– Можа з палiтом успеецца? Можа зойдзем у сталовую? Мы ж яшчэ i прыезд твой не замачылi. Га?
Хлопчык па-даросламу i цвёрда кiўнуў галавою. I яны пайшлi, мiнаючы белую царкву, раймаг, мiнаючы дробны рынак за раймагам, што таптаўся ў пыле, гаманiў i весела бялеў жаночымi хусткамi. Там, за рынкам, была сталовая: з адчыненых насцеж сенцаў нясло духатою, пiвам, i адтуль выходзiлi чырвона-раздабрэлыя мужчыны, пахнучы смажаным алеем i тушанаю капустаю.
Яны iшлi туды, бацька i сын. На iх нiхто не глядзеў: усё было чалавечае - дзень, сонца, позняе лета i хараство нядзелi.