Вход/Регистрация
Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)
вернуться

Булгаков Михаил Афанасьевич

Шрифт:

Паэт, якому ўсё, што паведамляў рэдактар, было навiною, уважлiва слухаў Мiхаiла Аляксандравiча, не адводзiў ад яго сваiх жывых зялёных вачэй, зрэдку iкаў, лаяў абрыкосавую ваду.

– Няма нiводнай усходняй рэлiгii, - гаварыў Берлiёз, - у якой бы, як правiла, непарочная дзева не нарадзiла б бога. I хрысцiяне не выдумалi нiчога новага, гэтаксама стварылi свайго Iсуса, якога на самай справе нiколi не было жывога на гэтым свеце. Вось на гэта i трэба зрабiць асноўны акцэнт...

Берлiёзаў тэнар уладарыў на пустым бульвары, i ў меру таго як Мiхаiл Аляксандравiч улазiў у нетру, у якую лезуць i не баяцца скруцiць сабе шыю толькi вельмi адукаваныя людзi, - паэт даведваўся ўсё болей i болей цiкавага i карыснага i пра эгiпецкага Азiрыса, добрага бога i сына Неба i Зямлi, i пра фiнiкiйскага бога Фамуза, i пра Мардука, i нават пра меней вядомага грознага бога Вiцлiпуцлi, якога вельмi ўшаноўвалi некалi ацтэкi ў Мексiцы.

I вось якраз у той час, калi Мiхаiл Аляксандравiч расказваў паэту пра тое, як ацтэкi ляпiлi з цеста фiгурку Вiцлiпуцлi, на бульвары паказаўся першы чалавек.

Пасля, калi, шчыра кажучы, было ўжо па часе, розныя ўстановы далi свае зводкi з апiсаннем гэтага чалавека. Параўнанне iх не можа не выклiкаць здзiўлення. Гэтак у першай зводцы сказана, што чалавек быў маленькi ростам, меў залатыя зубы i накульгваў на правую нагу. У другой - што чалавек высокi ростам, каронкi ў яго плацiнавыя, кульгаў на левую нагу. У трэцяй лаканiчна паведамляецца, што асаблiвых прыкмет у чалавека не было наогул.

Трэба адзначыць, што нiводная з гэтых зводак нiчога не вартая.

Перш за ўсё: нi на якую нагу чалавек не кульгаў i ростам быў i не маленькi i не вялiкi, а сярэднi. Што датычыць зубоў, то з левага боку ў яго былi плацiнавыя каронкi, а з правага - залатыя. Быў ён у дарагiм шэрым гарнiтуры, у замежных, пад колер гарнiтура, туфлях. Шэры берэт зухавата ссунуты на вуха, пад пахай нёс кiй з чорным набалдашнiкам у выглядзе галавы пудзеля. З выгляду - гадоў за сорак. Рот нейкi крывы. Твар чыста выгалены. Брунет. Правае вока чорнае, левае чамусьцi зялёнае. Бровы чорныя, але адно брыво вышэй за другое. Адным словам - чалавек з-за мяжы.

Чужаземец прайшоў паўз лаўку, на якой размясцiлiся рэдактар i паэт, скоса зiрнуў на iх i раптам сеў на суседняй лаўцы, за два крокi ад сяброў.

"Немец", - падумаў Берлiёз.

"Ангелец, - падумаў Бяздомны, - бач ты, i не горача яму ў пальчатках".

А чужаземец зiрнуў на высокiя дамы, якiя квадратам акружалi сажалку, i стала зразумела, што бачыць ён гэтае месца ўпершыню i што яно яго зацiкавiла.

Ён спынiў позiрк на верхнiх паверхах, якiя слiпуча адлюстроўвалi шклом паламанае i назаўсёды адыходзячае для Мiхаiла Аляксандравiча сонца, потым паглядзеў унiз, дзе вокны надвячоркава зацямнелiся, нечага паблажлiва ўсмiхнуўся, прыплюшчыўся, рукi паклаў на набалдашнiк, а падбародак на рукi.

– Ты, Iван, - гаварыў Берлiёз, - вельмi добра i сатырычна, напрыклад, апiсаў нараджэнне Iсуса, сына божага, але цымус у тым, што яшчэ да Iсуса нарадзiўся цэлы шэраг сыноў божых, як фрыгiйскi Ацiс, а карацей кажучы, нiводзiн з iх не нараджаўся i нiводнага не было нiколi, у тым лiку i Iсуса, i таму неабходна, каб ты замест нараджэння i, скажам, прыходу валхвоў, напiсаў аб недарэчных чутках пра гэтае нараджэнне... А то атрымлiваецца з твайго расказу, што ён i сапраўды нарадзiўся!..

Тут Бяздомны паспрабаваў спынiць iкаўку, якая замучыла яго, затрымаў дыханне, а таму iкнуў яшчэ пакутлiвей i мацней, i ў гэтае ж iмгненне Берлiёз перастаў гаварыць, таму што чужаземец устаў i накiраваўся да пiсьменнiкаў.

Тыя здзiўлена паглядзелi на яго.

– Прабачце, калi ласка, - загаварыў незнаёмец з чужаземным акцэнтам, але слоў ён не калечыў, - што я, незнаёмы, дазваляю сабе... але сам прадмет вашай вучонай гаворкi гэтакi цiкавы, што...

Тут ён ветлiва зняў берэт, i сябрам нiчога iншага не заставалася, як устаць i пакланiцца.

"Не, хутчэй за ўсё француз..." - падумаў Берлiёз.

"Паляк", - падумаў Бяздомны.

Неабходна дадаць, што паэту чужаземец адразу ж здаўся непрыемным, а Берлiёзу хутчэй за ўсё спадабаўся, ну, не зусiм каб спадабаўся, як бы гэта сказаць... заiнтрыгаваў, цi што.

– Дазвольце, я прысяду?
– ветлiва папрасiў чужаземец, i сябры неяк мiжволi вызвалiлi мiж сабой месца; чужаземец спрытна сеў памiж iмi i адразу ж уключыўся ў гаворку.

– Калi я правiльна пачуў, вы сказалi, што Iсуса не было на свеце?
– спытаў чужаземец i зiрнуў на Берлiёза сваiм левым зялёным вокам.

– Вы правiльна пачулi, - ветлiва адказаў Берлiёз, - якраз гэтак я i гаварыў.

– Вой, як цiкава!
– усклiкнуў чужаземец.

"А якога д'ябла яму ад нас трэба?" - падумаў Бяздомны i насупiўся.

– А вы згодны з вашым субяседнiкам?
– пацiкавiўся незнаёмы, павярнуўшыся ўправа да Бяздомнага.

– На ўсе сто!
– пацвердзiў той, бо любiў гаварыць з выкрунтасамi i фiгуральна.

– Цудоўна!
– усклiкнуў няпрошаны субяседнiк, чамусьцi як злодзей азiрнуўся i прыцiшаным голасам сказаў: - Даруйце мне за настырнасць, але я зразумеў, што вы, акрамя ўсяго, i ў бога не верыце?
– ён зрабiў спалоханыя вочы i дадаў: Клянуся, я нiкому не скажу.

– Але, мы не верым у бога, - паблажлiва ўсмiхнуўся з перапалоху турыста Берлiёз, - пра гэта можна гаварыць зусiм адкрыта.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: