Шрифт:
І зноў заглянуў у мой пакой.
Цяпер, бадай што, можна было не сумнявацца. Шпіён нерваваўся: я збіў яго з панталыку. Ён яўна не выконваў нейкага вельмі пэўнага задання. Ох і ўзлаваўся я на яго, на гэтага старога здрадніка! Рукі свярбелі — устаць і прыдушыць, як паганага шчанюка. Няма нічога больш агіднага за здрадніка і шпіёна. Але мая злосць была падвоеная: як магло здарыцца, што я з першага дня раскусіў мацёрага агента СД Лотке і больш за месяц вадзіў за сабой такога нікчэмнага «прыліпалу»? Але самае дзіўнае, ведаеш што? Гаспадыня мая, расказаўшы раніцай, як двойчы прыходзіў Назар Авяр'янавіч, нечакана заключыла: «Не падабаецца мне, Кузя, гэты чалавек».
З Паўлам я сустрэўся на другі дзень, у нядзелю. Не вельмі ўпэўнены, што Лотке не ведаў, ад каго я атрымаў запрашэнне на імяніны, я не пайшоў да яго на кватэру, хоць належным чынам і застрахаваў сябе і ад краўца і ад любых другіх «хвастоў». Я пайшоў на Балотную да цёткі Любы, каб гэтая «пранырлівая гандлярка» схадзіла на Каштанавую да Паўла і звяла нас. І там сустрэў Паўла. Ён прыйшоў туды з тым жа намерам — выклікаць мяне.
Як заўсёды, ён быў інтэлігентна апрануты — у капелюшы, у добрым касцюме, у гальштуку. Паліў цыгарэты. Як належала работніку ўправы. У любых абставінах ён трымаўся надзвычай спакойна і ўпэўнена і не надта асцярожна. Часам нават парушаў тыя правілы канспірацыі, якія сам устанаўліваў. Неяк на зборы нашай пяцёркі мы сказалі яму пра гэта. Ён адказаў, што ў падпольнай рабоце нельга вынайсці правілаў, прыгодных на ўсе выпадкі, што часам людзей выдае звышасцярожнасць.
Павел спытаў, чаму я не прыйшоў учора. Я расказаў пра «велікадушнасць» Лотке. Павел усміхнуўся, здалося мне, крыху зняважліва.
«Асцярожны ты хлопец. Доўга жыць будзеш…»
Закрануты, я ўспыхнуў, пачаў апраўдвацца:
«Ты сам вучыў нас… Не думай, што я спалохаўся».
Ён ласкава абняў мяне за плечы. Мы стаялі ў зацянёным пакоі, акно якога выходзіла ў сад. Вялікі куст бэзу, яшчэ зялёны і густы, засланяў гэтае акно. Помню, што дзень быў хмурны і ветраны. Наступала восень.
Павел сказаў:
«Дзівак. Хто можа падумаць, што ты баязлівец! Ты правільна зрабіў. Тым, што не прыйшоў, ты насцярожыў нас. Мы своечасова разышліся. Была аблава. У горадзе пачаліся арышты. Трэба быць, як ніколі, пільным».
Тады я расказаў пра краўца.
Павел нахмурыўся.
«А вось гэта горш, — сказаў ён. — Калі твая здагадка пацвердзіцца, прыйдзецца спусціцца табе з пажарнай каланчы. Шкада. Зручнае месца. Хораша відна, дзе трэба паліць. Краўца праверым. Я сёння ж дам заданне хлопцам. Сам нічога не рабі. Вадзі яго за нос. Табе ёсць іншае заданне. Ваенны савет вынес прысуд Лучынскаму, начальніку гарадской паліцыі, здрадніку Радзімы. — Ён адступіў у глыб пакоя, да ложка, і з гневам дадаў: — Пёс гэты вельмі актыўны. Залішне здагадваецца пра тое, да чаго гестапа не дапяла б. Падумай, як гэта зрабіць найлепшым чынам».
Пра дзейнасць Лучынскага я сам збіраў звесткі. П'яныя паліцаі расказвалі пра садызм свайго начальніка. І я люта ненавідзеў гэтага чалавека. У мяне даўно гарэла жаданне стукнуць яго. Таму, атрымаўшы заданне, я адразу задумаўся: у галаве закруціліся магчымыя варыянты аперацыі, планы яе — як, дзе…
Я глядзеў у акно і думаў. І раптам:
«Антон».
Прызнаюся, я ўздрыгнуў, бо даўно ўжо не чуў свайго сапраўднага імя.
Павел сядзеў на нізкім табурэціку і, схіліўшы галаву, разглядаў кляймо фабрыкі на падкладцы капелюша.
«Масква, — сказаў ён, ласкава пагладзіўшы пабляклы велюр. — Аня купляла». І ўздыхнуў. Я падумаў, што мне здалося, што ён паклікаў. Але праз момант, не ўзнімаючы галавы, ён паўтарыў: «Антон! Калі здарыцца што са мной і Кацяй, не пакінь Тарасіка. Прытулі».
У мяне перахапіла дыханне і голас. Пакуль я сабраўся з думкамі, каб нешта адказаць, Павел падняўся і працягнуў руку:
«Бывай. У мяне многа спраў сёння. Выпрацуеш план — звяжыся са мной. Падвернецца пад руку — дзейнічай самастойна. Але без рызыкі. І напэўна!»
Я так і не паспеў нічога сказаць яму наконт сына.
Мабыць, углыбіўшыся ва ўспаміны, Яраш змоўк. Кірыла падняўся, сабраў галавешкі і кінуў іх у жар. Зноў затрашчаў вясёлы агеньчык. Асвяціў схіленую доктараву постаць.
Шыковічу закарцела здагадацца, чаму раптам Антону сярод ночы захацелася так падрабязна расказаць пра сваё падполле. Звычайна, калі яго прасілі, ён расказваў неахвотна і скупа. Нават пасля таго, калі ён, Шыковіч, зацікавіўся падполлем і пачаў збіраць матэрыял, сябра яго ні разу яшчэ не расшчодрыўся на такі вось расказ. Так зрэдку кідаў некалькі мазкоў, эпізодаў, дэталей, і то часцей дзецям — Віцю, Іры, Славіку — з педагагічнай мэтай: вось так ішло змаганне за жыццё, якое вы маеце.
Шыковіч, як губка, упітваў гэтыя эпізоды, дэталі. Ён знарок не патрабаваў спецыяльнага расказу, каб не збіцца на біяграфію толькі аднаго чалавека. Чэрпаў матэрыял з іншых крыніц, а Яраша як бы трымаў у рэзерве. Ён пачаў збіраць матэрыял для аповесці, але хутка пераканаўся, што пра падполле іх горада трэба сказаць нейкае новае слова ў нарысавым жанры. Таму ў апошні час больш цікавіўся дакументамі. Яму крыху не падабалася, што Яраш выбраў для расказу такі час і месца, калі нічога нельга занатаваць. А на сваю памяць у сорак пяць год ён не вельмі ўжо спадзяваўся.