Шрифт:
А палове адзiнаццатай ён толькi прыняў рашэнне. Чаму менавiта ў дзесяць трыццаць? I чаму ў зале "Ваграм"?..
Бацька праводзiў яе да дзвярэй.
– На вулiцу Каленкур, - сказала яна шафёру на вулiцы.
Усё яшчэ iшоў дождж, па-ранейшаму дробны. Было холадна i ў таксi: акно да канца не зачынялася.
Марсэль, як i большасць бацькавых "клiентаў", мусiў дзейнiчаць хiба што ў пустой кватэры. Так лягчэй. У Парыжы прыслуга амаль заўсёды кладзецца спаць не ў самiх апартаментах, а на сёмым цi восьмым паверхах, дзе ёй адведзены пакоi.
Але хлопец, якога ў Версалi забiў вартаўнiк, памылiўся...
Яна зноў i зноў мiжволi вярталася да пачатку.
Ён пазванiў другi раз а палове адзiнаццатай...
Зала "Ваграм". Залiты святлом рынг... Канаты... Тысячы балельшчыкаў... Марсэль за столiкам прэсы...
Напэўна, iдэя прыйшла яму ў галаву там... Рэнуары... Значыцца, ён некага ўбачыў там, у натоўпе, хто мае гэтых Рэнуараў... Некага, у каго кватэра будзе пустая да канца вечара...
Жэрмэн здалося, што прыдуманая ёю гiпотэза настолькi бясспрэчная, што яна ўжо i пад сумненне яе не ставiла.
Зала "Ваграм"... Адпачынак у гарах, мажлiва, аўтамабiль, якi ён так хоча мець... I гэты стары корч, якi адмовiўся пазычыць яму колькi там тысяч франкаў, але затое абяцаў даць шмат больш, калi ён прынясе аднаго, некалькi маленькiх Рэнуараў...
Сярод гледачоў, твары якiх высвечвалi пражэктары, у сама першых радах, вядома, сядзеў нехта той, хто навёў Марсэля сваiм з'яўленнем у зале на думку аб Рэнуары, зiмовым адпачынку ў гарах, хуткiм аўтамабiлi...
I паколькi гэты нехта глядзеў у той час бокс, Марсэль вырашыў: небяспекi ў тым, што задумаў, няма...
Але чаму тады ён пазванiў ёй? Прадчуванне?.. Можа, ён, нi разу раней не злоўлены, адчуў раптам iнтуiтыўна, што гэтым разам замах будзе няўдалы? Цi яшчэ вагаўся? Што, як яна пачала б настойваць на тым, каб ён вярнуўся раней, бо ёй сумна адной?..
Але не! Яна, наадварот, яшчэ пялася перад iм прыкiнуцца бадзёрай! Нiколi не хацела замiнаць яму ў чым-небудзь, бо з першага дня iх сумеснага жыцця вырашыла, што ён павiнен адчуваць сябе з ёю вольным.
Нават не сказала яму, калi ён званiў увечары, што хацела:
– Не вяртайся надта позна...
А гэта зрабiла б любая жанчына.
Не прызналася яму, што ў гэты вечар у яе быў вельмi меланхалiчны настрой.
Гэта была яе вiна.
У яго была ў запасе прыблiзна адна гадзiна.
Куды ж ён пайшоў? У якi квартал?
А як з ключом? Звычайна гэта праблема, вырашэнне якой патрабуе часу. Трэба дастаць ключ ад кватэры або зрабiць злепак i ўжо з яго - сам ключ.
Часу ў Марсэля на гэта не было. Жэрмэн была ў тым упэўнена. Ёй хацелася верыць, што ён нiчога загадзя не падрыхтаваў. Цэлы ж год не быў у яе бацькi!
Так цi iнакш, адчуў Марсэль агiду да гэтага занятку цi не, але ён захацеў змянiць сваё жыццё. Доказ - тое, што ажанiўся з ёю. А можа, ён зрабiў гэта толькi дзеля таго, каб цягнула на новыя замахi, бо пачаў баяцца, што зловяць?
Бывае i такое: калi ўдаюцца тры-чатыры буйныя пакражы, злодзей раптам не можа саўладаць са страхам. Тады ён звычайна кажа сабе, што дагэтуль проста iшла дзiкая лафа, што гэта не можа працягвацца бясконца i ўжо наступным разам прыйдзецца за ўсё заплацiць.
Небяспечны стан, калi менавiта ў гэты час ён надумае распачаць свой ранейшы занятак: вось тады яго i "накрываюць". Бо няма ўпэўненасцi. Падводзiць нядбаласць. "Падстаўляюцца" па-дурному, "гараць" на якойсьцi iдыёцкай драбнiцы.
Пазванiць у палiцыю яна не магла. Газеты з'явяцца толькi праз гадзiну.
Яна ўжо ўяўляла, як ён сядзiць у палiцэйскiм участку, у кабiнеце ў якога-небудзь iнспектара на допыце. Гальштук, рэмень, шнуркi з чаравiкаў ужо адабралi... А то раптам бачыла яго ў бальнiцы...
Але не ў трупярнi! Толькi гэтае слова, адно з усiх, што з'яўлялiся ў яе ў думках, выклiкала жаданне крычаць.
– Рэнуары...
Цiкава: ёй здавалася, што варта яшчэ крышачку напружыцца - i яна разгадае праўду. Чаму iмя Рэнуара - карцiны мастака былi ёй, вядома, знаёмыя развярэджвала памяць, падказвала нешта звязанае з Марсэлем, штосьцi пачутае зусiм нядаўна?..
Больш таго: яна магла паклясцiся, што менавiта Марсэль i прамовiў перад ёю гэтае iмя. Але калi? Дзе? З якой нагоды?
Таксi спынiлася, i яна ўбачыла святло ў вокнах сваёй кватэры. Пачала шукаць у сумачцы кашалёк... Грошай было вельмi мала. Пра ўсё ж думала раней, толькi не пра гэта.
– Пачакайце мяне, калi ласка, хвiлiнку. Я падымуся, вазьму грошы...
Пабегла па лесвiцы. Чырванела пры адной толькi думкi, што аддала ўчора шпалершчыку ўсе грошы, якiя толькi мела...
– Слухай, Iвэтачка, дарагая...