч-палатках і пагонах і забіраюць мяне з сабой, я спачатку вырашаю ўскочыць у пусты тралейбус, ну, але гэта дакладна быў ня мой маршрут і ня мой дзень – мяне схапілі за рукі і пацягнулі праз плошчу.

19.30.

Выглядае, як казарма. І пахне, як у казарме, дарэчы, чым тут напраўду пахне? Тушонкай, ва ўсіх казармах пахне тушонкай і дэзэртырамі, доўбанае гарматнае мяса, вось чым тут пахне. У шкляной будцы сядзіць вартавы з абрэзаным калашом, чытае парнуху і жарэ кансэрвы, выцягваючы іх са слоіка раскладной лыжкай. Калі мы зайшлі, ён нават не варухнуўся, вось што значыць баявая выпраўка і жалезныя нэрвы. У калідоры вісіць некалькі вялікіх лямпаў, праўда, сьвятло ня надта яркае, але ў мяне паўгадзіны ўжо цякуць сьлёзы, я амаль нічога ня бачу, так што лямпы мяне сьлепяць, я нават не магу разглядзець што там за кансэрвы жарэ вартавы. Ён нас моўчкі прапускае, і яны нават не вітаюцца адзін з адным, чмошны народ – сяржанты, чмошны і суворы, як фіны альбо лапландцы. Яны мяне проста ненавідзяць, ублюдкі фашысцкія, сядзяць тут, жаруць сваю тушонку, я б зараз ужо дома быў, калі б ня гэтыя лапландцы. З выгляду нармальныя чувакі, магчыма, на некалькі гадоў старэйшыя за мяне, у іншых абставінах мы маглі б пасябраваць, хадзілі б на футбол, у кіно, я ня ведаю, што там яшчэ робяць сябры, ну, але людзі вельмі псуюцца, варта ім толькі абматацца службовымі анучамі, магу толькі ўявіць, што зь імі далей будзе, гэта ж так проста ня скончыцца, яны ж самі павінны разумець такія рэчы, лапландцы гэтыя.

19.15

Так, пацан, – кажа адзін зь іх, відавочна, старэйшы, або нахабнейшы. – Альбо ты ідзеш далей, альбо мы зараз цябе заб’ем. Пачакайце-пачакайце, – кажу я, – вы не разумееце – у мяне ўсё нармальна, давайце я сапраўды пайду, але ў іншы бок, туды, куды я ўжо ішоў. Куды ты ішоў? – крычыць старэйшы, ты захрас у дзьвярах, людзі зайсьці не маглі. Сур’ёзна? – пытаюся. – Ну, мяне, вядома ж, падштурхнулі. Хто цябе штурхаў? – крычыць той самы. – Ты проста пад колы кінуўся, а потым у дзьвярах захрас. Добра-добра, – кажу я, – давайце я пайду туды і яшчэ раз паспрабую, добра? І я напраўду спрабую вызваліцца зь іхных абдоймаў, і ўжо тады яны пачынаюць мяне біць. А калі і гэта не дапамагае, то проста дастаюць балончыкі і шчодра паліваюць мяне чаромхаю, адварочваючыся пры гэтым. Пэўна, гэты пах ім не падабаецца.

22.30

І ты, блядзь, ты – які ад прыроджанага алькагалізму і шырокай душы яшчэ ўчора рабіў цалкам вар’яцкія рэчы – ты раптам згодны падтрымаць якія заўгодна рэпрэсіі і карныя апэрацыі, ты валяешся дома, чытаеш крымінальную хроніку і балееш не за сумленных у сваім вар’яцтве маньякаў, а за генэралаў стаўкі і касталомаў з асаблівых аддзелаў, стары рэакцыйны ўблюдак, што забыўся на церпкі пах руус. Менавіта так і пачынаецца фашызм – учорашнія байцы нябачнага фронту раптам ператвараюцца ў тлустае апірышча для антыгуманных эксперыментаў з рэчаіснасьцю і сьвядомасьцю, тыя, хто толькі ўчора вярнуліся з франтоў і акопаў пераможцамі, ужо празь нейкія дзесяць-пятнаццаць гадоў раптам ператвараюцца ў фашысцкіх сьвіней, вось ў чым найвялікшая таямніца цывілізацыі, грамадства пажырае самое сябе, яно цяжэе й асядае пад цяжарам сылікону, якім само сябе і накачвае.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: