Шрифт:
— Дзе Гiбарыян? — настойлiва спытаў я яшчэ раз.
Снаўт заплюскаў вачыма.
— Мне прыкра, што я так сустрэў цябе. Гэта… не толькi мая вiна. Я зусiм забыўся, ведаеш, тут такое адбывалася…
— Ат, якое гэта мае значэнне, — перапынiў я. — Не будзем пра гэта. Што з Гiбарыянам? Яго няма на Станцыi? Ён некуды паляцеў?
— Не, — адказаў Снаўт. Ён пазiраў у кут, застаўлены шпулямi кабелю. Нiкуды ён не паляцеў. I не паляцiць. Iменна таму, уласна… мiж iншым…
— Што? — спытаўся я. Мае вушы па-ранейшаму былi заложаныя, i мне здавалася, што я дрэнна чую. — Што гэта азначае? Дзе ён?
— Ты ж усё ведаеш, — прамовiў ён зусiм iншым тонам.
Ён так холадна пазiраў мне ў вочы, што я аж сцепануўся. Мо ён i быў п’яны, але ведаў, што кажа.
— Штосьцi здарылася?..
— Ага.
— Няшчасце?
Снаўт кiўнуў галавой. Ён не толькi падтакваў, а i правяраў маю рэакцыю.
— Калi?
— Сёння на свiтаннi.
Дзiўна, але я не адчуў трывогi. Гэтая кароткая перамова аднаскладовымi пытаннямi i адпаведнымi адказамi супакоiла мяне сваёй прадметнасцю. Мне здалося, што я разумею яго дзiўныя паводзiны.
— Як гэта адбылося?
— Пераапранiся, уладкуй свае рэчы i вяртайся сюды… скажам… праз гадзiну.
Хвiлiну я вагаўся.
— Добра.
— Пачакай, — прамовiў ён, калi я накiраваўся да дзвярэй.
Ён пазiраў на мяне неяк дзiўна. Я бачыў, што ён не можа вымавiць тое, што яго хвалюе.
— Нас было трое, i цяпер, разам з табой, нас зноў трое. Ты ведаеш Сарторыуса?
— Як i цябе, па фотаздымку.
— Ён наверсе ў лабараторыi, i я не думаю, што ён да ночы выйдзе адтуль, але… ва ўсякiм разе ты яго пазнаеш. Калi ты ўбачыш каго-небудзь яшчэ, разумееш, не мяне i не Сарторыуса, разумееш, дык…
— Дык што?
Я не ўпэўнены, што гэта не сон. На фоне чорных хваляў, якiя крывава iльсняцца пад промнямi нiзкага сонца, ён усеўся ў крэсла, як i раней, з апушчанай галавой, i пазiраў убок, на шпулi навiтага кабелю.
— То… нiчога не рабi.
— Каго я магу ўбачыць? Прывiд?! — раззлаваўся я.
— Разумею. Ты думаеш, што я звар’яцеў. Не. Не звар’яцеў. Я не магу табе гэта растлумачыць… пакуль што. Зрэшты, магчыма… нiчога i не здарыцца. Ва ўсякiм разе памятай. Я цябе папярэдзiў.
— Аб чым?! Што ты гаворыш?
— Трымай сябе ў руках, — Снаўт упарта даводзiў сваё. — Паводзь сябе так, нiбыта… Будзь гатовы да ўсяго. Гэта немажлiва, я ведаю. Але ты ўсё-ткi паспрабуй. Гэта адзiная парада. Iншай я не ведаю.
— Але ШТО я ўбачу!!! — я амаль крычаў. Я ледзьве стрымлiваўся, каб не схапiць яго за каўнер i не страсянуць як след. Я не мог глядзець, як ён сядзiць, уперыўшыся вачыма ў кут, са спакутаваным, спаленым на сонцы тварам i з цяжкасцю выцiскае з сябе слова за словам.
— Я не ведаю. У пэўным сэнсе гэта залежыць ад цябе.
— Галюцынацыi?
— Не. Гэта — рэальна. Не… атакуй. Памятай.
— Што ты кажаш?! — азваўся я не сваiм голасам.
— Мы не на Зямлi.
— Палiтэрыi? Але ж яны наогул не падобныя на людзей! — усклiкнуў я.
Я не ведаў, што рабiць, каб вывесцi яго з таго стану, у якiм ён знаходзiўся i ад якога стыла кроў у жылах.
— Iменна таму гэта так страшна, — прамовiў ён цiха. — Памятай: будзь асцярожны!
— Што сталася з Гiбарыянам?
Снаўт не адказаў.
— Што робiць Сарторыус?
— Прыходзь праз гадзiну.
Я павярнуўся i выйшаў. Адчыняючы дзверы, паглядзеў на яго яшчэ раз. Ён сядзеў, скурчыўшыся, закрыўшы твар рукамi, маленькi, у заплямленых штанах. Я толькi цяпер заўважыў, што на костачках яго пальцаў запяклася кроў.
САЛЯРЫСТЫ
Цылiндрычны тунель быў пусты. Хвiлiну я пастаяў перад зачыненымi дзвярыма, прыслухоўваючыся. Сцены, вiдаць, былi тонкiя, звонку чулася скавытанне ветру. На дзвярах быў трохi коса i нядбала прылеплены прамавугольны кавалак пластыру з алоўкавым надпiсам: «Чалавек». Я пазiраў на гэтае невыразна накрэмзанае слова. Праз хвiлiну мне захацелася вярнуцца да Снаўта, але я зразумеў, што гэта немажлiва.
Вар’яцкае папярэджанне яшчэ гучала ў маiх вушах. Я паварушыўся i адчуў на плячах надакучлiвы цяжар скафандра. Цiха, нiбы хаваючыся ад нябачнага назiральнiка, я вярнуўся ў круглае памяшканне з пяццю дзвярыма. На iх былi таблiчкi: «Д-р Гiбарыян», «Д-р Снаўт», «Д-р Сарторыус». На чацвёртых дзвярах таблiчкi не было. Я завагаўся, але ўсё-ткi нацiснуў на клямку i цiха адчынiў дзверы. Калi яны адчынiлiся, мне здалося, што там нехта ёсць. Я ўвайшоў.