Вход/Регистрация
Семнаццаць год
вернуться

Чорный Кузьма

Шрифт:

– Зноў работу дастаў?
– сказаў хлопец.

– Дастаў, - адказаў бацька.

– Я табе хачу сказаць...
– загаварыў хлопец.

– Пачакай, - перабiў яго бацька, - зараз будзе перапынак на полудзень, дык тады скажаш. А то гаварыць пры рабоце нязручна. Старшыня будзе крывiцца.

Хлопец паслухмяна адышоўся ўбок i праседзеў з паўгадзiны на адкосе. Бацька заўважыў, што за гэтую паўгадзiну сын скурыў чатыры папяросы.

– От што, - сказаў хлопец, калi бацька сеў палуднаваць, - я табе скажу, што я зусiм заўтра паеду адгэтуль.

– Куды?!
– устрывожыўся чалавек.
– Хочаш есцi? На хлеб, еш.

– Не, я палуднаваў, - адказаў сын.
– Я даўно ўжо жыву каля сапёрнае работы. Кожная вайсковая часць мае пры сабе аднаго-двух гэтакiх, як я. А цяпер рота выязджае адгэтуль, дык i я з ёю.

– А можа, яна выязджае на фронт?
– зусiм ужо ўстрывожыўся чалавек.

– Гэта вайсковы сакрэт. Самi салдаты нават не ведаюць да апошняга моманту... Я ўжо не буду гэтакi абарванец, як цяпер. Мне салдат шые з старога шыняля на мой рост шынялец. Таксама будзе гiмнасцёрка, боты, а шапка ўжо ёсць.

Бацька глядзеў на сынаву галаву i сапраўды ўбачыў новую салдацкую шапку, на хлопчыкаву галаву якраз, а на шапцы салдацкая цэшка.

– Пагоны ў мяне таксама будуць, - пахвалiўся малы.

– Як жа ты паедзеш ад мяне? Падумай ты, салдат ганяюць з месца на месца, ты можаш мяне зусiм страцiць. Можа, мы нiколi не знойдзем адзiн аднаго.

– Знойдзем. Я табе буду пiсаць, а ты мне адказваць будзеш. А там я затое не галодны. Я салдацкай кашы i баршча ем колькi захачу.

– Гэта-то добра, мой сынок, гэта добра, што добрыя людзi цябе кормяць. Але мне страшна цябе пускаць ад сябе.

– Што я тут буду пры табе рабiць? А так я памiж людзей вытруся.

– Ты ў мяне адзiн астаўся, з усёй нашай сям'i. (Вочы ў чалавека пачырванелi ад слёз.) Матку мы сваю пахавалi пры дарозе, як мы ехалi сюды ад вайны, на ўцякацтва. Праехаўшы вёрст сто яшчэ далей, пахавалi ў адзiн дзень тваiх меншых братку i сястру. (Чалавек ужо зусiм плакаў.) А праз тры днi пасля гэтага ўжо больш ехаць не было на чым - конь кончыўся, i ўсё на дарозе кiнуць трэба было: хто ў такiя часы мог купiць у нас усё, што там на возе ляжала. Вайна даганяла нас. Нам трэба было ратавацца.

– Пусцi мяне ехаць.

– Цяпер як мы жывом? Мы цяпер жывом, абы пражыць дзень, перагараваць. I што-небудзь трэба каб асталося ў нас на той дзень, калi вайна скончыцца, усё ўпарадкуецца, можна будзе вярнуцца дадому назад i пачаць там жыць па-чалавечы. Я табе, сынку, скажу, ты быў у мяне яшчэ зусiм малы i мала што можаш памятаць. Мы ўвесь свой век з тваёю маткаю i з вамi малымi (зноў слёзы) - не жылi, а гнiлi. Мы жылi на гэтакiм маленькiм кавалачку зямлi, на якiм хiба адно агарод можна было зрабiць, а не хлеб сеяць. Мы жылi без хлеба, без адзежы, як старыя якiя.

– Гэтак як цяпер.

– А можна сказаць, што i мала лепш... Пасля мяне забралi на вайну. Няшчасце на ўсiх людзей найшло: адным ваяваць, другiм кiдаць усё сваё i выязджаць ад вайны ў чужы свет. Мне было пашанцавала на фронце. Я вынес з акопа раненага палкоўнiка i панёс яго да санiтараў. Каб не я, ён бы там зайшоўся б адзiн. Палкоўнiк быў якраз багаты пан, у яго i маёнткi свае, i фабрыкi свае. Дык ён мне за гэта аддзякаваў: ён мне пяць дзесяцiн зямлi адрэзаў з свайго маёнтка. Вось папера на гэтую зямлю. (Чалавек дастаў з-за пазухi паперу, паглядзеў на яе i шпарка схаваў назад.) Дык я цяпер збiраю кожную капейку, кожны грош. Я лепш галодны пасяджу, а капейкi не страчу. Калi няма работы, я стану, працягну руку i ў людзей прашу, абы мне кожны дзень хоць крыху што-небудзь дадаў да таго, што ў нагавiчнай паяснiцы зашыта. Бо прыйдзе час, пасля вайны, калi спакойна можна будзе вярнуцца дадому. Там пяць дзесяцiн зямлi, свае, уласнае (папера за пазухаю) чакае. Там нанова гаспадарка пачнецца, пагаруецца i што-небудзь выгаруецца. А на пачатак справы патрэбны грошы.

– Дык мы будзем ведаць адзiн пра аднаго. Не навек жа мы разлучаемся.

– Цяпер восень. Я выхлапатаў сабе ў камiтэце на зiму месца ў бараку. На цябе i на сябе... Я ўжо нават сёння начаваў у тым бараку. Добра. Дождж на галаву не лье i вецер не дзьме. Барак мураваны, раней нейкiя крамы там былi. Народу хоць многа там, але перазiмаваць там можна будзе. На зiму печы там паставяць. А тым часам не можа быць, каб вайна на зiму не скончылася. Вайна ўсiм у косцi ўелася...

– Ну, дык я з табою зранку заўтра яшчэ развiтаюся. Ты заўтра робiш? Дзе ты будзеш заўтра?

– Заўтра нядзеля, работы няма.

– Дык прыйдзi на вакзал зранку. Заўтра наша часць выязджае.

Хлапчук паважна i стала сказаў гэта i пабег. Пасля пайшоў паволi, два разы азiрнуўшыся на бацьку. Бацька ўжо бiў з-за вуха молатам у камень.

Назаўтра зранку чалавек убачыў свайго сына.

Гэтае малое хлапчанё мела такi выгляд, як быццам бы не будзь ён памiж салдат на вакзале, дык у адзiн момант зруйнуецца ўвесь свет. Хлапчанё было у мiнiяцюры салдат расейскай армii: шынялец, боты (праўда, у адзiн той бот можна было яму зараз дзве нагi ўсаджваць), пагоны з сiняга сукна, учарашняя цэшка на шапцы, шырокая папруга па шынялi пад хлясцiк. Малы з гордаю знявагаю да ўсяго, што толькi было перад iм, трымаўся навыцяжку, браў рукi па швах...

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: