Шрифт:
Андрэ Маруа
Кар'ера
Пераклад: Юрка Гаўрук
У майстэрнi жывапiсца Бельтара кожную трэцюю суботу збiралiся: дэпутат Ламбер-Леклерк (цяпер ужо намеснiк мiнiстра фiнансаў), раманiст Сiўрак i Фабер, аўтар п'есы "Кароль Калiбан", з поспехам пастаўленай у тэатры Жымназ.
Аднойчы вечарам Бельтара пазнаёмiў сяброў з маладым правiнцыялам, сваiм дваюрадным братам, якому вельмi хацелася стаць лiтаратарам.
– Гэты хлопец, - сказаў ён iм, - напiсаў раман, па-мойму не горшы, чым у iншых. Прашу цябе, Сiўрак, прачытай, калi ласка. Мой брат нiкога не ведае ў Парыжы, ён iнжынер i жыве ў Баё.
– Шчаслiвы чалавек!
– прамовiў Фабер.
– Вы напiсалi кнiгу, вы жывяце ў правiнцыi i вы нiкога не ведаеце? Лiчыце, што вам пашанцавала, пане мой. Пачнуць спрачацца, хто першы выявiў скрыты талент, - i, калi вы зможаце ўдала стварыць вакол сябе легенду, праз год вы станеце больш славутым, чым сам Сiўрак, наш друг. Адно я вам, галубчык, параю: не высоўвайцеся... Баё! Гэта так добра - Баё... I зусiм не таму, што ў вас няма асабiстага абаяння, пане мой, а проста - чалавечая прырода церпiць генiяў толькi на адлегласцi.
– Прыкiньцеся хворым, - аўтарытэтна параiў Ламбер-Леклерк.
– На хваробе многiя зрабiлi блiскучую кар'еру.
– I чым бы ты нi займаўся, - дадаў Бельтара, - не кiдай сваёй спецыяльнасцi. Спецыяльнасць - найлепшы назiральны пункт для творчасцi. Калi ты замкнешся ў сценах кабiнета, ты будзеш пiсаць кнiгi на прафесiйным узроўнi, складзеныя як мае быць i нудныя да немагчымасцi.
– Дурань!
– пачуўся рэзкi голас Сiўрака.
– "Спецыяльнасць - найлепшы назiральны пункт..." Як можаш ты, разумны чалавек, паўтараць падобныя штампы? Калi пiсьменнiк не знаходзiць матэрыялу ў сабе, нiякi "пункт" яму не паможа. Хiба Пруст выходзiў з дому? А Талстой выязджаў з Яснай Паляны? Калi ў яго пыталiся, хто такая Наташа, ён адказваў: "Наташа - гэта я". А Флабер...
– Выбачай, - не згадзiўся Бельтара.
– Талстога акружала вялiзная сям'я, i ў гэтым адна з крынiц яго сiлы. Пруст наведваў рэстаран "Рыц", меў шмат сяброў, у якiх заўсёды мог пачарпнуць патрэбную iнфармацыю. Што датычыцца Флабера...
– Нiхто не спрачаецца, - перабiў Сiўрак, - але ўявi сабе Пруста без велiкасвецкiх тэм... У яго б знайшлося, што сказаць... Ён аднолькава цiкава гаворыць i пра сваю хваробу, i пра сваю спальню, i пра сваю старую служанку. Мiж iншым, я магу прывесцi прыклад, якi цябе цалкам пераканае, што нават самага дасцiпнага розуму, пастаўленага ў найлепшыя ўмовы для назiрання, мала, каб стварыць мастацкую рэч. Наш друг Шалон... У каго было больш часу i магчымасцей назiраць за рознымi пластамi грамадства? Шалон бачыў, i вельмi блiзка, пiсьменнiкаў, мастакоў, камерсантаў, акцёраў, палiтычных дзеячаў, дыпламатаў, быў сведкам самых патаемных сцэн чалавечай камедыi. А якiя вынiкi? На жаль, мы гэта ведаем!
– Шалон!
– умяшаўся Ламбер-Леклерк.
– А што з iм здарылася? Хiба ў каго з вас ёсць весткi пра Шалона?
– Мы заходзiм у адну i тую ж кнiгарню, - растлумачыў Сiўрак, - i я там зрэдку яго сустракаю, але ён робiць выгляд, што мяне не бачыць.
Малады правiнцыял нахiлiўся да гаспадара i цiха запытаў, хто такi Шалон.
– Сiўрак, - папрасiў Бельтара, - раскажы гэтаму хлопцу пра кар'еру Шалона. Для юнакоў прыклад павучальны.
* * *
Сiўрак выпрастаўся, сеў на край канапы i загаварыў. Голас у яго быў скрыпучы, кожны склад ён нiбы адкусваў зубамi. Апавяданне ён пачаў так:
– Не ведаю, малады чалавек, цi чулi вы пра клас рыторыкi ў лiцэi Генрыха Чацвёртага, выпуск 1893 года. Гэты лiцэй, што суседзiць з Пантэонам, даў не менш выдатных выхаванцаў, чым Эколь Нармаль, адкуль выйшлi - Тэн, Прэво-Парадоль, Сарсэ i Эдмон Абу. Клас рыторыкi быў, як мне гаворыць кожны раз пры сустрэчы адзiн з нашых былых настаўнiкаў, "аранжарэяй славутых людзей", паколькi там вучылiся адначасова Бельтара, Ламбер-Леклерк, Фабер i я. Ламбер-Леклерк, як i тады ўжо, рыхтаваўся да грамадскай дзейнасцi: разам з Фаберам пасля заняткаў любiў ацiрацца на скачках...
– Ты хоць чын мой паважай!
– нахмурыўся намеснiк мiнiстра.
– Тваё правасхадзiцельства быў адзiным сярод нас, хто з юнацкiм запалам прадчуваў сваю будучыню. Бельтара схiльнасцi да малявання не выяўляў, Фабер i не марыў прабiвацца ў драматургi. Наш выкладчык лiтаратуры стары Гамелен казаў яму: "Мой бедны Фабер, вы не адолееце французскай мовы да канца дзён сваiх". Думка слушная, але цяперашняя некультурная публiка з ёю не згаджаецца. Што датычыцца мяне, то найбольшай маёй эстэтычнай асалодай было маляваць Венеру на палях сшыткаў. Шалон дапаўняў нашу групу.
Гэта быў бялявы хлопец з тонкiмi, прыгожымi рысамi твару. Працаваў ён мала, чытаў многа, умеў цудоўна выбiраць паэтаў i гальштукi i, дзякуючы свайму бездакорнаму густу, набыў мiж намi вялiкi аўтарытэт. У той час, прачытаўшы "Гiсторыю трынаццацi" Бальзака, мы вырашылi заснаваць, чацвёра нас i Шалон, "Саюз пяцi". Кожны з "пяцi" павiнен быў падтрымлiваць чатырох астатнiх ва ўсiм i заўсёды. Мы дамовiлiся, што грошы, прызнанне, сувязi, усё, што мог прыдбаць адзiн з "пяцi", павiнна было служыць нашым агульным iнтэрасам. Гэта быў цудоўны праект, але ён так праектам i застаўся, бо, скончыўшы лiцэй, мы разышлiся. Яго правасхадзiцельства i я падалiся ў юрысты, Фабер, якому трэба было зарабляць на жыццё, уладкаваўся да свайго дзядзькi ў банк. Бельтара пачаў займацца медыцынай. Ваенная служба разлучыла нас яшчэ больш, а потым перашкаджалi розныя акалiчнасцi. Шэсць гадоў мы амаль нiчога не ведалi адзiн пра аднаго.