Вход/Регистрация
Незагойная рана
вернуться

Быков Василий Владимирович

Шрифт:

– Цi тут вы, цётка?
– пачуўся з парога знаёмы голас суседскай дзяўчыны Ўльянкi. Збянтэжаная неспадзяванасцю Тэкля маўчала, не ў стане супакоiць даўнi прывычны боль.

– Што ж гэта вы лямпы не палiце? А я прыйшла па запалкi, калi багаты. У нас, каб на iх лiха, гэтыя курцы за дзень усе павыцягалi. Не накупляешся на iх, дымакураў.

Тэкля моўчкi слухала i не чула дзявочай гамонкi, у галаве яе плылi маркотныя даўнiя думкi. Неяк няўцямна старая намацала на прыпечку няпоўны карабок запалак, аддала дзяўчыне. Тая ўсё балбатала пра тое ды гэта, а потым, нiбы адчуўшы, як далёка яе размовы ад сэрца жанчыны, змоўкла i, ужо ўзяўшыся за клямку, уздыхнула.

– Не мучцеся вы ўжо. Што ж зробiш? Калi дзе жывы, дык вернецца. А калi не... Калi не, дык трэба забыцца ўжо.

– Цi ж можна забыцца?
– пакутлiва адгукнулася Тэкля.
– Калi б хоць ведала, што няма, дык лягчэй было б. А так вось... У заўтрашнi дзянёк якраз нарадзiўся ён, перад пакровамi. Нарадзiўся на белы свет, а шчасцейка, вiдаць, не суджана было. Ляжаць можа дзе адны костачкi - ведаць бы хоць, у якой зямельцы - цi ў сваёй, цi - крый божа - у нямецкай.

Дзяўчына няёмка пераступiла ля парога, баючыся, што старая расплачацца i немаведама як тады супакоiць яе матчына гора. Але працяглы боль ужо высушыў слёзы старой Тэклi, толькi сэрца гарэла ад нясцерпнай пакуты.

У гэты вечар яна не палiла ў грубцы i не засвяцiла лямпы. Яна ўзлезла на печ, трохi яшчэ цёплую зранку i, накрыўшыся свiткай, скурчылася на ўскрайку. Яна не заснула, ды i не намагалася зрабiць гэта, а ляжала так, не заплюшчваючы вачэй, i ў змроку хаты перад ёй паўставалi даўнiя, але незабыўныя малюнкi.

...Ён нарадзiўся ў гэткi ж, як сёння, ветраны восеньскi дзень - маленькi крыклiвы хлопчык. Бацька толькi што перахварэў на тыф, ужо ўзняўся, хадзiў, але быў яшчэ кволы i слабы. Першы сынок стаў вялiкай уцехай у гэтай крайняй у вёсцы хацiне. Абое з бацькам яны выняньчылi, выхадзiлi яго, радавалiся яго першым крокам i першым словам. Iшоў неўзаметку час, i рос бялявы, цiхмяны хлопчык - ласкавы, велiкалобы, жвавы. У пяць год ён ездзiў з бацькам у поле, на начлег, пасвiў гусi, а потым, калi нарадзiлася Марыська, стаў няньчыць яе. Вучыўся ён добра, на святы прыносiў маленькiя школьныя прэмii: сшыткi, пенал, каляровыя алоўкi. Суседзi хвалiлi сына, i часта матчына сэрца мацней бiлася ад радасцi.

I Васiлька пасля школы падаўся далей, у гарадскi тэхнiкум, дзе вучылiся на настаўнiкаў. Тады ж яна зведала першы боль ростанi i першую чароўную радасць сустрэчы. Ён быў зусiм яшчэ падлетак, а ўжо яго паважалi ў вёсцы, суседкi зайздросцiлi Тэклi, мужчыны хвалiлi сына, а ён усё, як i ў дзяцiнстве, быў цiхмяны, сарамлiвы i стрымана ласкавы з мацi. Яна тады ўжо засталася адна бацька няшмат пражыў са слабым здароўем i неяк памёр напрадвеснi. У той год Васiлька канчаў вучобу, пасталеў, падрос, раздаўся ў плячах. I аднойчы, на нейкае свята, у час яго кароткага гасцявання дома, адчула мацi, што ўжо скончылася дзяцiнства яе белагаловага хлапчука i з iм - яе, матчына, улада над сынам.

Ёй добра памятны той цёплы майскi адвячорак, калi ў паветры пахла таполяй, маладым бярозавым лiсцем. Гудзелi на панадворку хрушчы, недзе ў вёсцы граў гармонiк, i яна, успомнiўшы, што трэба да вечарынкi накармiць сына, пайшла за хату ў агародчык гукнуць яго. Ён там чытаў нешта, але калi мацi ўбачыла яго, Васiль, безуважны да кнiгi, неяк устрывожана i пiльна назiраў з-пад рабiны на палымяны разлiў зары. Мацi пяшчотна паклiкала, але ён не паварушыўся нават, усё глядзеў на захад, а потым азваўся i сказаў такое, што назаўжды разбурыла спакой у матчыным сэрцы:

– Мама, глянь: бачыш, якi захад? Праўда, падобна на вялiзнае пажарышча? А бадай, i сапраўды запалае зямля. Вайна будзе, мамачка. Я пайду туды, застанецеся вы з Марыськай.

Яна моцна спалохалася, памятае, зразумеўшы страшны сэнс тых слоў, заплакала, а ён ускочыў, абняў яе i супакойваў, як мог, кажучы, што, можа, яшчэ ўладкуецца ўсё пацiху. Але калi яна сцiхла, працяла благое прадчуванне, ён сказаў ужо сур'ёзна i цвёрда, як узмужнелы сталы мужчына:

– Усё ж, калi што здарыцца, я пайду, мама. Прызавуць цi не, а пайду: так трэба.

Яна не разумела ўсяго, але верыла, што калi казаў ён гэта, то сапраўды так трэба было, i не адгаворвала, не ўпрошвала яго.

I ўсё ж у сэрцы яе ён заставаўся маленькiм, добрым белагаловым хлопчыкам, якому патрэбна была яе любоў i яе клопат. Усё здавалася ёй у страшныя гады вайны, што яму недзе цяжка, што ён знемагае ад болю, ад сцюжы, ад голаду. I яна не знаходзiла сабе месца ў хаце - хацелася бегчы, знайсцi яго, памагчы, прыняць частку яго цяжару на свае плечы. Але куды было бегчы i дзе шукаць?

Iшлi гады. Яны неслi роспач, радзей кароткую, як проблiск восеньскага сонца, радасць. Людзi прыходзiлi з вайны, з партызан, многiя былi паранены, але жывыя, за другiх прыйшлi весткi аб iх гiбелi. Па iх паплакалi мацi i патроху супакоiлiся - страчанага не вернеш. Тэкля ж усё чакала - доўга, цярплiва, без скаргаў, а ён не iшоў, не адзываўся. Яе суцяшалi суседзi, колькi разоў угаворвала Марыська, якая ўжо выйшла замуж i жыла ў далёкай вёсцы. Зяць пры кожнай сустрэчы цярплiва запрашаў яе да сябе - там гадавалiся ўнукi, i яна была дужа патрэбна. Але Тэкля ўсё не магла адцурацца хацiны, дзе нарадзiўся сын i якую яна ўпарта доўгiя гады берагла для яго.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: