Шрифт:
– Павiнен жа нехта i хлеб пячы, - умяшаўся Траба.
– Не ўсiм жа лятаць да зорак.
– Маўчаць!
– загадаў Пiне.
– Вы ўступаеце ў змову з жанчынай, каб забiць жывую душу, - значыцца, вы забойца. Зрэшты, гэтага трэба было чакаць. Вы ж ураджэнец берагоў Роны, а там забойцаў процьма.
– Пане палкоўнiк, я зняважаны...
– Хочаш ты i надалей служыць гэтаму забойцу?
– спытаў палкоўнiк у Жуля.
– Мсье Траба быў гэтакi добры да мяне. Вы мне даруйце...
– А як жа яму не быць добрым, - перабiў Пiне.
– Ён хiтрун. Усе Траба заўсёды былi хiтрыя.
– Ён весела падмiргнуў пекару, Жуль гэта прыкмецiў, i ў яго адразу зрабiлася лягчэй на душы.
– Але ад усiх навабранцаў абавязкова патрабуецца адно, - гаварыў далей палкоўнiк ужо больш сур'ёзным тонам. Паспрабуй здагадацца, што менавiта.
– Кемлiвасць, пане палкоўнiк?
– рызыкнуў Жуль.
– Так, безумоўна, але адной кемлiвасцi мала. Патрабуецца, каб навабранец усёй сваёй iстотай iрваўся ў космас.
– Дык гэтак жа i ва ўсiм, - зноў умяшаўся Траба.
– Калi любiш сваю работу, працуеш як мага старанней i чым найлепш. От узяць хоць бы мяне: калi б мне было ўсё адно, што хлеб, што не хлеб, я, мусiць, жаваў бы цяпер тытунь у электрычнай пякарнi i рук бы нiколi не мыў.
– Кожны год у Касмiчны каледж паступаюць дзесяць тысяч юнакоў, - сказаў Пiне Жулю.
– I болей за восем тысяч яго не заканчваюць. Iм не хапае пораху вытрымаць чатыры гады ўпартай працы i засяродзiць усе свае думкi i ўсе сiлы душы на адным. Так што шмат хто кiдае на паўдарозе. Сорам i ганьба! Ты згодзен?
– Згодзен, пане палкоўнiк, сорам i ганьба, - пацвердзiў Жуль i насупiў бровы.
– Ха!
– сказаў Пiне, вельмi задаволены.
– У такiм выпадку давай пазбавiм гэтага крывапiўца Траба яго здабычы. Мы знойдзем яму другога хлопца, якi створаны для таго, каб стаць пекарам.
– Але, мсье...
– Я дам табе рэкамендацыю ў Касмiчны каледж i ўзамен прашу ў цябе толькi аднаго.
У Жуля заняло дух.
– О пане палкоўнiк! Чаго ж?
– Заўсёды будзь такi, каб мне не было за цябе сорамна!
Ён сядзеў у сябе ў кабiне, вочы ў яго запалi i пачырванелi ад стомы, а "Прывiд" iмклiва праразаў прастору. За дваццаць напружаных, пакутлiвых гадоў ён збудаваў цэлую лесвiцу i прыступка за прыступкай падняўся да чына капiтана. Цяпер ён славiўся як адзiн з сама дасведчаных, спрактыкаваных камандзiраў касмiчнай службы. I ўсё гэта непарушна грунтавалася на адной запаведзi, якая падтрымлiвала яго ў сама цяжкiя хвiлiны: "Заўсёды будзь такi, каб мне не было за цябе сорамна!"
Яго мацi i палкоўнiк Пiне даўно памерлi, але да апошняй сваёй часiны яны iм ганарылiся: ён жа стаў капiтанам.
Ён быў штурманам, другiм пiлотам, потым першым, i месца яго было на носе карабля, як ён заўсёды марыў, i ён сапраўды акунаўся ў неабсяжны зорны свет, якi гэтак любiў. Мерна чаргавалiся гадзiны, што былi адведзены на сон, адпачынак i работу, i, калi ён працаваў, яго ўвесь час перапаўняла неаслабнае захапленне перад тым, што яму даводзiлася бачыць, назiраць, вывучаць.
А цяпер ён прамяняў усё гэта на добраахвотнае зняволенне ў нетрах карабля, i навокал ужо нiчога не было - адны толькi цьмяныя сцены са сплаву тытану ды завалены паперамi стол.
У любую хвiлiну работы, у любую хвiлiну адпачынку, а нярэдка i перарываючы сон ён адказваў на пытаннi, прымаў рашэннi, рабiў запiсы ў спецыяльных кнiгах, запаўняў тысячы дзелавых бланкаў. Як кажуць, спрэс адна пiсанiна...
Праз гадзiну пасля вячэры:
– Прашу прабачэння, капiтан. Гэты таўстун з Дзюсельдорфа зноў напiўся да зялёных чорцiкаў. Выцяў сцюарда, якi спрабаваў яго ўцiхамiрыць. Прашу дазволу замкнуць яго на гаўптвахце.
– Дазваляю.
Або сярод неспакойнага чуйнага сну хтосьцi рашуча трасе яго за плячо:
– Прашу прабачэння, капiтан. У дзесятай i адзiнаццатай дзюзах раскалолася пракладка. Прашу дазволу адключыць энергiю на дзве гадзiны, пакуль будзе праводзiцца рамонт.
– Дазваляю. Няхай дзяжурны штурман паведамiць мне пра каардынаты, як толькi здолее весцi далей палёт.
Праз дзве гадзiны зноў тармосяць за плячо:
– Прашу дараваць за турботы, капiтан. Рамонт закончаны. Вось нашы каардынаты.
Пытаннi.
Запаўненне бланкаў.
Просьбы, даклады, запатрабаваннi, здарэннi, рашэннi, адказы, распараджэннi, загады. Нi хвiлiны спакою.
I зноў паперы.
– Прашу прабачэння, капiтан. Двое пасажыраў, Уiльям Арчэр i Мэрыён Уайт, хочуць пажанiцца i аформiць шлюб. Калi вам будзе зручна правесцi абрад.
– Медыцынскi агляд прайшлi?
– Прайшлi, капiтан.
– Пярсцёнак у жанiха ёсць?
– Няма, капiтан.
– Даведайцеся дакладны памер i выдайце яму пярсцёнак з карабельных запасаў па звычайнай цане - дваццаць даляраў.
– А калi будзе абрад, капiтан?
– У чатыры склянкi. Паведамiце мне, цi задавальняе iх гэты час.