Шрифт:
Ужо пазьней, з адлегласьцi перажытага, ахрысьцiлi мясцовыя жыхары гэны пэрыяд, — ад часу, калi «змылiся бальшавiкi» да прыходу Немцаў, «бiларускай уладай». Наляталi людзi на казённыя крамы, вагоны, склады. Багацейшыя Жыды, што нейкiм шляхам больш за ўсiх пра вайну ведалi, уцякалi на ўсход неўзабаве пасьля атрыманьня жахлiвае весткi. Адно найбяднейшыя аставалiся.
Разгледзеўшыся й памеркаваўшы, Пракоп зноў прыгадаў Марыi Iванаўне, каб у выпадку чаго да яго з сынам перабiралася, а жанчына зноў выказала спадзяваньне, што Хвёдар вернецца.
— Што, тата, будзем рабiць? — спытаў Янук пасьля разьвiтаньня.
— Давай паглядзiм дзе й што… Можа й нам што пападзець.
У бок ад вакзалу натрапiлi цi нi на самы большы цэнтр актыўнасьцi. Ля вялiзных дзьвёх цыстэрнаў кешкалiся мужчыны. З крану вёдрамi налiвалi сьпiрт, шмат яго разьлiвалi ў жвiр. Таўханiна й гармiдар. Побач, сеўшы на рэйках i шпалах, голасна гаманiлi ўжо найбольш вясёленькiя. Выявiлася, што сьпiрт з цыстэрнаў прыйшоўся да спадобы мясцовым i налётным п'янiцам. Бахмачы прыглядалiся з адлегласьцi.
— От i брыда! — плюнуў Пракоп. — Во каму цяпер воля!
— А колькi зь iх ужо нажлопалася! — падтрымаў бацьку Янук.
Позна вечарам Бахмачы валаклi дахаты кажны па тоўстым скрутку «мануфактуры». Было гэта цёмнага колеру сукно. Нялёгка да яго дабралiся. Ля вагону таўклiся дзясяткi людзей, напралом адзiн праз аднаго пялiлiся ў вадчыненыя дзьверы. Пракопу й Януку дасталося цi мала таўхалёў пакуль, нарэшце, удалося й iм паласавацца. Бачыў Янук увачох у людзей, зь якiмi побач жыў, - нармальных, цяглавiтых, працавiтых людзей, — вялiкую прагавiтасьць, аграмадную заядласьць у здабыцьцi нажывы.
— Але й натаўклi, каб iх халера! — скардзiўся бацьку, валочачы на плячох вялiкi скрут матар'ялу.
— Ну але будзеш пекны касьцюм мець, — адказаў бацька.
— Касьцюм, хоць з награбленага, — усьмiхнуўся сын.
— Яны нас, а цяперака мы iх, — дадаў, загадкава распрамянiўшыся Пракоп.
Янук зьдзiвiўся. Нешта новае зьявiлася на твары чалавека, якi ў жыцьцi сваiм нiкога ня скрыўдзiў.
— Як гэта? — спытаў хлапец.
— Ну ты-ж помнiш як гэтыя басякi, значыцца Косьцiк i Лявон, нада мной зьдзеквалiся? Гэта-ж ня хто другi, а яны казалi пра таго брыду Ленiна, што ён сам сказаў: «граб награбленае». Значыцца, як яны грабiлi, дык чаму-ж iх няможна? Дык гэта-ж па праву ўсё наша. Глядзi во — дзiржалi на станцыi, а для бедных людзей у крамах нiчагусянькi ня было. А гэта-ж ня грэх, сынок, сваё браць. Так цi не?
Сын уважна зiрнуў на павольнага, памяркоўнага ў хадзе бацьку. I тады абое, як на сыгнал, зарагаталi.
3
Здавалася, што калiшнi рэвалюцыйны клiч «граб награбленае» падтрымаў-бы тых людзей падчас «бiларускай улады» ў Гацях, якiя намагалiся-б апраўдаць свае паступкi. Людзi гэныя — а была iх бальшыня, — у Бога верылi, навукай Хрыстовай у жыцьцi кiравалiся, нiколi ня кралi. Адылi недахоп прадуктаў штодзённага ўжытку падчас бальшавiцкага глуму спанукаў цяпер кожнага, няхай сабе й самага маральна беззаганага, пашарыць па казённых складох, крамах, пашукаць дзе што ёсьць. Нiкчэмная колькасьць солi, нафты й цукру, што знайшлася на полках, пайшла ў расход першая. Камплетна аголеныя крамы скардзiлiся навосьцеж паадчынянымi дзьвярмi, пабiтымi вокнамi. Шукальнiкi тавараў разбрылiся па чыгуначных шляхох станцыi, правяралi таварныя вагоны й будынкi ўрадавых устаноў.
Янук i Стась добра пападбiвалi сабе пяты, ад раньня намагаючыся што-небудзь знайсьцi ў абчышчаным ужо мястэчку. У завулку, гэтта-ж ля галоўнае вулiцы, зазiрнулi ў невялiкi драўляны будынак iз забiтымi сьпераду дзьвярмi й вокнамi. Праз прачыненыя бакавыя дзьверы ўлезьлi ў сярэдзiну. Тут панаваў паўзмрок. Асьцярожна, каб у выпадку небясьпекi шмыгнуць наўцёкi, хлапцы разглядалiся. У нос ударыў тухла-салёны пах. Вочы цяпер прызвычаiлiся да змроку. Гурбы зрэбных, напханых нечым мяхоў, зваленыя ў груд, займалi цэлы невялiкi будынак.
Вiдаць, што ранейшыя «разьведчыкi» папярэдзiлi лiтоўскiх. Паразьвязаныя мяхi й вялiкiя кавалкi сушанай рыбы валялiся пад нагамi. Стась узяў у рукi вялiкi шэры кавалак, адкусiў, пажваў, зморшчыўся i з агiдай выплюнуў.
— Цьфу, салёная гадасьць нейкая!
— Але-ж, якая сухая, — гаварыў Янук, ломячы iншы кавалак. — Чаго плюеш?
— Надта-ж салёная.
Янук узяў кавалак у рот, пажваў i таксама выплюнуў.
— I хто яе такую, халеру, есьць! — у голасе чулася злосьць i рашчараваньне.
— Каб што добрае, дык думаеш яно валялася-б? Даўно расьцягалi-б.
— А каб вымачыць? — разважаў Янук.
— Кiнь ты! — наглiў Стась. — Iдзём куды, мо што лепшае знайдзiм.
Ля цыстэрнаў са сьпiртам нельга было прайсьцi. П'янiцы гарлапанiлi, лаялiся, iншыя-ж запэцканыя, алькаголем адурманеныя, спалi каля рэек. Едкi пах паразьлiванага сьпiрту трымаўся ў паветры. Першая цыстэрна апусьцела, завiхалiся ля другой. Ладна зыйшоўшы з поўдня прыпякала сонца.
— Глянь, колькi паразьлiвалi. Але-ж iм i выгада. Хоць ты ў сьпiрце купайся. Ня сьнiлi такога. От-жа доўга помнiць будуць! — сьмяяўся Янук.