Шрифт:
Усё так жа дробна i гулка стукалi цапы па гумнах, i здавалася, што з кожным сваiм ударам яны ўсё глыбей уваходзяць у жыццё вёскi, як бы задумаўшы заглушыць сабою ўсе яе iншыя зыкi, - так многа дзён яны зычэлi. I толькi ў адным канцы вёскi адна-адзiнютка гула малатарня, але не магла яна адна заглушыць тут стуку цапоў. Яшчэ на цёмную вулiцу з маленькiх вокан падалi палосы ад дасветных агнёў, а цапы пачалi ўжо сыпаць дробным гарохам. Раней за ўсiх пачынаў стукаць цэп у Паўлавым гумне.
– Павал нешта задумаў, - iшла па вёсцы гутарка, а ў Паўла пад стук цэпа спела адна думка.
I загэтым, як пасля змроку аблягала вёску воўчае выццё i зацiхаў стук цапоў, у Паўлавай хаце вакол газоўкi па цэлых ночах сядзела некалькi чалавек...
Вакол дрымотнаю рэчкаю плыло жыццё трухлявых хат. Замаразкамi курылiся кусты сiненькiм дымком, i вецер прыносiў адтуль к хатам самагонны дух, i тады ж мацней яшчэ пачалi выць зусiм блiзка начамi ваўкi.
У святыя днi выходзiлi людзi на вулiцу. Несканчоныя i вялыя вялiся цэлымi днямi гаворкi, i так не гарманiзаваў з iмi ўвесь выгляд залатой восенi.
Так i праходзiў цiхенька дзень.
А то часам пiлiкне дзе-небудзь за вуглом скрыпка, i ўся вулiца рынецца туды. Пад няхiтрую музыку адной скрыпкi i часам двух барабанаў вiхрам выконваецца танец - той танец, якi адбываўся ў вясёлыя хвiлiны стагоддзi таму назад, а ў больш прымiтыўным выглядзе - назад цэлыя тысячагоддзi.
I хоць стаяць тут людзi, сцяною налёгшы адзiн на другога, але ў кожнага ў галаве блытаецца думка аб пакiнутай працы.
Прымiтыўнае вяселле цiхiх людзей не пералятае сваiмi зыкамi далей саламяных стрэх. Тут жа i гiнуць пiсклiвыя зыкi скрыпкi за родным вуглом.
А пустое поле вакол i знаць не хоча людскога вяселля, - яго зыкi гiнуць у iм. Абросшае дзiкiм быльнiкам, яно цiха дрэмле ўсiм сваiм бязмерным абшарам. Вясковыя шумы яно перамагае сваiм начным выццём ваўкоў, яго ж цiшыню, нават зыкамi свайго вяселля, перамагчы людзi не могуць.
II
У адзiн дзень засыпаў сiвер мёрзлым пылам трухлявыя хаты, апусцеўшае поле захмурнела высахшым быльнiкам на разросшыхся межах, сiвыя платы мерзлi i тулiлiся да бярвенняў старых будынкаў.
Па цёмных хлявах корпалiся ў кастрыцы людзi, маўчалi, здавалiся поўнымi думак, але думак не мелi. Аб чым могуць думаць яны?
Толькi нейкая баязлiвасць вызначалася ў iх. Так непрытульна ў полi, так дзiка-шумна i холадна. I здаецца, што вось прыйдзе нехта суровы, насмешлiва тупне нагою i зробiць нейкае зло. Вось чаму людзi так акуратна, саломка за саломкаю, дубец за дубцом, складвалi i збiралi сваю мураўiную маёмасць: "Калi ўсё будзе ў парадку, не такая вiна мая будзе вялiкая". А ў чым i якая вiна? А былi калi разумныя думкi аб гэтым?!.
За ваколiцай на пыльнай дарозе буян-вецер скручваўся ў жмут, дакачваўся стралой да крайняй хаты, узбягаў па сцяне i кiдаўся на яе старую вiхрастую голаў. Яна баранiлася саламяным крыкам, i такi ж крык узнiмалi суседнiя стрэхi. Гэта быльнiкава поле "гуляла" над вёскай. I ў той дзень вецер не сцiх, але зрабiлася так, што раптам стаў непрыметным; стала раптам так, што свiсту яго нiхто не пачуў.
Нешта шырокае рванулася за ваколiцай, шэра-жоўтым лiўнем зыкаў секанула; заглушыла вецер, павыкiдала людзей з цёмных хлявоў, парушыла iх "баязлiвы парадак".
Сотнi вачэй бачылi:
Па пыльнай дарозе к вёсцы iшоў запылены чалавек, узняўшы руку ўгору, за iм - шэрая сцяна з меднымi сонцамi труб, за трубамi несканчоны лес вастраверхiх шапак.
З труб вылiвалася туга-звонкае, срэбнае. I, як запылены чалавек махнуў унiз рукою, рванулася яно вiхурай, затапiла ўвесь свет, заскакала па саламяных стрэхах, i зусiм не чуваць стала ветру. З вулiцы пераскочыла яно праз саламяныя стрэхi, пераляцела цераз поле i там загаварыла. I вось, пераскокваючы цераз быльнiкавыя межы, прыбеглi людзi за некалькi вёрст...
У вулiцы знялi музыканты свае трубы з плеч, разнеслi па хатах, i асеннi вечар грануў чырвонаармейскiмi песнямi.
У той дзень, хто бачыў запыленага чалавека, ад маху рукi якога рванулася з медных труб нечуванае вяселле, радаснае захапленне, пакрыўшае поле, у тых, у глыбiнi пачуццяў, несвядома з'явiлася:
З той сiлай, якая адчуваецца ва ўсiм гэтым, можна прайсцi ўсю зямлю, перад ёю зацiхаюць вятры, робiцца нядужнай прастора адзiчэлых палёў...
У той вечар у Паўлавай хаце вакол цьмянай газоўкi сядзела за поўнач не шэсць, а восем чалавек, i два былi ў вастраверхiх чырвонаармейскiх шапках.
Нiякiх гутарак пра начное пасяджэнне ў Паўлавай хаце на вёсцы не было.
Людзi думалi, як гэта пачулi музыку за некалькi вёрст за кустамi, цераз усё поле, як гэта перамаглi людзi зыкамi поле ў час яго бурнага шуму...
Назаўтра пайшлi чырвонаармейцы з вёскi далей - раптам згiнулi так, як i з'явiлiся.
Асталося тады ў вёсцы вось што.
Вясковы скрыпач, Амелька, зняў паволi са сцяны сваю скрыпку, пiлiкнуў два разы па ёй смыкам, стукнуў у яе пальцам, прылажыў к ёй вуха, паслухаў i выйшаў у сенцы.