Шрифт:
Зачырванелы, Янук ляжаў плячмi на траве. Ня сьцiхалi малаточкi ў скронях i яшчэ трымала млявасьць ля каленяў. Спачатку без развагаi, ледзь ня кiнуўся за дзяўчынай, але стрымаўся. Дарма. Яе не дагонiш.
Там высака, над верхавiнамi бярозаў i хвояў зацягвала хмарамi неба. Парыла. Пахла мятай i аерам. Над Глыбокiм, суправоджаныя раскацiстым громам, мiльгалi маланкi. Тут, зусiм над iм, расставiўшы ногi, у поўнай сваей пышнасьцi стаяла Дуня. Прыскорана варушылiся пад мяккiм шоўкам грудзi, чырваньню налiўся твар i не пачалi яшчэ стынуць цалункам разагрэтыя пунсовыя прыадчыненыя вусны. Як нiколi ў жыцьцi, уважна ўглядаўся ў яе Янук, проста ўпiваў у памяць самыя нязначныя драбнiцы. Прыкладна гэна пасма валосаў, што наўскасяк апусьцiлася пераз левае вока. Яно, — зiрнеце самi, — дадае «васковай русалцы» нейкай прынаднасьцi, заманьвае вас, спакушае.
Калi-б ведаў Янук якiх прыгажуняў з палотнаў сусьветных цi хаця-б i сваiх мастакоў, пэўне-ж знайшоў-бы нейкае, адпаведнае Дунi, параўнаньне. Яна такая блiзкая й зусiм недасяжная. Рэальнасьць i ўява. Дурман юрлiвасьцi адходзiў, думкi ясьнелi. Верх брала злосьць.
— Чаго зводзiш? — шорсткiм голасам спытаў хлапец.
Дзяўчына цiха ўсьмiхалася. Быццам пышны матыль на цудоўнай кветцы. Насалоджвайся зрокам, але не чапай. Выцягнеш руку — пырхне й зьнiкне.
— Пытаюся, чаму зводзiш?
— Янучок, я-ж цябе люблю… Цi ты нi знаў?
Самае горшае, — магчымасьць зусiм ня выключаная, — што Дуня зь яго кепiкi строiць. Зашчымела сэрца. Як праверыш, цi яна жартавала цi запраўды яго любiла? I ня мог далей пазiраць у васiльковыя вочы. Ня было сумлеву, што моцна яе кахаў.
Устаў. Спасьцярогшы ў Януковым твары перамену, дзяўчына чакала, маўклiва пазiраючы на яго. Янук узяў Дуню за руку, перайшлi рэчку, дзе хлапец забраў сiратлiвы мiж зеленi кужэльны мяшочак з соляй. I доўга маўчалi падарозе дамоў.
12
У лянiвы, сонечны васеньнi дзень, адзiн з тых, пра якiя адвечна з натхненьнем сьпяваюць паэты, станцыя Гацi пульсавала буйным, гулкiм жыцьцём. Цягнiкi з ваеннымi матар'яламi й жаўнерамi сьпяшылi на ўсход, дзесьцi на той пераможны, як гарлапанiла радыё, фронт пад Масквою. А ля чыгуначнага пад'езду, дзе ад бамбардаваньня цэлым i непашкоджаным захаваўся стары склад, завозна было ад сялянскiх вазоў. Там, — гэта бачыў Янук, — звозiлi людзi па загаду новых гаспадароў збожжа. Падаткi… Лягчэйшыя, значыцца колькасна куды меншыя, чымся падчас панаваньня таго ўсходняга маскоўскага «вызвольнiка». I збожжа, мабыць, ссыпалася ў вагоны й ехала на захад.
З будынку школы шнурам высыпалi дзецi i юнакi. Янук паволi йшоў побач свайго двуроднага брата Ўладзiмера й шкадаваў, што няма побач Дунi. I мяркаваў, якой-бы гэта тэмай раскатурхаць гэтага маўклiвага юнака.
— А ты-ж казаў мне некалi, што дзесяцiгодку скончыў? — пачаў Бахмач.
— Ты ўсяму верыш? Я хлусiў…
— Дык колькi ты клясаў там скончыў?
— Угадай.
— Ну ты-ж запiсаўся ў шосты. Дык як гэта разумець?
— Няма чаго рабiць…
Янук зiрнуў на Ўладзiмера й зьбянтэжыўся. Юнак жыў з маткай у тым самым доме, дзе iх некалi наведалi Бахмачы. Мацi ўладзiлася на працу ў кухнi пры вакзале й здавалася, што будучыню мела забясьпечаную, прынамся на блiжэйшую адлегласьць.
Калi Антось Дзяркач наказаў Януку ад Падгайскага, што пачнецца ў Гацях навука, юнак параiўся з бацькам i зь ягонага дазволу пайшоў пацiкавiцца «бiларускай» школай.
Пагалоскi пра беларускае школьнiцтва кружылi даўно. Пацьвердзiлi iх першыя беларускiя ластаўкi — газэты зь Менску. Стараньнямi агранома Падгайскага траплялi ў Гацi менскiя й вiленскiя беларускiя газэты. Дастава тымчасам, кульгала, пошта яшчэ не наладзiлася й газэты развозiлi беларускiя патрыёты саматугам. А з тых газэтаў можна было сёе-тое вымяркаваць пра намеры акупанта.
— Падгайскi казаў, каб ты ў школу йшоў. Нам свае ўчоныя людзi назарэз трэба, — навучаў Янука Дзяркач, перадаючы вестку пра пачатак школьных заняткаў.
— Гэта Падгайскi казаў, што свае ўчоныя людзi трэба?
— Няўжо-ж… А ты думаеш, ня трэба?
— Ну, ну, чаму-ж не…
— Дык што, пойдзiш?
— Нi знаю. З бацькам параюся.
— Думаiш, ня пусьцiць?
— Чаму-ж… Самадумам нi пайду.
Гэткiя Антосевы пытаньнi Янук лiчыў нармальнымi пасьля зблiжэньня зь iм i асаблiва тэй расправы iз Шпунтам у лясьнiчоўцы. Забегся да Дунi, каб перадаць навiну й падахвоцiць яе прадаўжаць навуку. Дзяўчыны ня было дома, цi не пабегла да Клавы, а бурклiвая мацi збыла яго паўсловам.
Вайна аддалялася на ўсход, а ўладу на занятых землях брала ў свае рукi цывiльная адмiнiстрацыяш. Як выбралася адтуль войска, апусьцеў на некаторы час i школьны будынак сямiгодкi. Але ненадоўга. Занялi яго чыгуначнiкi й працаўнiкi Тодт'а.
Галоўна дзякуючы Кастусю Падгайскаму, на войта Немцы згадзiлiся вызначыць руплiвага й разважнага Беларуса Адама Бабра. Як адным з найважнейшых i неадкладных заданьняў, новы войт зацiкавiўся асьветай. Зьвязаўся зь мясцовым беларускiм актывам, нямецкiмi ўладамi, а пасьля i зь беларускай управай раёну, дзе школьным iнспэктарам назначаны быў стары й здольны настаўнiк Барыс Воран, якi неўзабаве падтрымаў Бабра й памог адкрыць у Гацях сямiгодку. Праўда, галоўнай прычынай адвалокi былi нямецкiя чыгуначнiкi, што яшчэ ў школьным будынку гаспадарылi. Хутка й спраўна вырасьлi пры чыгунцы баракi й неўзабаве туды перабралiся Немцы. Нарэшце будынак школьны ў беларускiх руках апынуўся. Ды ён патрабаваў немалога рамонту. Каго просьбамi, а каго навет i пагрозамi, войт Бабёр мабiлiзаваў даволi мясцовых людзей i неўзабаве клясныя пакоi засьвяцiлi сьвежай вапнай, а школа зазьзяла чысьцiнёй.