Шрифт:
I што тады сказаць Мадлен, як растлумачыць ёй гэты недарэчны разрыў?
Гэтыя думкi i розныя iншыя, яшчэ болей злавесныя, прыгняталi мяне па дарозе ў мiнiстэрства. Я пачаў разумець тых няшчасных людзей, што ў цяжкiм становiшчы, не маючы мужнасцi цярпець да канца, шукаюць збавення ў самагубстве.
Мне давялося некаторы час пачакаць у прыёмнай сярод шматлiкiх наведвальнiкаў i сакратароў. Маё сэрца моцна калацiлася. Каб супакоiцца, я пачаў разглядаць насценную фрэску: "Анамiты збiраюць ураджай". Нарэшце сакратар назваў маё iмя. Я ўстаў. Перада мной былi дзверы ў кабiнет мiнiстра. Што мне рабiць? Даць яму выказацца? Цi папярэдзiць прыкрую сцэну шчырым прызнаннем i споведдзю?
Банiвэ падняўся насустрач i пацiснуў мне руку. Я быў збянтэжаны яго ласкавасцю. А можа, ён усё ж такi здагадаўся, што здарэнне было выпадковае i ненаўмыснае?
– Перш за ўсё, - пачаў мiнiстр, - прашу прабачыць, што выклiкаў вас так спешна, але зараз вы самi зразумееце, што рашэнне трэба прымаць неадкладна. Справа вось у чым... Нэлi i я ў наступным месяцы збiраемся ў доўгае падарожжа па Заходняй Афрыцы... Я - з iнспекцыйнымi мэтамi, яна - як турыстка для новых уражанняў... Я вазьму з сабой апроч служачых мiнiстэрства таксама некалькi журналiстаў, таму што пара нарэшце французам пазнаёмiцца са сваiмi ўладаннямi... Дагэтуль я не думаў гаварыць вам пра свой намер, паколькi вы не чыноўнiк нашага мiнiстэрства i не журналiст, апроч таго, у вас ёсць служба. Але ўчора ўвечары Нэлi сказала мне, што наша падарожжа амаль супадае з вашым водпускам i што ёй прыемней бавiць час з вамi i вашай жонкай, чым з нашымi афiцыйнымi кампаньёнамi, i што, яна спадзяецца, магчымасць пабачыць Афрыку на такiх выгадных умовах павiнна спакусiць вас. Так што мяркуйце... Калi вы згодны, мы вас уключым у групу ўдзельнiкаў... Толькi мне трэба ведаць гэта зараз жа, бо ў маёй канцылярыi скончваюць складаць маршрут i спiсы.
Я падзякаваў i папрасiў даць мне некалькi гадзiн, каб параiцца з жонкай. Спачатку я быў гатовы згадзiцца. Але, застаўшыся адзiн, уявiў сабе ўсю непрыстойнасць i агiднасць гэтай напалову любоўнай iнтрыжкi ды яшчэ пад пiльным наглядам Мадлен i ў якасцi госця Банiвэ. Нэлi была прыгожая, але я сурова яе асуджаў.
Снедаючы дома, я расказаў жонцы аб нечаканай прапанове, утаiўшы, вядома, прычыны, якiмi яна была выклiкана. Я шукаў спосабу ветлiва адмовiцца. Мадлен у момант прыдумала шэраг раней узятых абавязкаў, i мы не паехалi ў Афрыку.
Я ведаю, што з гэтага часу Нэлi Банiвэ гаворыць пра мяне з iронiяй i нават з некаторай варожасцю. Наш сябар Ламбер-Леклерк нейк раз пры ёй назваў мяне магчымым кандыдатам на пасаду прэфекта дэпартамента Сены. Яна зрабiла грымасу i са здзекам прамовiла:
– Мафра? Ды вы што! Ён вельмi мiлы, але пазбаўлены ўсякай iнiцыятывы. Не ведае сам, чаго хоча.
– Нэлi гаворыць праўду, - пацвердзiў Банiвэ.
I я не патрапiў у кандыдаты.
Пераклад: Юрка Гаўрук