Шрифт:
Было яшчэ цёмна. Ледзь-ледзь на свет займалася, калi прачнуўся вецер. I трэба ж было цвiркуну ў гэтую нядобрую хвiлiну распачаць сваю песню. Агорнуты славаю, цвiркун цвiркаў ва ўсю моц, ад гэтага песня яго страчвала сваю мяккасць i лiрычнасць. Вецер прыслухаўся.
– Каго ж гэта так рана чэрцi дрэнчаць?
– прамовiў ён сам сабе i дадаў: Свяргоча, скрыпiць, як нямазанае кола на нямазанай дубовай восi з нямазаным падоскам.
Якраз на гэтую пару там пралятала сава-начнiца.
– А гэта, ваша мосць, цвiркун так спявае, - пачцiва адказала сава-начнiца.
– К чорту!
– зашумеў вецер.
– Ляцi, скажы гэтаму скрыпуну, каб заткнуўся!
Сава паляцела, а летучы выгуквала:
– Кi-гi! кi-гi! Хо-хо-хоо!
Ёй заўсёды было весела, калi хто з блiзкiх або знаёмых зрываўся з высокага месца i кацiўся ўнiз. Падляцеўшы да цвiркуна, сава загалёкала:
– Заткнiся! заткнiся! сцiхнi - так сам вецер казаў!
Саве хацелася нагаварыць шмат болей, але недалёкi ўсход сонца палохаў яе, i яна спяшалася ў сваё цёмнае дупло. Словы ж яе зрабiлi сваю справу. Праз кароткi час уся акруга ведала пра трагiчнае здарэнне з цвiркуном. Яго пачалi высмейваць i кпiць над iм.
– Спявак знайшоўся!
– Занадта многа забраў сабе ў галаву!
– Ведай, цвiркунок, свой на печы куток.
I нiхто не сказаў слова спачування.
Пакрыўджаны, зняважаны цвiркунок змоўк, не падаваў аб сабе нiякага знаку. На новай, цяпер зацiхшай эстрадзе дачакаўся ён цёмнага вечара i цiхенька, каб нiхто не бачыў, падаўся на сядзiбу бабкi-бабылкi. А як была яна рада, што яе цвiркунок зноў заняў сваю пазiцыю на печы! А калi цвiркун перажыў боль свайго падзення i зацвiркаў, бабка-бабылка аж заплакала ад радасцi.
I гэта была поўная i сапраўдная радасць.