Вход/Регистрация
Адна ноч
вернуться

Быков Василий Владимирович

Шрифт:

Ад некалькiх роспачных рыўкоў палепшала; Валока вызвалiў шыю i, здаецца, пачаў асiльваць немца. Тады ў пачуццi шыбанула злосць i недзе ў свядомасцi мiльгануў люты намер забiць адразу ж, - ён набавiў сiлы. Баец цяпер зразумеў, што яму можа дапамагчы тут. Валтузячыся i сапучы, ён намацаў нагамi сцяну, зноў упёрся ў яе i пхнуўся ўсiм целам на ворага. Той зноў апынуўся ўнiзе Валока нешта замычаў ад зларадства i, усе больш заходзячыся ад лютасцi, урэшце дабраўся да варожае шыi.

– I-i-i, э-э!
– мычаў немец, i Валока адчуваў, што перамагае. Вораг прыкметна збавiў iмпэт i толькi абараняўся, хапаючыся за разлютаваныя Валокавы рукi i шалёна тузаючыся. Валоку, аднак, вельмi замiнала сумка з дыскамi, якая перакруцiлася на баку, трапiла пад немца i почапкай трымала яго, як на прьшязi. Пасля, змагаючыся, Валока зноў страцiў апору, у валтузнi недзе прапала сцяна; ногi шкрэблi па слiзкай падлозе, але баец з усяе сiлы трымаўся наверсе i не выпускаў варожае шыi.

Немец роспачна затрапятаў, заенчыў, захрыпеў, iрвануў аберуч ягоныя рукi, ляпнуўся аб бетон галавой, напружыўся, кiнуўся ўбок выгнутым целам. Толькi Валока не выпускаў яго, ямчэй прыналёг плячом, ухапiў пяцярнёй горла i цiскануў.

Але ў той момант здарылася штосьцi страшнае.

Грымотны пярун ударыў у вушы, здрыганулася i рухнула ў нейкае бяздонне падлога, чорнае падзямелле громам i грукатам абрушылася на чалавека. На галаву, спiну, плечы рынула цэгла, зямля, пясок, задушыла нейкiм смуродам, балюча ўдарыла ў голаў, навалiлася i прыцiснула... Валока iнстынктыўна хiснуўся ад немца, ускiнуў над сабою рукi, затулiўся, бездапаможна падставiўшы абвалу потную, пабiтую спiну.

Грымоцце, аднак, хутка спынiлася, сцiхнуў абвал, але ўсё Валокава цела скавалi цесната i цяжар. Нельга было нi выдыхнуць, нi варухнуцца, i толькi ў свядомасцi блiскала кароценькая i радасная думка: "Жывы". Але не было паветра, i ён задыхаўся ад пяску i нейкага смярдзючага ўдушша. Адчуўшы, што гiне, Валока рвануўся з тае магiлы; нешта туга, але падатлiва рассунулася над iм, ён шпарка задыхаў i расплюшчыў запарушаныя пяском, балючыя вочы.

2

Дзiва, як ён уцалеў.

Навокал ужо не было ранейшай цемры, разам з ею знiк недзе i халаднаваты прастор склепа. Было душна, i скрозь грувасцiўся цагляны ды бетонны друз. Спачатку Валоку здалося, што выбухам ён адкiнуты кудысьцi з таго месца, дзе бiўся з немцам, але, угледзеўшыся ў прыцемкi, пазнаў абсыпаныя шчэбнем уцалелыя крутыя прыступкi, з якiх ён звалiўся сюды. Iх было толькi шэсць; вышэй разламаная бетонная плiта, як крыга ў паводку, касабочыла са столi i, упершыся рабром у лесвiцу, загароджвала выхад. З другога боку, наўкось ад Валокi, урэзалася канцом у завалены цэглай дол шырокая двухтаўровая бэлька. Яна была сагнута, - пэўна, ад выбуху, i калi б упала на якiх паўметра блiжэй, дык наўрад цi давялося б цяпер Валоку бачыць яе.

Павярнуўшыся, баец вызвалiў ад завалля рукi, прыўзняўся, але ногi былi яшчэ моцна нечым прыцiснуты. Цi ён аглух, цi сапраўды было зусiм цiха, толькi ў вушах нешта вiсклiва, працягла i балюча звiнела. Пакрысе ён павярнуўся на бок i паспрабаваў устаць. Ногi, здаецца, уцалелi, рукi таксама, толькi адна вельмi балела ў плячы. Ссыпаючы з сябе пыл i абломкi, ён прыўзняўся на руках, выцягнуў з-пад друзу адну нагу, пасля другую i сеў. I тады з грудзей яго прарваўся сударгавы нястрымны кашаль. Валока аж захлiпаўся ад ўдушша, грудзi разрывалiся; пыл i пясок забiлi, мусiць, усе лёгкiя. Уздрыгваючы ўсiм целам, некалькi пакутных хвiлiн чалавек кашляў i адплёўваўся i пасля, калi палегчала, зноў агледзеўся наўкола.

Так, яго добра завалiла тут. Завалiла лесвiцу i склеп, уцалеў толькi змрочны закутак за прыступкамi ды якiх метры са два ля выхаду. Той бок склепа, насупраць ад увахода, быў зусiм забiты цэглай, бетоннымi глыбамi; столь над iм скасабочылася, разламаўшыся на кавалкi, i з чорных шчылiн дзе-нiдзе тырчала ржавая арматура. З адной такой шчылiны ў паўзмрок сутарэння цадзiўся знадворку тоненькi мiльготкi праменьчык. У iм, роячыся, густа блiскалi пылiнкi, i ён ледзьве прабiваўся да долу, дзе клаў на цагляны зломак прыцьмелую плямку святла. Ад гэтай яго кволай спробы прабiць змрок i было тут трошкi вiдна.

Паматаўшы галавой, Валока вытрас з вушэй пясок i ўчуў, як глухiмi ўздыхамi з-пад зямлi данеслiся сюды гукi вайны - выбухi, далёкi маторны гул i глухаватыя кулямётныя чэргi. Гэта насцярожыла i заклапацiла; падумалася, што трэба хутчэй вылазiць, бо рота, мусiць, ужо адышлася далека. Баец падняўся на ногi i, спатыкаючыся, пабрыў было да прыступак. Там ён агледзеўся, убачыў i выцягнуў з-пад шчэбня свой згублены аўтамат, рукавом выцер яго ад пылу. Тое, што знайшлася зброя, трохi супакоiла яго; чалавек аддыхаўся i адчуў, што болей за iншае балiць плячо. Упершыню ён успомнiў тады пра немца. Вядома, таму ўжо капец; прыбiла, напэўна, у куце; так, дзякаваць Богу, не давялося i душыць, падумаў Валока. Да немца, мёртвага, у байца злосцi ўжо не было.

Угары зноў прыглушана загрукацелi чэргi, то наш "дзягцяр"; Валока пазнаў бы яго дзе хочаш. Гэта ўзбадзёрыла байца. Прыгнуўшы голаў, ён абмацаў навiслую над прыступкамi глыбу, паднатужыўся, паштурхаў, аднак нiчога нiдзе не кранулася. Мусiць, зверху яго тут добра прывалiла нечым. Але як жа тады выкараскацца? Пакутуючы ад болю, ён сышоў з прыступак, угледзеўся ў змрок пакарэжанага падстолля. Нiдзе нiякае дзiркi, нiякай адтулiны, здатнай для таго, каб можна было пралезцi. Зрушваючы абломкi цэглы, баец ускарабкаўся на кучу друзу пад промнем i ў другiм месцы памацаў рукамi скасабочаную патрэсканую столь. Адзiн кавалак бетону кратаўся, але толькi ледзь-ледзь хоць i быў разламаны, ды ўсё ж трымаўся, пэўна, на арматуры. Валока зазiрнуў у шчылiну, але там, апроч добра асветленых на зломе тоўстых яе краёў, нiчога не было вiдаць.

Што ж рабiць, - як вылезцi, няўжо няма нiякага ходу? А можа, трэба крыкнуць, паклiкаць на дапамогу? А калi тут паблiзу немцы? Хто ведае, цi ўтрымалi нашы той сквер? Такая бамбёжка, мусiць, дала немцам якую карысць. Ён злез з друзу, зазiрнуў у цёмны куток збоч лесвiцы - скрозь пыльнае цаглянае завалле. Колькi трэба перакапаць яго, каб дабрацца да якой праломiны! Дык што ж рабiць!

Раптам на кучы цэглы i ламачча варухнуўся кавалак цаглiны. Пасля, крануты аднекуль знутры, заварушыўся друз i яшчэ некалькi кавалкаў ссунулася ўнiз. Валока здрыгануўся, сумеўся i ажно прыгнуўся, углядаючыся. "Вось табе i на!" без страху, поўны аднаго толькi здзiўлення, сказаў ён сабе. I у той жа час згледзеў край чорнага,акаймаванага галуном пагона, засыпанае глiнай плячо мундзiра, i раптам нечакана акрэслiўся дагэтуль не заўважаны ў паўзмроку твар немца. Яго немаладыя, вiльготнага бляску вочы чамусьцi вельмi напружана, быццам збянтэжана глядзелi на байца.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: