Вход/Регистрация
Забойства на вулiцы Морг (на белорусском языке)
вернуться

По Эдгар Аллан

Шрифт:

Матрос не ведаў, радавацца альбо бедаваць. Ён вельмi спадзяваўся злавiць уцекача, бо наўрад цi той мог выбрацца з пасткi, у якую трапiў, мiнаючы громаадвод, а тут матрос якраз i меркаваў яго падлавiць. Але, з другога боку, яго непакоiла тое, што малпа магла нарабiць у доме. Менавiта гэта прымусiла матроса рушыць услед за жывёлiнай. Узлезцi ўверх па громаадводзе яму, матросу, было няцяжка; але апынуўшыся на ўзроўнi акна, што было злева, ён вымушаны быў спынiцца. Адзiнае, што ён мог зрабiць, дык гэта, учапiўшыся за аканiцу, зазiрнуць у акно. Ад жаху ён ледзь не звалiўся ўнiз. Якраз тады i пачулiся тыя жудасныя крыкi, што абудзiлi жыхароў вулiцы Морг. Мадам Л'Эспанэ i яе дачка, пераапранутыя ў начныя кашулi, вiдаць, разбiралi паперы ў жалезным куфэрку, выцягнутым на сярэдзiну пакоя. Ён быў адчынены, i паперы ляжалi побач на падлозе. Нябожчыцы, пэўна, сядзелi спiнай да акна, i, мяркуючы па тым, што памiж з'яўленнем арангутанга i iх крыкамi прайшоў некаторы час, яны заўважылi яго не адразу, вырашыўшы, што аканiца грукнула ад ветру.

Калi матрос зазiрнуў у акно, велiзарная жывёлiна трымала мадам Л'Эспанэ за валасы (распушчаныя, бо яна расчэсвала iх на ноч) i, iмiтуючы цырульнiка, круцiла перад яе тварам брытвай. Дачка нерухома ляжала на падлозе. Яна страцiла прытомнасць. Ад крыкаў старой жанчыны i ў вынiку яе супрацiўлення менавiта тады i былi выдраны з галавы валасы - мiрныя, вiдаць, спачатку намеры арангутанга саступiлi месца раз'юшанасцi. Адным рашучым рухам мускулiстай рукi ён ледзь зусiм не адрэзаў галаву старой.

Калi жывёлiна ўбачыла кроў, яе гнеў перайшоў у раз'юшанасць. Зубы арангутанга заскрыгаталi, вочы запалалi агнём. Ён кiнуўся на непрытомную дзяўчыну, учапiўся сваiмi страшэннымi кiпцюрамi за горла i не расцiснуў iх, пакуль тая не сканала. Азiрнуўшыся ў раз'юшанасцi на спiнку ложка, ён разгледзеў у цемры здранцвелы ад жаху твар гаспадара. Лютасць жывёлiны, якая, вiдаць, не паспела забыцца пра грозны бiзун, iмгненна перайшла ў страх. Разумеючы, што яго чакае пакаранне, арангутанг, вiдаць, вырашыў схаваць сляды сваiх крывавых дзеянняў i, ахоплены панiкай, замiтусiўся па пакоi, раскiдваючы i ламаючы мэблю, сцягваючы з ложка пасцель. Нарэшце ён схапiў труп дачкi i запiхнуў у комiн, дзе яго пасля i знайшлi; потым надышла чарга старой жанчыны, якую ён выкiнуў праз акно.

Калi арангутанг з сваёй знявечанай ахвярай з'явiўся ў акне, матрос прыцiснуўся да громаадвода i, хутчэй з'ехаўшы, чым злезшы ўнiз, кiнуўся адразу ж дадому, з жахам усведамляючы магчымыя вынiкi крывавага забойства i ахвотна даручаючы лёсу апекавацца арангутангам. Поўныя жаху воклiчы француза i раз'юшаныя крыкi малпы i былi якраз тыя галасы, што пачулi людзi, калi беглi ўверх па лесвiцы.

Вось, бадай, i ўсё. Арангутанг, вiдаць, знiк са спальнi старой, спусцiўшыся ўнiз па громаадводзе якраз перад тым, як узламалi дзверы. Ён жа, вiдаць, i апусцiў за сабой акно. Праз некаторы час малпу злавiў сам яе ўладальнiк i прадаў за вялiкiя грошы Jarden des Plantes*.

* Батанiчны сад (франц.).

Лё Бона адразу ж выпусцiлi на волю, пасля таго як мы пайшлi да прэфекта i ўсё расказалi (з каментарамi Дзюпэна). Гэты функцыянер добразычлiва ставiўся да майго прыяцеля, аднак не змог схаваць прыкрасцi ад такога павароту спраў i нават не ўтрымаўся, каб не зрабiць адной цi дзвюх саркастычных заўваг наконт таго, што кожны павiнен займацца сваёй справай.

– Няхай пабурчыць, - сказаў потым Дзюпэн, не палiчыўшы патрэбным заўважыць што-небудзь у адказ.
– Няхай пафiласофствуе i супакоiць тым самым сумленне. Я рады, што перамог у яго ж замку. Тым не менш яму не варта здзiўляцца наконт уласнай няздольнасцi знайсцi разгадку таямнiцы, бо, па праўдзе кажучы, наш прыяцель прэфект занадта хiтры для таго, каб быць здатным зазiраць у глыбiню праблем. Яго ведам бракуе грунтоўнасцi. Адна галава без тулава, як у выявах багiнi Лаверны, цi, у лепшым выпадку, - галава ды плечы, як у траскi. Але ўсё ж ён добры хлопец. Асаблiва мяне захапляе яго здольнасць адным махам здабываць сабе рэпутацыю вялiкага разумнiка. Я маю на ўвазе яго манеру de nier ce qui, et d'expliquer ce qui n'est pas*.

* Адмаўляць тое, што ёсць, i тлумачыць тое, чаго не iснуе (франц.). Выказванне з рамана Ж.Ж.Русо "Юлiя, цi Новая Элаiза".

Пераклад: Уладзiмiр Шчасны

  • 1
  • ...
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: