Шрифт:
Аднойчы ранняй вясною нечакана выявiўся трывожны факт. Сняжок начамi патаемна прыходзiў на ферму. Жывёлы былi так усхваляваныя, што не маглi спаць у сваiх стойлах. Казалi, што кожнае ночы ён прабiраецца на ферму пад покрывам цемры i чынiць розную шкоду. Ён краў збожжа, перакульваў даёнкi, бiў яйкi, таптаў грады, абгрызаў кару на садовых дрэвах. Як толькi на ферме што-небудзь не ладзiлася, сталася звычаем прыпiсваць вiну Сняжку. Калi разбiвалася шыбiна або забiвалiся вадасцёкi, нехта абавязкова казаў, што ўначы прыйшоў Сняжок i зрабiў гэта, а калi згубiлiся ключы ад свiрна, уся ферма была ўпэўненая, што Сняжок закiнуў iх у калодзеж. Дзiўна, што яны верылi ў гэта нават тады, калi ключы знайшлiся пад мехам з мукою. Каровы ў адзiн голас заяўлялi, што Сняжок пракраўся ў iх стойлы i даiў iх, пакуль яны спалi. Казалi таксама, што пацукi, якiя прыносiлi нямала клопату гэтай зiмою, былi ў хаўрусе з Сняжком.
Напалеон заявiў, што неабходна правесцi поўнае расследаванне Сняжковае дзейнасцi. Выйшаўшы ў суправаджэннi сабакаў, ён уважлiва агледзеў усе гаспадарчыя будынкi, а ўсе астатнiя жывёлы сачылi за iмi на паважнай адлегласцi. Праз кожныя некалькi крокаў Напалеон спыняўся i нюхаў зямлю, шукаючы Сняжковых слядоў, якiя, як ён казаў, ён мог вызначыць па паху. Ён прынюхваўся ў кожным кутку, у гумне, у хляве, у курнiках, у гародзе, i знаходзiў Сняжковы сляды амаль усюды. Ён прыкладаў лыч да зямлi, колькi разоў глыбока ўдыхаў паветра i крычаў страшным голасам: "Сняжок! Ён быў тут! Я добра яго чую!", i, пачуўшы слова "Сняжок", сабакi гыркалi так, што кроў застывала ў жылах, i шчэрылi iклы.
Жывёлы былi не на жарт напалоханыя. Iм здавалася, што Сняжок напоўнiў паветра вакол iх сваiмi нябачнымi ўплывамi i пагражаў iм рознымi няшчасцямi. Увечары Вiскун склiкаў усiх разам i з трывогаю на твары сказаў, што мае паведамiць важную навiну.
–  Таварышы!
–  закрычаў Вiскун, нервова падскокваючы.
–  Выявiлася найстрашнейшая рэч. Сняжок запрадаўся Фрэдэрыку з фермы Пiнчфiлд, якi збiраецца напасцi на нас i забраць у нас нашу ферму! Сняжок мае быць яму за праваднiка, калi пачнецца наступ. Але ёсць i страшнейшая навiна. Мы думалi, што Сняжок узняўся на бунт толькi праз сваю фанабэрыю i ганарлiвасць. Але мы памылялiся, таварышы. Ведаеце, якая была сапраўдная прычына яго бунту? Сняжок быў у хаўрусе з Джоўнзам ад самага пачатку! Увесь гэты час ён быў сакрэтным агентам Джоўнза. Усё гэта выявiлася з дакументаў, якiя засталiся пасля яго i якiя мы знайшлi толькi цяпер. На маю думку, гэтым шмат што тлумачыцца, таварышы. Цi ж мы самi не бачылi, як ён спрабаваў - на шчасце, без поспеху разбiць i знiшчыць нас у Бiтве пры Хляве? 
Жывёлы былi агаломшаныя. Гэта было злачынства, якое зламыснасцю сваёй шмат перавышала разбурэнне ветрака! Але прайшло колькi хвiлiн, перш чым яны здолелi цалкам асэнсаваць гэта. Усе яны памяталi або думалi, што памятаюць, як яны бачылi Сняжка на чале жывёлаў у Бiтве пры Хляве, як ён iх падтрымлiваў i падбадаёрваў, як ён не даваў сабе перадыху нi на хвiлiну, нават калi шрацiны з Джоўнзавай стрэльбы паранiлi яму спiну. Спачатку было няпроста зразумець, як усё гэта стасавалася да паведамлення, што ён змагаўся на баку Джоўнза. Нават Баксёр, якi рэдка задаваў пытаннi, быў збiты з панталыку. Ён лёг, падклаў пад сябе пярэднiя ногi, заплюшчыў вочы i цяжкiм намаганнем паспрабаваў спарадкаваць свае думкi.
–  Я не веру гэтаму, - сказаў ён.
–  Сняжок мужна змагаўся ў Бiтве пры Хляве. Я сам яго бачыў. Цi ж не ўзнагародзiлi мы яго адразу пасля бiтвы медалём "Жывёла-Герой" першага класа? 
– Гэта была наша памылка, таварышы. Бо цяпер мы ведаем - усё гэта напiсана ў сакрэтных дакументах, якiя мы знайшлi, - што ў сапраўднасцi ён хацеў завабiць нас на загубу.
–  Але ён быў паранены, - сказаў Баксёр.
–  Мы ўсе бачылi, як цякла кроў. 
–  Пра гэта было загадзя дамоўлена!
–  закрычаў Вiскун.
–  Джоўнзаў стрэл толькi трошкi яго зачапiў. Я мог бы паказаць табе адпаведную мясцiну ягоных запiсаў, калi б ты ўмеў чытаць. Задума была ў тым, што Сняжок у сама крытычны момант дасць сiгнал да ўцёкаў i адступiць перад ворагам. I яму гэта амаль удалося - я скажу нават, таварышы, што яму гэта ўдалося б, калi б не наш бясстрашны Правадыр, таварыш Напалеон. Памятаеце, як у той самы момант, калi Джоўнз i яго людзi ўбеглi на наш двор, Сняжок раптам павярнуўся i пачаў уцякаць, i большасць жывёлаў кiнулася за iм? А памятаеце, што якраз у той самы момант, калi ўсiх ахапiла панiка i ўсё здавалася загубленым, таварыш Напалеон выскачыў наперад з воклiчам "Смерць чалавецтву!" i ўкусiў Джоўнза за нагу? Вы ж памятаеце гэта, таварышы?
–  закрычаў Вiскун, падскокваючы на месцы. 
Цяпер, калi Вiскун апiсаў тыя падзеi гэтак вiдавочна, жывёлам здалося, што яны сапраўды памятаюць гэта. Ва ўсялякiм разе, яны памяталi, што ў сама крытычны момант бiтвы Сняжок павярнуўся i пабег. Але Баксёр усё яшчэ быў крыху збянтэжаны.
–  Я не веру, што Сняжок быў здраднiкам на самым пачатку, - нарэшце сказаў ён.
–  Што ён рабiў пасля - гэта ўжо iншая справа. Але я веру, што пад час Бiтвы пры Хляве ён быў добрым таварышам. 
– Наш Правадыр таварыш Напалеон, - заявiў Вiскун, гаворачы вельмi павольна i выразна, - катэгарычна сцвярджае - катэгарычна, таварыш, - што Сняжок быў агентам Джоўнза ад самага пачатку - так, i нават задоўга да таго, як было задумана само Паўстанне.
–  А, ну гэта iншая справа!
–  сказаў Баксёр.
–  Калi гэтак кажа таварыш Напалеон, значыць, так яно i ёсць. 
– Вось гэта правiльныя словы, таварыш, - закрычаў Вiскун, але ўсе заўважылi, што ён неяк вельмi нядобра паглядзеў на Баксёра сваiмi мiрглiвымi вочкамi. Ён павярнуўся, каб пайсцi, пасля спынiўся i дадаў шматзначна: Папярэджваю ўсiх жывёлаў на гэтай ферме: будзьце пiльныя. Бо ў нас ёсць усе прычыны меркаваць, што хтосьцi з сакрэтных агентаў Сняжка хаваецца ў гэты момант сярод нас!
Праз чатыры днi, надвячоркам, Напалеон загадаў усiм жывёлам сабрацца ў двары. Калi яны ўсе сышлiся разам, Напалеон выйшаў з сядзiбы, аздоблены абодвума сваiмi медалямi (бо незадоўга перад тым ён узнагародзiў сябе медалямi "Жывёла-Герой" першага класа i "Жывёла-Герой" другога класа), з сваiмi вялiзнымi сабакамi, што круцiлiся вакол яго i гыркалi так, што ў жывёлаў дрыжыкi беглi па спiнах. Яны маўклiва скурчылiся на сваiх месцах, нiбы загадзя адчуваючы, што зараз адбудзецца нешта страшнае.
