Ткачев Николай
Шрифт:
Я зрабiў надпiс на загаловачнай старонцы i працягнуў, дакладней, як бы ўручыў сваю Жарынку дзядзьку Марко. Ён усхвалявана схапiў маю руку i пачаў трэсцi яе, прыгаворваючы:
– Дзякуем, дзякуем, чалавеча. I даруй, даруй нам.
– Нiшто, валодайце, я ж сабе яшчэ знайду, - сказаў я, беручы сетку ад юнака.
Марко паглядзеў на цану кнiгi i выхапiў кашалёк.
– Грошы тут нi пры чым, - усмiхнуўся я.
– Гэта ж падарунак.
– Дык чым жа вам аддзячыць?
– спытала жанчына, пагушкваючы малое на руках.
– Хiба варажбой?
Пачуўся смяшок, яна ж, быццам нiчога не здарылася, прадаўжала:
– Давайце. Так паваражу, як нiкому нiколi не варажыла. Шчыра скажу ўсю праўду.
– Шчыра - i не пашкадуеце мяне, не падсалодзiце гэтай праўды? адказаў я, падтрымлiваючы жартаўлiвы тон размовы.
– Не, нешта не хочацца займацца сур'ёзнай справай, лепей давайце парадуемся - у нас жа дзеля гэтага хоць маленькая, але ёсць прычына.
Усе заўсмiхалiся, i я, карыстаючыся добрай часiнай, пачаў развiтвацца.
– Шчасця вам i вашай Цыганii!
– сказала мне жанчына, калi я пацiснуў ёй руку.
– О, такая зычлiвасць i ёсць найлепшая падзяка, - адказаў я з хваляваннем.
– I вам вялiкага шчасця!
Iдучы вулiцай, я праз нейкi час на хаду азiрнуўся. Марко i яго сябры ўсё яшчэ стаялi на тым жа месцы. Яны гарталi кнiгу, разглядвалi яе i былi вясёлыя. Мне таксама свётла i хораша было на душы, хаця адначасна нешта i засмучала, не давала спакою.
1965 г.