Вход/Регистрация
Тамтэй (на белорусском языке)
вернуться

де Мопассан Ги

Шрифт:

Я сплю доўга - дзве цi тры гадзiны, - пасля мяне пачынае душыць жах. Я добра адчуваю, што ляжу i сплю... Я гэта адчуваю i ведаю гэта... Я адчуваю таксама, як нехта падыходзiць, глядзiць на мяне, абмацвае мяне, залазiць у ложак, кленчыць у мяне на грудзях, бярэцца рукамi за шыю i сцiскае, сцiскае з усяе моцы, каб задушыць мяне.

Я спрабую адбiвацца, але мяне нiбы звязвае тое страшнае бяссiлле, што паралiзуе нас у сне, я хачу закрычаць - i не магу, хачу паварухнуцца - i не магу, нялюдскiмi намаганнямi, задыхаючыся, я спрабую павярнуцца, скiнуць гэтую iстоту, што душыць, расцiскае мяне - i не магу!

I раптам я прачынаюся, ледзь не звар'яцелы, увесь у поце. Я запальваю свечку - у пакоi нiкога няма.

Пасля гэткага прыступу, якi паўтараецца кожнае ночы, я спакойна засынаю да ранiцы.

2 чэрвеня.
– Мой стан пагоршыўся. Што ж са мной робiцца? Бромiсты калiй не памагае, душ не памагае. Неяк, каб трошкi стамiцца, хоць я i без гэтага быў вельмi стомлены, я вырашыў прагуляцца ў Румарскiм лесе. Спачатку я думаў, што чыстае, лёгкае i мяккае лясное паветра, поўнае пахаў траваў i лiсця, напоўнiць мае жылы новай крывёю, а маё сэрца - новаю сiлаю. Я iшоў па шырокай дарозе, пасля збочыў на вузенькую сцежку, што вяла ў Лябуй. Абапал сцежкi два доўгiя рады незвычайна высокiх дрэваў распасцiралi нада мною сваю густую зялёную, амаль чорную лiстоту, закрываючы неба.

Раптам я здрыгануўся, не ад холаду, а ад нейкага незразумелага страху.

Я прыспешыў хаду, спалохаўшыся невядома чаго, нейкага глупства, цi, можа, маёй глыбокай самоты. Я баяўся застацца адзiн у гэтым лесе. I раптам мне здалося, што за мной нехта iдзе, зусiм побач, ледзь не наступаючы на пяткi, здаецца, вось-вось схопiць.

Я рэзка павярнуўся. Нiкога не было. Я ўбачыў за мною толькi простыя шырокiя прысады - яны былi высокiя i пустыя, да жаху пустыя. Я паглядзеў у другi бок - гэткiя ж самыя пустыя, вусцiшныя прысады, якiя вядуць у бясконцую даль.

Я заплюшчыў вочы. Нашто? I пачаў круцiцца на пятцы, хутка-хутка, як ваўчок. Ледзь не ўпаў. Пасля расплюшчыў вочы - дрэвы скакалi, зямля плыла. Я сеў. I, о Божа! зразумеў, што не ведаю, з якога боку я прыйшоў! Дзiва! Такое дзiва! Я напраўду зусiм заблытаўся. Пайшоў урэшце ў правы бок i выйшаў на дарогу, па якой я быў зайшоў у лес.

3 чэрвеня.
– Ноч была невыносная. Мне трэба на пару тыдняў некуды з'ездзiць. Маленькае падарожжа павiнна мне пайсцi на дабро.

2 лiпеня.
– Я вярнуўся. Здаровы. Зрэшты, вандроўка была выдатная. Я пабачыў гару Сэн-Мiшэль, дзе я нiколi яшчэ не быў.

Якое вiдовiшча адкрываецца вачам вандроўнiка, якi прыязджае ў Аўранш надвячоркам! Сам горад стаiць на ўзгорку. Мяне правялi ў гарадскi парк у самым канцы горада, i там я ўскрыкнуў ад захаплення. Перада мною, як скiнуць вокам, распасцiралася вялiзная бухта мiж двух берагоў, якiя адыходзiлi ў далячынь i знiкалi ў смузе. Пасярэдзiне гэтай вялiкай жоўтай бухты пад зiхатлiва залацiстым небам змрочна ўздымалася сярод пяскоў дзiўная спiчастая гара. Сонца ўжо зайшло, i на вячэрнiм гарызонце вырысоўваўся сiлуэт гэтай фантастычнай скалы з не менш фантастычнай будынiнай на вяршынi.

Як толькi развiднела, я накiраваўся да яе. Быў адлiў, як i напярэдаднi. Я паволi наблiжаўся да гары, i перада мною вырастаў дзiвосны кляштар. Праз некалькi гадзiн я прыйшоў да гары - вялiзнай крушнi камянёў. На ёй была маленькая вёсачка, а над усiм высiлася вялiкая царква. Я падняўся вузенькай вулкай i ўвайшоў у гэтую самую прыгожую гатычную пабудову на зямлi, вялiкую, як горад, поўную нiзенькiх пакояў, амаль расцiснутых пад скляпеннямi i высокiмi галерэямi, якiя трымалiся на далiкатных калонах. Я ўвайшоў у гэты велiзарны гранiтны палац, лёгкi, нiбы карункавы, з безлiччу вежаў, зграбных званiчак, куды вядуць стромкiя сходы. Яны ўздымаюць у благат дня або ў цемрадзь ночы свае незвычайныя галоўкi, абсыпаныя хiмерамi, д'ябламi, фантастычнымi жывёламi, пачварнымi кветкамi i злучаныя мiж сабою тонкiмi аркамi.

Калi я дабраўся да вяршынi, я сказаў манаху, што iшоў побач са мною: "Мой ойча, як вам тут добра!"

Ён адказаў: "Тут надта дзьме вецер, пане". Мы гаварылi, гледзячы, як прылiвае мора - яно набягала на пясок i адзявала бераг у сталёвы панцыр.

I манах пачаў апавядаць мне паданнi, звязаныя з гэтымi мясцiнамi, старадаўнiя легенды.

Адна асаблiва мяне ўразiла. Мясцовыя людзi, што жывуць на гары, сцвярджаюць, што ўночы можна пачуць, як у пясках крычаць дзве казы - адна мацней, другая цiшэй. Недаверлiвыя кажуць, што гэта крычаць марскiя птушкi, часам iх крыкi нагадваюць бляянне, а часам - чалавечы стогн. Але рыбакi, якiя позна вяртаюцца дадому, клянуцца, што сустракалi ў дзюнах старога пастуха. Твару яго нiхто нiколi не бачыў, бо ён ходзiць, увярцеўшыся з галавою ў плашч. Ён пасвiць казла з тварам мужчыны i казу з тварам жанчыны. У абаiх доўгая белая воўна, яны безупынна гавораць адно з адным, спрачаюцца на невядомай мове, а часам пачынаюць бляяць што стае моцы.

Я спытаўся: "I вы ў гэта верыце?"

"Не ведаю", - прамармытаў ён.

Тады я зноў спытаўся: "Але каб на зямлi апроч нас жылi яшчэ нейкiя iншыя стварэннi, дык няўжо ж мы за гэтулькi часу iх не зведалi б? Няўжо б вы iх не ўбачылi? Няўжо б я iх не ўбачыў?"

Ён адказаў: "Цi ж бачым мы хоць бы стотысячную частку таго, што iснуе вакол нас? Вось, прыкладам, вецер, наймагутнейшая сiла ў прыродзе, што збiвае з ног людзей, бурыць дамы, вырывае з коранем дрэвы, узнiмае ў моры вадзяныя горы, валiць скалы i разбiвае ўшчэнт вялiкiя караблi. Вецер забiвае, свiшча, стогне, раве, але цi бачылi вы яго, цi можаце вы яго ўбачыць? I аднак ён iснуе!"

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: