Джон О'Хара
Кароткi шпацыр са станцыi
Пераклад: Уладзiмiр Шчасны
У лютым гэтага года, у пятнiцу вечарам Фрэнсiс Кiнг задрамаў адразу ж, як толькi цягнiк адышоў ад трыццатай стрыт, i праспаў бы ўсю дарогу да Паолi, каб не Джо Дайберт. Джо Дайберт паволi патрос яго за плячо.
– Прачнiся, Фрэнсiс, - сказаў Джо Дайберт.
– Пакажы мамачцы вочкi.
– Га?.. А, прывiтанне, Джо. Што, прыехалi?
– схамянуўся Фрэнсiс Кiнг.
– Думаю, сам разбярэшся. Што ты такое сёння з'еў у абед, хлопча? спытаўся Джо Дайберт.
Яны ўдвух выйшлi са станцыi. Iшлi нага ў нагу, але моўчкi, пакуль не выйшлi на двор.
– Падвезцi пад гару?
– Не, дзякуй, - сказаў Фрэнсiс Кiнг.
– Да заўтра.
– Заўтра субота. Заўтра не ўбачымся.
– А што сёння еў у абед ты? Мы мяркуем прыехаць заўтра да вас на вячэру. Асцеражней едзь, мiстэр Дайберт. Асцеражней едзь.
– Фрэнсiс Кiнг наставiў каўнер, нацягнуў пальчаткi. Але цяпер, калi ён застаўся адзiн, яму стала млосна ад думкi, што трэба iсцi пехатой пад гару да Кардзiф-роўд. Iсцi было недалёка, тры кварталы, i, пэўна, не адну тысячу разоў ён праходзiў iх, нават не заўважаючы; тым не менш цяпер яго ногi важылi тону. У яго не кружылася ў галаве, ён не адчуваў нiякага болю. Проста захацелася пастаяць тут некалькi хвiлiн.
Сябры i iх жонкi махалi яму рукамi, вiталi сiгналам, жадалi добрай ночы. Яны ўсе ведалi, што ўвечары Фрэнсiс Кiнг нiколi не згаджаўся, каб яго падвозiлi.
– Забыў нешта, Фрэнсiс?
– спытаўся адзiн сябар, якi iшоў пеша.
– Проста збiраюся з думкамi, - адказаў Фрэнсiс Кiнг, i гэта было праўда: ён намагаўся зразумець прычыну свiнцовай цяжкасцi ў нагах. Ён ведаў, што дойдзе не далей як да Арлiнгтондрайв, што ў самым нiзе схiлу, што туды ён дацягнецца, ногi давядуць, але не далей. А потым яму стала сорамна i няёмка ад праўды: не такi жахлiвы быў уздым на Кардзiф-роўд, як думка пра тое, што яшчэ раз, пасля тысяч такiх разоў, ён пройдзе, адвёўшы вочы, каля крамы Лiдзii Браўн, робячы выгляд, што крамы няма, што няма нiякай Лiдзii Браўн.
Крама "Тэк-рум" была страшэнна дарагая, кошты на ўсё ў Лiдзii Браўн неверагодныя. Амаль усюды на Чэстнат-стрыт рэчы з кашамiру можна было купiць танней, i конскiя прылады, якiмi яна яшчэ гандлявала, на Чэстнат-стрыт каштавалi меней. Падарункi мужчынам былi даражэйшыя, чым у нью-ёркскiх унiвермагах, цэны на дзiцячыя тавары былi жахлiва завышаны. Але сябры Лiдзii Браўн не пераставалi купляць у яе, калi толькi мелi магчымасць, зачараваныя яе мужнасцю, а можа, таму, што iм падабалася сама крама i добры парадак, якi яна ў ёй навяла, сярод кантор па продажы нерухомай маёмасцi, вiнных крам, аптэк, цырульняў, налепленых тут, паблiзу станцыi. "Тэк-рум" - гэта прыемнае i зручнае месца, куды можна зайсцi выкурыць цыгарэту, выпiць кубак кавы ранiцай i гарбаты ўдзень. Даўнiя сябры маглi пазычыць парасон, пакiнуць свае рэчы, патэлефанаваць. Гэты цагляны дом з белай аздобай вабiў да сябе. А калi за будынiну, якая стаяла каля самай броўкi, i чаплялiся дзверцамi машыны, дык што значаць у наш час некалькi шкрабiн, калi на кожнай стаянцы вам могуць нарабiць столькi ўсякага, што шкрабiны будуць здавацца дробяззю. Нiхто з сяброў Лiдзii Браўн не хацеў, каб яна кiнула свой занятак, i яна заўсёды ўсмiхалася ў адказ, калi яны жартавалi пра завышаныя цэны на чатнi*, ангельскае печыва, iталiйскую скуру або шведскiя вырабы з дрэва. Часам у якой-небудзь фiладэльфiйскай краме прадавец казаў:
* Чатнi - iндыйская прыправа да мяса.
– Мы больш гэтым не гандлюем. Адзiнае месца, я думаю, дзе вы зможаце гэта купiць, дык у краме Лiдзii Браўн. Вы ж ведаеце "Тэк-рум"? Усё ў "Тэк-рум" было найвышэйшай якасцi.
Фрэнсiс Кiнг накiраваўся адразу ў "Тэк-рум", i ў яго хапiла сiлы падняцца па трох прыступках. Крама была ярка асветленая трыма матавымi лямпамi-шарамi, што звешвалiся са столi, але калi ён увайшоў, дык нiкога не ўбачыў. Потым з пакоя, недзе ў глыбiнi крамы, выйшла Лiдзiя Браўн.
– Прывiтанне, Фрэнсiс, - сказала яна.
– Што-небудзь здарылася?
Ён кiўнуў.
– Я не ведаю, што такое. Захацелася прысесцi на хвiлiну.
– Вып'еш шклянку вады? Брэндзi? Можа, паклiкаць доктара?
– Я проста хачу пасядзець хвiлiнку. Нiчога асаблiвага. Гэта не сардэчны прыступ.
– Я прынясу табе брэндзi, - сказала яна.
Ён сеў, расхiнуў палiто, зняў капялюш, пальчаткi i паклаў iх на прылавак. Яна вынесла з бакавога пакоя кiлiшак брэндзi i, пакуль ён пiў, апусцiла жалюзi.
– Я ўсё роўна збiралася iх апусцiць, - сказала яна i стала перад iм, склаўшы на грудзях рукi, паглядаючы паверх акуляраў.
– Каб толькi ты магла паглядзець на сябе збоку, - сказаў ён.
– Калi ўвайшоў, ты не быў такi бадзёры. Што ты сёння еў у абед?
– Ужо другi чалавек у мяне пытаецца пра гэта. Я заснуў у цягнiку, i Джо Дайберт задаў мне гэта ж пытанне. Рагу з вустрыц, яблычны пiрог, два кубкi кавы. Тое, што я ем кожную пятнiцу вось ужо трыццаць гадоў, апрача тых, што адбыў на вайне. А што ты ела, Лiда?
– Бутэрброд з курыцай i шклянку малака. А што?
– Не ведаю. Дай, думаю, спытаюся. Ты ж у мяне спыталася.
Яна села ў крэсла насупраць яго i закурыла цыгарэту.
– Нiхто не паверыў бы, што першая наша размова пасля столькiх год будзе пра тое, што мы елi ў абед.
– Што ж, я думаю, праз столькi гадоў гэта адзiнае, пра што мы можам пагаварыць.
– Ты маеш рацыю. Ну, як сябе адчуваеш?
– Шмат лепш, дзякую. Я пайду, не хвалюйся.
– Не спяшайся. Мне няма чаго рабiць да сямi.