Шрифт:
Тут дзед важна стукаў сябе па грудзях, каб забражджалi медалi, каб вiдаць было, якi ён, дзед Астап, ёсць герой на свеце, якога нават жандары i генералы баяцца, пад казырок бяруць.
Бацька i мацi звычайна спакойна выслухоўвалi дзеда - яго заўсёдашняя пахвальба была iм у прывычку. Але Мiколка кiдаўся ў спрэчкi, сумняваўся.
– Ты, дзед, вялiкi манюка!
– Як то манюка?
– аж садзiўся ад злосцi дзед.
– А так! Манiш усё... Бачыў я, як ты шапку перад жандарам здымаў i аж крактаў, нiзка кланяючыся. А яшчэ перад начальнiкам дэпо ты зусiм без шапкi ходзiш... Вунь, калi дождж быў, дык хадзiў ты перад iм без шапкi, аж з лысiны цякло.
Дзед не мог уседзець ад знявагi. Ён таропка хапаўся за папружку, знiмаў яе. Трымаючы адной рукой штаны, каб не ўпалi без папружкi, ён грозна размахваў другой рукой i наступаў на Мiколку:
– Я табе пакажу, як дзеда ў манюкi залiчваць! Я табе пакажу, як бэсцiць героя турэцкай вайны, старога мiкалаеўскага ваяку, якi, можна сказаць, вось гэтай слаўнай рукой сотнi ворагаў пабiў - батальёны турак палажыў.
– А ты ж казаў, дзеду, дывiзii, а не батальёны!
– кiдаў Мiколка i спешна ўцякаў з вагона, хаваючыся за блiзкай стрэлкай. Дзед туды не пабяжыць. Нязручна яму скакаць цераз рэйкi, ды i небяспечна для адзення, яшчэ згубiш без папружкi. Таму дзед станавiўся звычайна ў дзвярах вагона i, патрасаючы кулаком, заводзiў доўгую дыскусiю з Мiколкам. Мiколка агрызаўся:
– Ты, дзед, камара не заб'еш, не толькi што турка!
– А за што медалi мне дадзены?
– Як за што? А за лягушак...
– За якiх гэта лягушак?
– здзiўляўся дзед, заўсёды забываючы гэты жарт над iм.
– А за тых лягушак, якiх ты ганяў з-пад пушак...
Сказаўшы гэта, Мiколка лiчыў за лепшае адступiць яшчэ на адну пазiцыю, падалей ад вагона.
"Хоць дзед звычайна i не ганяецца ўслед, але ўсё можа быць, - думае Мiколка, адыходзячы далей i ўжо шкадуючы дзеда.
– Вiдаць, перабаршчыў я крыху... Угневаецца цяпер дзед не на жарт..."
I сапраўды, дзед набiраўся вялiкага гневу. Гэта ж жартачкi, усумнiцца ў яго былой храбрасцi. I хiтры дзед мяняў тактыку. Ён i вiду не паказваў, што ўкрыўджаны. Ён завiхаўся ля чыгуннай печкi, шчапаў лучыну, адным словам, займаўся мiрнымi гаспадарчымi справамi. Але тым часам не зводзiў вока з падшыванца Мiколкi. I калi той з'яўляўся дзе поблiзу, дзед, быццам бы нiчога не было мiж iмi, клiкаў Мiколку:
– Унучак!
– Што?
– А цi не вып'ем мы з табой чаю?
Мiколка думае з хвiлiну. Як-нiяк чай вялiкая спакуса. А дзед iзноў:
– Абаранкi ў мяне ёсць... Свежыя... А пахнуць жа, пахнуць.
– Ну!
– здзiўляецца ў сваю чаргу Мiколка.
– Няўжо з макам?
– З макам, унучак, з макам! Ну i абаранкi! Дык вып'ем, кажаш?
– А што ты думаеш, дзеду! Давай сабе вып'ем...
I Мiколка пераступае парог вагона, ужо ў думках ласуючыся абаранкамi, ды яшчэ з макам. Гэта ўжо, калi на тое пайшло, смачней за "зайцаў хлеб", смачней за ўсякiя прысмакi.
I тут пачынаюцца гэтыя абаранкi, ды яшчэ з якiм макам.
– Хадзi, хадзi, каток мой, паласуйся!
I дзедавы рукi нечакана спрытна ловяць Мiколку за вiхор. Тут толькi схамянецца Мiколка, даведаецца, што папаўся. Але позна. Кастлявыя дзедавы рукi моцныя, з iх вiхор не вызвалiш. А дзед круцiць вiхор ды прыгаворвае:
– Гэта табе за лягушкi! А гэта за пушкi! А гэта з макам! А не вычварай над дзедам! А не рабi над старым надругi! А не здзекуйся над старым мiкалаеўскiм артылерыстам!
Ужо Мiколка крычыць на ўвесь вагон, ужо заступаецца за яго мацi:
– Кiнь ты, чалавеча, над дзiцем здзекавацца!
Але гэта толькi падлiвае масла ў агонь. Дзед наступае на абодвух:
– Я вам пакажу, як зневажаць старога героя! Я вам пакажу, як турак б'юць... Я вам пакажу, як пушкi зараджаюць... Распатрашу пад карцеч!
Так асвойваў Мiколка артылерыйскую справу. I бачачы, што не паласа, пачынаў iсцi на мiравую:
– Даруй, дзеду, здаюся!
– А, здаешся, даўней бы так! Гавары, хто такi я ёсць?
– Герой турэцкай вайны...
– Ну?
– I iмператарскiх ордэнаў...
– Ну?
– Смешна, дзеду!
– Што ты смешнага тут знайшоў, супастат?
– Ну, кавалер... ордэнаў кавалер. Вунь у стрэлачнiкавай Зоськi ёсць кавалер, дык той малады. А тут дзед - ды кавалер. Смешна!
– Усё табе смешна...
– ужо мякка крыўдуе дзед i кiдаецца ў сумныя развагi: - Малы ты, не разумееш нiчога, якi кавалер i да чаго. Як бачыш, з'яўляюся я ўласнiкам двух ордэнаў, а гэта, значыцца, i ёсць па-iмператарску кавалер... А медалi гэтыя дадзены мне за праяўленую ў баях выключную храбрасць.