Шрифт:
Мэтр Жан Маяр у маладосцi шмат вандраваў, жыў бурлiвым жыццём шкаляра ў Францыi i Iталii, заўзята вывучаў медыцыну i фiласофiю i спазнаў нямала лёгкiх жыццёвых радасцей. Ён меў за абавязковае правiла не наракаць на лёс, i падобна было на тое, што ён зусiм не шкадаваў свайго блiскучага мiнулага. У той дзень, калi ён даведаўся, што падхапiў праказу (гэта было дзесяць гадоў таму, калi яму толькi мiнула сорак), ён не стаў пасылаць небу дарэмных праклёнаў. Ён пачаў наглядаць сабе лепразорый з добрым клiматам, бо шукаў месца спачынку. Гара Хворых спадабалася яму, i ён, на вялiкую радасць абату, якi ў яго асобе прыдбаў прыемнага таварыша i ўмелага лекара, прыехаў туды сам, не чакаючы, пакуль яго прымусяць. Яго дэвiзам было: "Праказа забiвае павольна". Ён па-фiласофску суцяшаўся гэтай думкай.
У той вечар Тама д'Арфёй быў не ў гуморы, што з нейкага часу не раз здаралася з iм. Паўздыхаўшы з-за манастыра, якi разбураўся без догляду, ён пасмуткаваў з прычыны жорсткасцi веку i заняпаду хрысцiянскiх дабрачыннасцей.
– Мiласэрнасцi больш няма ў каралеўстве. Нiкому няма клопату да няшчасных. А пракажоным не засталося нiчога, акрамя агiды. У мiнулым стагоддзi нiводзiн сеньёр не адважыўся б ставiцца да iх так, як сёння гэта робiць апошнi мужык. У тыя часы заўсёды хапала набожных душ, у якiх можна было знайсцi спагаду. I прыклад падаваўся зверху, я ведаю. Наш святы кароль Луi спачыў якраз незадоўга да майго нараджэння, але калi я быў падлеткам, яшчэ распавядалi, як ён абышоўся з надзвычай страшным пракажоным у Руамонцкiм абацтве. Калi пракажоны з'явiўся там, наш лiтасцiвы кароль сам узяў на сябе клопат пра небараку, якi быў падобны да д'ябла. Ён пацалаваў яго рукi i твар, прыслужваў яму за сталом, выбiраў i сам падносiў да ягонага азызлага рота лепшыя кавалкi. Ён абмыў яму ногi. Цяжка назваць такую агiдную паслугу, якую б ён яму не зрабiў.
– Так наш лiтасцiвы кароль зарабляў сабе вечнае жыццё, - сказаў лекар.
Абат пацiснуў плячыма i працягваў:
– I гэты прыклад меў свой плён. Тады людзi былi больш лiтасцiвыя да няшчасных. Прыклад караля натхняў штодня святыя душы, якiя не баялiся наблiжацца да пракажоных.
– Але, - ухвальна азваўся Жан Маяр, скрывiўшы сваю вялiзную сатыраву губу ў адмысловую грымасу.
– Можна нават сказаць, што тады каралеўства кiшэла святымi, як мора рыбай. Не было рыцара, абата, манаха, набожнага буржуа, якi б не iмкнуўся знайсцi досыць страшнага пракажонага, каб, пацалаваўшы яго, адным махам здабыць вечнае збавенне i пры гэтым вызначыцца ў вачах караля. Нiколi, абат, ногi жабракоў не абмывалi лепей, чым тады. Нiколi пракажоных так не шкадавалi i не песцiлi. Я пытаюся ў сябе, цi цанiлi поўнай мерай адны i другiя гэтую дабрачыннасць i, што асаблiва важна, цi адчувалi яны належны гонар ад таго, што накiроўвалi гэтулькi душ у царства божае.
– Смейцеся, пане фiлосаф, - сказаў абат, - але мне страшэнна бракуе мiласэрнасцi, i праз гэта церпiць усё насельнiцтва лепразорыя. Што зробiш! У нашага караля Фiлiпа менш за ўсё балiць галава за пракажоных. Ён займаецца толькi вайною...
– I робiць гэта вельмi кепска, - перабiў лекар, - а яго васалы ваююць яшчэ горш i думаюць толькi, як набiць каўбух. Мяхi з вiном, акаваныя жалезам, няздатныя пабiць ангельцаў нават двое на аднаго... А што да нашых пракажоных, абат, то я лiчу, што яны добра прыстасавалiся да сваёй iзаляцыi.
Абат уздыхнуў:
– Гэта яшчэ горш. Яны прайшлi праз пакуты. Эгаiзм i злосць хваробы больш заразныя, чым праказа. Iхнiя сэрцы зачарсцвелi, i яны капiруюць паводзiны жыхароў далiны. Нi ў кога няма нiякага жалю да свайго брата. Вiдушчы пракажоны пагарджае сляпым. Бязносы пракажоны абыходзiць пракажонага, пакрытага язвамi...
– I ўсе ўцякаюць ад пракажонага мурына. Ваша праўда, але, я вам не раз казаў, пры нашай iзаляцыi павiнен быў узнiкнуць нейкi грамадскi парадак.
– Мне не патрэбны вашы абгрунтаваннi, - гнеўна крыкнуў абат.
– Я ўсяго толькi бедны пастыр i лiчу, што гэтыя норавы агiдныя, але, што яшчэ горш...
Ён замаўчаў i прыгубiў чарку. Гэта быў спектакль. Ён нязграбна прытуляў сваю адвiслую, як у каня, нiжнюю губу да чаркi, амаль цалкам абхоплiваючы яе, i адначасова хлябтаў языком, як гэта робяць жывёлы. Лекар, употай назiраючы за iм, думаў, што яго сябар рабiўся ўсё больш i больш падобны да льва, але сёння гэта быў сумны леў, i гэта яму пасавала.
– Яшчэ горш, - працягваў абат, паставiўшы чарку, - я з жахам заўважаю, што i сам паддаюся гэтаму эгаiзму, якi мяне засмучае. Мне ўсё цяжэй быць мiласэрным да маiх пракажоных братоў. Кажу вам, нам патрэбен свежы струмень. Бываюць вечары, калi ад усёй гары тхне праказай. Ад гэтага паху знiкаюць усе хрысцiянскiя дабрачыннасцi.
– Што ж, я згодны, ад яе тхне праказай, - сказаў лекар.
– Пах непрыемны, але цярпець можна, да яго можна прызвычаiцца, калi ты трошачкi фiлосаф. Да таго ж ён адганяе лiхiх людзей i вашых цяперашнiх баязлiвых хрысцiян, не забывайцеся пра гэта.
Ён збiраўся дадаць яшчэ нешта мудрае, калi з двара пачулiся крыкi брата Роза.
4
– Святы, брат абат! Бог нам паслаў святога! Ён прыйшоў, ён тут!
Абат здрыгануўся. Яго пляскаты нос зморшчыўся, як морда ўстрывожанага льва. Гэтая навiна, якая так цудоўна супала з ягонымi цяперашнiмi турботамi, здалася яму пасланнем нябёсаў. Ён ускочыў з крывога зэдлiка i падышоў да акна. Са свайго пакоя на другiм паверсе кляштара ён бачыў усю невялiчкую плошчу, на якую выходзiла цэнтральная вулiца лепразорыя. З наблiжэннем ночы над гэтым месцам звычайна апускалася панурая цiша, але ў гэты вечар лямант брата Роза выклiкаў дзiўнае рэха.
Дабрадзейны манах, спынiўшыся перад акном, не супакойваўся:
– Ён прыйшоў аднекуль вельмi здалёк, брат абат. Гэта вiдаць па яго запыленым адзеннi. Ён падышоў да мяне. Ён глянуў мне ў твар i не ўцёк. Ён абняў мяне. Ад ягонага дыхання пахне ладанам i мiртам.
Жан Маяр нецярплiва забурчаў.
– Гэты манах з'ехаў з глузду, i праз яго ў нас будуць непрыемнасцi з жыхарамi далiны. Нейкi падарожнiк, пэўна ж, не ведаючы, што мае справу з пракажоным... Ты не крыкнуў, каб адагнаць яго? Ты не папярэдзiў, што ты хворы?
– гаварыў ён, звяртаючыся да манаха.
– Так патрабуе закон, ты добра гэта ведаеш.