Шрифт:
— Быццам я нешта забылася… быццам шмат што забылася. Ведаю… памятаю толькi цябе… i… i нiчога больш.
Я слухаў яе, стараючыся нiяк не выявiць сябе.
— Я была… хворая?
— Ну… можна сказаць i так. Нейкi час ты хварэла.
— Ага, вось, значыць, у чым справа.
Хэры адразу супакоiлася. Я не магу перадаць мой стан: калi яна маўчала, хадзiла, сядзела, усмiхалася, перакананасць, што перада мной Хэры, была мацнейшая за гнятлiвую трывогу. Пасля мне зноў пачало здавацца, што гэта не Хэры, а толькi яе спрошчаны вобраз, заснаваны на некалькiх характэрных словах, рухах, жэстах. Яна наблiзiлася да мяне амаль ушчыльную, уперлася кулачкамi ў мае грудзi i спыталася:
— Як у нас з табой? Добра цi дрэнна?
— Цудоўна, — адказаў я.
Яна ледзь прыкметна ўсмiхнулася.
— Калi ты так гаворыш, значыць, дрэнна.
— Што ты, Хэры! Ведаеш, дарагая, мне трэба зараз выйсцi, — хуценька прамовiў я. — Пачакай мяне, добра? А мо ты галодная? — дадаў я i раптам сам захацеў есцi.
— Галодная? Не. — Яна пакруцiла галавой, яе валасы рассыпалiся па плячах. — Мне чакаць цябе? Доўга?
— З гадзiну… — пачаў я.
— Я пайду з табой, — перабiла Хэры.
— Табе нельга iсцi са мной, мне трэба працаваць.
— Я пайду з табой.
Гэта была зусiм iншая Хэры: тая ў падобных выпадках нiколi не настойвала. Нiколi.
— Дзiцятка маё, гэта немажлiва…
Яна пазiрала на мяне знiзу, пасля ўзяла за руку. Я правёў далонню па яе руцэ, плячо было пругкае i цёплае. Зусiм не жадаючы, я лашчыў яе. Уся мая iстота прагнула яе, я хацеў яе насуперак розуму, насуперак усiм аргументам, насуперак страху.
З усяе сiлы стараючыся захаваць спакой, я паўтарыў:
— Хэры, гэта немагчыма, ты павiнна застацца.
— Не.
Як гэта прагучала!
— Чаму?
— Н-не… ведаю.
Яна азiрнулася i зноў падняла вочы на мяне.
— Я не магу… — прамовiла яна цiха.
— Чаму?!
— Не ведаю. Не магу. Мне здаецца… Мне здаецца…
Яна з цяжкасцю шукала адказу, а калi знайшла, то i для яе самой ён прагучаў нечакана:
— Мне здаецца, што я павiнна бачыць цябе… заўсёды.
Спакойная iнтанацыя хавала не пачуццi, а нешта зусiм iншае. Я гэта адчуў. Знешне ўсё заставалася па-ранейшаму: я абдымаў яе, гледзячы ў вочы, але пацiху пачаў заломваць ёй рукi за спiну, нерашучыя рухi сталi ўпэўненымi — я знайшоў сваю мэту. Вачыма я ўжо шукаў, чым можна звязаць яе.
Яе локцi, адведзеныя мною назад, стукнулiся i адначасова напружылiся з такой сiлай, якая звяла на нiшто мае намаганнi. Я змагаўся мо хвiлiну. Яна стаяла, выгнуўшыся назад, ледзь не краналася падлогi. У такiм становiшчы нават атлет не здолеў бы супрацiўляцца. А яна, няпэўна ўсмiхаючыся, вызвалiлася з маiх абдымкаў, выпрасталася i апусцiла рукi. Твар яе нават не здрыгануўся.
Яе вочы сачылi за мной гэтак жа спакойна, з цiкаўнасцю, як i напачатку, калi я прачнуўся. Яна, вiдаць, нават не заўважыла маiх адчайных высiлкаў, выклiканых прылiвам страху. Зараз яна стаяла абыякавая, засяроджаная, крыху здзiўленая, нiбыта нечага чакаючы.
Мае рукi апусцiлiся. Я пакiнуў яе пасярод пакоя i падышоў да палiцы ля рукамыйнiка. З адчуваннем, што трапiў у неверагодную пастку, я шукаў выйсця, мяркуючы зрабiць усё, што патрабавала сiтуацыя. Калi б нехта спытаўся, што са мной сталася i што ўсё гэта азначае, я не здолеў бы выцiснуць з сябе нiводнага слова, але я паступова зразумеў: тое, што адбываецца на Станцыi з усiмi намi, гэта непарыўнае цэлае, такое ж страшнае, як i незразумелае. Аднак у той момант я быў заняты iншым — спрабаваў знайсцi хоць нейкi ход, нейкую шчылiну для выратавання. Я ўвесь час адчуваў на сабе позiрк Хэры. Над палiцай у сцяне была маленькая аптэчка. Я хутка агледзеў яе, знайшоў слоiк са снатворнымi парашкамi i кiнуў чатыры таблеткi — максiмальную дозу — у шклянку. Я нават не хаваў свае манiпуляцыi ад Хэры, цяжка сказаць чаму, я не задумваўся над гэтым. Налiў у шклянку гарачай вады i пачакаў, пакуль таблеткi растворацца, падышоў да Хэры, якая ўсё яшчэ стаяла пасярод пакоя.
— Ты гневаешся? — спыталася яна цiха.
— Не. Выпi вось гэта.
Не ведаю, чаму я лiчыў, што Хэры паслухаецца. Сапраўды, яна моўчкi ўзяла ў мяне шклянку i выпiла яе залпам. Я паставiў пустую шклянку на столiк i сеў у кут памiж шафай i кнiжнай палiцай. Хэры няспешна падышла да мяне, уселася на падлозе ля крэсла, яна рабiла гэта i раней, падкурчыла ногi i добра знаёмым рухам адкiнула валасы назад. Хоць я ўжо больш не верыў, што гэта Хэры, усё адно кожны раз, калi я пазнаваў яе прывычкi, штосьцi сцiскала маё горла. Гэта было незразумела i страшна, а страшней за ўсё тое, што я i сам паводзiў сябе вераломна, робячы выгляд, што прымаю яе за Хэры, але ж яна сама лiчыла сябе Хэры, i, згодна з яе разуменнем, тут не было нiякай хiтрасцi. Не магу растлумачыць, як я здагадаўся, што ўсё менавiта так, але я быў упэўнены ў гэтым, калi наогул яшчэ магла iснаваць хоць нейкая ўпэўненасць!
Я сядзеў, а дзяўчына абаперлася плячыма на мае каленi, яе валасы казыталi маю руку. Мы сядзелi нерухома. Некалькi разоў я непрыкметна пазiраў на гадзiннiк. Мiнула паўгадзiны, снатворнае павiнна падзейнiчаць. Хэры нешта цiхенька прамармытала.
— Што ты сказала? — спытаўся я.
Яна не адказала. Я палiчыў гэта адзнакай яе санлiвасцi, хоць — далiбог, у глыбiнi душы сумняваўся, што на яе падзейнiчае лякарства. Чаму? Не ведаю. Верагодна, таму, што такое выйсце было б занадта простае.