Шрифт:
7. Чаму б гэта? Цiскаючы i тармосячы душы, каб здабыць з iх боскi элемент, я прымушаў iх вывяргаць iржу: Бога, Дабро, Справядлiвасць, Айчыну, Прыгажосць i ўсё астатняе, што не з'яўляецца iх першапачаткам, нi канчатковай мэтай, нi дарам багоў, нi дасягненнем розуму - гэта стварэннi часовыя, сэнс iх эфемерны, гэта нiзкiя сродкi, якiмi кiруючая хеўра слепiць сваiх падданых i губiць iхнiя душы. Мы, людзi, дзелiмся на тых, хто гуляе, i тых, хто гаруе, на тых, хто бачыць, i на тых, хто носiць шоры - на сытых i дурняў.
8. Жыццё нашае з самага пачатку заблытваецца ў сiлках, расстаўленых яшчэ да нашага нараджэння. Малым дзiцём, дома, на вулiцы, у школе мы нясведама вучымся адрознiваць дабро i зло, "права мацнейшага". Семнаццацiгадовымi дзецюкамi са свежай i радаснай душой мы ўзрушанымi галасамi маладых пеўняў даём клятву на вернасць вялiкiм Iдэалам - "праву мацнейшага". Прайшоўшы ваенную службу i стаўшы раўнапраўнымi грамадзянамi, мы чуем i паўтараем тое самае на плошчы, у судах, на народных сходах, у тэатры - "права мацнейшага". Але калi i малыя, i вялiкiя, i малыя ўчора, i сёння, i заўтра вераць у адно i тое, значыць, ёсць "закон, народжаны эфiрам у нябёсах". Вось так мы i iдзём, прыкаваныя адзiн да аднаго i ўпэўненыя, што выгоды "мацнейшых" i ёсць нашы выгоды. Выгода наша - быць звязанымi, а не вольнымi, выгода наша - быць пакрыўджанымi, а не караць. I калi б раптам якi-небудзь вар'ят з нажом кiнуўся выпусцiць вантробы з Ваўка, мы б падставiлi свае целы i душы, каб прыняць удар на сябе. А калi б раптам здарылася, крый божа, што Ваўка няма, мы б пабеглi шукаць iншага, яшчэ болей лютага, каб ён жэр нас.
9. Вось такiя iсцiны здабываў я з душы Статка. Iсцiны, якiя з часам i па звычцы сталi iнстынктамi, мацнейшымi за голад i каханне. Дзякуючы ўсё таму ж павiвальнаму майстэрству я мог здабыць з душ - раз ужо мяне пачалi прымаць за ўсяведнага - i такiя рэчы, якiх там не было, не раўнуючы як кiтайскiя фокуснiкi вымаюць чарвяка з вока мегарцаў. "Але ж чарвякоў, - скажаце вы, - мы бачым i таму верым у iх". "А iдэi?" У iх, грамадзяне афiняне, спачатку вераць, а пасля iх бачаць. Варта несамавiтай старой без дай прачыны заверашчаць у царкве, паказваючы пальцам на святога Х: "Зiрнiце... варушыцца... падае нам знакi", - як усе навокал на свае вочы ўбачаць тое самае: i рух, i слёзы, i знакi, i нават пачуюць грозны голас святога.
10. Гэта цуд, вядома. Але цуд надараецца найчасцей, калi толькi ўкладваць у душу тое, што там жадаеш знайсцi. Корпаючыся потым у ёй кiпцюрамi логiкi, знаходзiш тое, што хочаш. Колiсь богазневажальнiкi, бывала, закопвалi ў карэнне кiпарысу цi побач з крынiцай абраз, а потым "снiлi", што ў тым месцы ўжо колькi часу ляжыць схаваны "святы" i хоча выйсцi. Тады, узняўшы на ногi ўсю вёску, са свечкамi й цiм'янам яны iшлi туды, выкопвалi абраз - i па ваколiцы разлiваўся водар. Будавалася каплiца, на тацы сыпалiся грошы, посуд напаўняўся алеем, а богазневажальнiк станавiўся святым, як "божы абраннiк".
11. Вось такiмi цудамi я ўмацоўваў царства Летуценняў у Затоцы Плачу. Я сляпiў дурасць i такiм чынам прыносiў карысць ладу Несправядлiвасцi ў адпаведнасцi з правiлам: "Чым дурнейшы дурань, тым больш ён самаўпэўнены". Вам не трэ было мяне забiваць. Наступяць iншыя часы, i "моцныя" будуць дорага плацiць фокуснiкам не за тое, што яны выцягваюць, а за тое, што ўкладваюць чарвякоў у мазгi i душу мегарцаў, што твораць цуды, павучаючы малых i старых, што найсумленнейшае i найсвяцейшае ў свеце - гэта эксплуатацыя. Тады людзi, ахутаныя блакiтным туманам, небыццём думкi i волi, не змогуць варушыць нi языкамi, нi мазгамi, нi рукамi.
12. Душа, якая знаходзiцца на недасягальнай вышынi ў карагодзе вечных субстанцый, баiцца быць закранутай законамi прыроды i чалавека - брыдотай, адноснасцю i тленам. Хай нават цела валяецца ў гразi, душа застаецца чыстай. Ёй не балiць, яна не пакутуе, яна не крыўдуе. Вольная, яна не пярэчыць. Джалам сваёй фiласофii я джалiў прасцячкоў у хрыбет i паралiзаваў iх, забяспечваючы "вясёлую гульбу" разумных. Чаму ж вы мяне забiваеце? Я бачу дзяржаву будучынi, грамадзяне афiняне. Яна абагаўляе голад, пакуты i глупства, яна асыпае золатам i кормiць зярнятамi i арэхамi шарлатанаў, якiя абдурваюць народ, пераконваючы яго пагарджаць матэрыяльным i чакаць узнагароды ў "свеце духаў".
13. Калi я памыляўся ў тэорыi, дык не памыляўся ў практыцы грамадскiх дзеячаў. А яны, каб назаўсёды расквiтацца са мною, абвясцiлi мяне бязбожнiкам. Сакрат, бачыце, да законаў, любасць да дабра, мужнасць - гнiюць, нiбы падла, зваленыя ў бездань побач з забiтымi рабамi. Хлусня, зладзейства i подласць вось "дэманы" дзяржавы, вось унутранае багацце, якое вас узвышае. А потым з'явiўся мой дэман, "новы дэман", каб ажывiць падлу, удзiмаючы ў яе праз чарацiнку фiласофii "дух iсцiны", каб стварыць з падлы чыстыя iдэi, не залежныя нi ад часу, нi ад выбрыкаў чалавека - законы чыстага розуму.
17. Калi паспрабуем падпарадкаваць сляпыя парывы душы законам логiкi, гэта значыць, перанесцi iх з нясведамай iмiтацыi i прывычкi да святла думкi i волi - пiшы прапала. Але i тут я быў вам патрэбен. Высокiя матэрыi вы аддалi на патраву пацукам з клаак i прыбiральняў. Я вам раiў не ўсмiхацца i не фанабэрыцца, а верыць, што самыя адпетыя прайдзiсветы - гэта самыя разумныя афiняне. Я павучаў вас, дзеля вашага ж дабра, шанаваць iх iмёны i акурваць iх ценi перад жанчынамi, дзецьмi i рабамi, каб яны не пачалi думаць пра сябе бог ведае што i, выйшаўшы аднойчы на пляц, не пачалi выкiдваць штукi, горшыя за вашы. Я вучыў вас богазневажанню ў iмя багоў i законаў.