Вход/Регистрация
Млечны Шлях
вернуться

Чорный Кузьма

Шрифт:

– Кончуся зараз, - сказаў тоўсты.

– Што вы жуеце?
– прахапiўся нейк раптам самы маладзейшы, дапытлiва сочачы за тымi двума. Ён не бачыў, як адзiн iрваў траву, а другi паднiмаў з-пад ног корань.

Бык стаў. Сталi i яны. Бык спусцiў мысу ў зямлю, як бы нюхаючы ў сябе каля капытоў. Усе ўчатырох селi на зямлю.

– Цяпер мы яго дагналi б, - сказаў маладзейшы.
– Ой, як холадна. У мяне шыя спацела... Памру з голаду.

– Я ледзьве жыву, - абазваўся той, што ў летнiм пiнжаку.

– Бык лёг!
– жвава сказаў самы старэйшы.

Дзiўна было: як адразу апанавала яго такое ўзбуджанне.

Бык сапраўды ляжаў.

– На быка!
– гукнуў адразу тоўсты ў кажуху. Усе ўчатырох усхапiлiся i пабеглi. Бык устаў i пабег. Учатырох зноў гналiся за iм, выбiваючыся з сiл. Скрозь мерзлае поле, i паабапал зноў дробныя ляскi. Перад iмi зачарнелася пажарышча. Абкуродымленыя печышчы тырчэлi з халодных асмалкаў. Больш як на кiламетр цягнуўся гэты малюнак. Далей бык абмiнуў пагнутую i збiтую з лафета гармату на краi ямы. I зноў пайшло поле. Сонца ляжала на iм чырвоным бляскам. Дзень канчаўся. Беглi яшчэ, пакуль не зачарнелася перад iмi нейкае як бы чалавечае жытло. Тырчэў журавель ад студнi, i добра вiдна была доўгая i нiзкая хата на тры вокны ў падоўжнай сцяне. Крытая гонтай i абгароджаная жэрдзяным плотам хата здавалася сумнаму воку беспрытульнага чалавека дасягнутым шчасцем. I гэта тым больш таму, што гэтыя ўчатырох, пакуль гналiся за рыжым быком, шмат мiнулi ў чыстым полi вялiкiх i малых пажарышчаў, дзе асмалкi тырчэлi з попелу i попел быў як вечны колер сатлелага жыцця. Гэтае чалавечае жытло з'явiлася перад iмi ў пустэчы, як вялiкi дар ласкавага лёсу. Сонца было ўжо над самым заходам, i чырвоныя водблескi яго люстравалiся ў шыбах гэтай хаты. Непадалёку ад агароджы расло некалькi хвояў, выносiстых i азалочаных сонцам. За iмi быў невялiкi лес. На фоне яловай зелянiны вельмi выразна рысавалася запозненая жаўцiзна нейкага дрэва. Была ў агароджы i брама з нiзкiх шчыкетаў стаяком. Брама была адчынена. На адной шчыкецiне ў ёй вiсела звязаная з сiняй шэрсцi жаночая кофтачка. Усе заўважылi яе, як толькi ўбеглi ў браму. Рыжы бык адно мiльгануўся сваiм колерам паўз вокны ў двары, дапаў да сцяны рагамi ў яе i так застыў на месцы. Тоўсты ў кажуху падняў нож, а самы маладзейшы сказаў:

– А можа тут жыве гаспадар яго?
– I пайшоў у сенцы, а ўсе за iм. Тоўсты зачынiў толькi браму i азiрнуўся на быка, якi нават i не паварушыўся. Дзверы не былi замкнёны. Клямка паднялася, i ўчатырох увайшлi ў сенцы. Яны былi вельмi прасторныя пры такой хаце i без столi. Адразу быў дах. Праз вакенца, выразанае ў адным бервяне, падаў сноп сонечнага прамення. Святло лiлося яшчэ i з дзiрак па застрэшшу. Гэта было апошняе святло дня перад яго адыходам у вечнасць.

У сенцах быў чалавек, заняты нейкай пiльнай работай. Вельмi можа быць, што ён крыху, а можа i як мае быць прыпалохаўся ад нечаканага з'яўлення гэтых чатырох i схаваўся за пiльнасць работы. Пад нагамi ў яго было пiлавiнне. Ён збiваў з дошак труну, памерам не на дарослага чалавека. Малатком ён заганяў у дошкi старыя адагнутыя цвiкi, спадылба пазiраючы на, здаецца, нежаданых гасцей. Яны маўчалi. Маўчаў i ён. Можа тое, што ён збiваў труну, стрымлiвала ўсiх ад гаворкi. Нават "добры вечар" нiхто не сказаў.

Ён быў драбнатвары, чарнявы, увiшны ў рабоце i жвавы рухам вачэй. Некалькi дзён да гэтага выгалены твар. Валасы на галаве нiзка падстрыжаны. На выгляд год яму было трыццаць. Адзеты ён быў так, як тут, у гэтых месцах, ужо гэтымi часамi не адзявалiся, i гэта адразу заўважыў самы маладзейшы з чатырох, той, што быў у зношанай чырвонаармейскай адзежы. Чалавек, якi рабiў у сенцах труну, быў у шарачковых нагавiцах, зрэбнай кашулi пад кароткай ватоўкай з афарбаванага ў руды колер палатна i ў падшытых скуратом лапцях.

– Добры вечар, - адумаўшыся, сказаў маладзейшы з чатырох.

Той моўчкi скланiўся i зноў пачаў заганяць цвiкi ў дошку.

– Вы гаспадар?
– сказаў маладзейшы.

– Я гаспадар i там гаспадар, - паказаў ён рукой на дзверы ў хату. Слова "гаспадар" ён выгаварыў нейк так: "гспдр".

– Рыжы бык у вас ёсць?
– запытаў маладзейшы.

Той або не пачуў, або не разабраў цi не разумеў. Ён маўчаў. Маладзейшы стукнуў у хатнiя дзверы, i адтуль адразу ж выйшаў чалавек сярэдняга веку, у ботах, чорным пiнжаку i адкiнутымi назад валасамi.

– Вы гаспадар?

– Я тут жыву.

– Рыжы бык у вас ёсць?

– Нiякага быка тут няма. У мяне няма.

У той жа момант усе шпарка выскачылi на двор i абступiлi быка. Тоўсты злаўчыўся i даў вялiкаю фiнкаю быку ў горла. Бык упаў на сагнутыя ў каленях пярэднiя ногi, i кроў хлынула з яго на мерзлую зямлю. Кроў пахла мокрым сiверам. Чалавек з адкiнутымi назад валасамi выйшаў на двор i разам з усiмi бачыў, як кончыўся бык. Малады ў летнiм пiнжаку сказаў адразу:

– Каб хоць раз укусiць чаго.

– Адзiн раз можна, а два не хопiць. Чаго ж вам прасiць есцi, калi ў вас гэтулькi мяса. Бярыце чыгуны i варыце.

Падазрона ён акiнуў вачыма невядомых прышэльцаў.

Адзежа яго была добрая, калiсьцi франтаватая, цяпер змятая i дзе-нiдзе заплямленая. Востры неспакой жыў у яго вачах i на твары.

– Прыгатуй чыгуны, - сказаў тоўсты.

– Чыгуны гатовы. Стаяць у хаце. Толькi ўзяць.

У яго яшчэ была i прыкрасць, што гэтыя невядомцы тут з'явiлiся. Нi словам, нi намёкам ён не пацiкавiўся, хто яны. Што ж! Брыдкi час, не варты чалавека. Чалавек не верыць сабе падобнаму. Вiдаць было, што гэты, з адкiнутымi валасамi, баяўся чапаць яму невядомых. Цiхом ён пайшоў у хату. Тым часам тоўсты ў кажуху вельмi спрытна ўвiхаўся. Ён ужо дзёр з быка скуру. Ён так увайшоў у гэты занятак, што, здаецца, забыўся на ўсё iншае. Апошняе сонечнае праменне знiкла з двара. Сонца зайшло. Папаўзло змярканне. Абыякавы стары паклыбаў да ганка. За iм i два, апроч тоўстага.

– Памагайце, - сказаў ён, i ўсе вярнулiся.

Быка абдзерлi нешта вельмi хутка, яшчэ завiдна.

– Трэба ж чыгуны ўзяць, - сказаў старэйшы.

– Па чыгуны пойдзем разам, - абазваўся той, што мёрз у летнiм пiнжаку. I гэта было вострае выяўленне таго, што чалавек не верыць нiкому з людзей. Не трэба спускаць другога з вока. Тоўсты ўскiнуў наапашкi кажух, якi ляжаў пры сцяне на зямлi, i ўсе пайшлi ў хату. Першы iшоў старэйшы. Ён пачынаў рабiцца вельмi дзейны. У сенцах той ужо канчаў труну. Яму свяцiла самаробная свяцiльня: у чарапку плаваў у чымсьцi чорным i гарэў кнот. Усе, i трунны майстар следам, увайшлi ў хату.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: