Шрифт:
Швэдар быў звычайны, доўгі, цёплы… Таму проста неабходна было надзець пад яго кароткую спадніцу ў краткі і вязаныя, у палоску гетры.
Але вязаныя, у палоску гетры — гэта ведае кожная інтэлектуальная кабета — валодаюць здольнасцю вяртаць легкадумны настрой.
І Магдаліна, замест таго каб пайсці ва універсітэцкі аддзел кадраў, дзе яе чакаў Марк, рушыла ад свайго пад'езда зусім у іншы бок. Аблачынкі над ёй штурхаліся, наплываючы на сонца, ветрык гладзіў па косах, мінчукі касавурыліся на паласатыя гетры, і зусім не абавязкова было займацца справамі.
— Магдаліна! Пачакайце!
Ад аўтобуснага прыпынку з другога боку вуліцы бег хлопец у джынсавай куртцы. «Спецыяліст» Кастусь Сташынскі! У Магды не было ніякага жадання з ім сустракацца, але не ўцякаць жа…
— Ледзь знайшоў вас! Марку званіў — той мяне проста «паслаў». Добра, наш агульны знаёмца ўспомніў, што ваш дом нібыта насупраць гэтай кнігарні…
Магда змрочна вывучала трэшчынку на шэрым сухім асфальце, у якой паказваліся зялёныя дзюбкі травы, і нецярпліва пастуквала наском чаравіка. Няўжо ён не заўважае, што яна не хоча з ім размаўляць?!
— Я праверыў тыя старонкі! Ёсць стары спосаб выяўляць напісанае нябачным атрамантам — патрымаць паперу над парамі ёду. Тры бутэлечкі ёду звёў! Я ўпэўнены — на тых аркушах сапраўды нешта было напісана!
Магдаліна недаверліва зірнула на ўсхваляванага суразмоўцу, амаль жадаючы, каб ён жартаваў. Але цёмныя вочы Кастуся глядзелі сур'ёзна.
— Цяпер на лістах ясна відаць сляды пяра. Але разабраць, што там было напісана, ужо не зможа ніхто, хіба асобныя словы. Я спецыяльна кансультаваўся. Аўтар запісу націскаў на пяро ледзь-ледзь, а апошняя старонка ўвогуле не прачытваецца. Ёсць такі атрамант… У ім пачынаецца хімічная рэакцыя, калі трапляе на святло. Кнігу вам перадалі загорнутую ў нешта шчыльнае?
Магда няўпэўнена пацвердзіла:
— Так… Зверху былі газеты, а знутры такая чорная папера, відаць, пакет ад фотапрыналежнасцяў.
— Ну вось…
— Лухта нейкая! — не здавалася Магдаліна. — Які сэнс пісаць светаадчувальным атрамантам, калі я ці нехта іншы маглі проста прагарнуць тыя старонкі, не чытаючы, і знішчыць тэкст.
— Вядома, рызыка была, як і незразумелая нам перасцярога, — заківаў Кастусь. — Але я сустракаўся з тымі, што прайшлі турмы і лагеры. Нешта ламаецца ў душы чалавека, і ён асцерагаецца нават тады, калі яму ўжо не варта баяцца. Ваш Іван Хмель, ведаеце, на якое аддзяленне спрабаваў пасля вайны паступіць? На хімічнае! Так што мог сам вырабіць такі атрамант. Часу ў яго хапала. Я думаю, каб рэакцыя пачалася, трэба, каб напісанае было на святле пэўны час. Почырк вельмі дробны, на кожную старонку вы патрацілі, мусіць, хвілін пяць, чытаючы? Так?
— Ну, напэўна…
— А выпадкова прагарталі б за секунды. Успомніце, у самім тэксце не было ніякіх дзіўных указанняў?
Магда задумалася.
— Ну, хіба што ён прасіў апошнія радкі прачытаць раз дваццаць…
— Каб вы іх запомнілі! — усхваляваўся Кастусь. — І… вы помніце, праўда?
У Магдаліны раптам закруцілася галава. У пытанні Кастуся ёй падаўся той жа інтарэс, што і ў пытаннях чалавека ў сінім касцюме з кабінета рэктара. З яе досыць…
— Нічога я не памятаю! Адчапіцеся ад мяне! — і рушыла подбегам — зусім не заваёўваць шырокі свет, як збіралася з раніцы, а да аўтобуснага прыпынку, ехаць да надзейнага Марка, да ўсталёванага, абароненага жыцця.
Аўтобус толькі што паказаў жоўты зад у клубах дыму.
— Істэрыка ў вашым родзе перадаецца з пакалення ў пакаленне ці гэта ваш асабісты ўнёсак у айчынную гісторыю? — Кастусь сярдзіта пазіраў на Магду. — Мне што, бегаць за вамі да другога прышэсця? Добра, што я не эпілептык, а то мільганне вашых панчох у палосачку здольнае выклікаць прыступ.
Магдаліна злосна прыкусіла губу. А Кастусь працягваў вельмі сур'ёзна:
— Год таму я быў у камандзіроўцы ў раённым музеі. І там выпадкова даведаўся, што ў адной мясцовай сям'і захоўваецца рукапіс філосафа дзевятнаццатага стагоддзя Альгерда Андрыеўскага. У 1863-м ён, як і ваш прадзед, біўся на баку інсургентаў, быў паранены, схоплены і пасаджаны ў Бабруйскую крэпасць. Там і памёр. Ягоны маёнтак перайшоў ва ўладанне таго, хто выдаў інсургентаў… — Цяпер Магда слухала, стаіўшы дыханне. — Пра Андрыеўскага забыліся. Рукапіс захоўваўся ў нашчадкаў здрадніка. Адзіны ацалелы рукапіс! Разумееш? Адзіны! І калі і ён знікне, мая Беларусь акажацца збяднелай яшчэ на адно імя. А іх столькі ў яе адабралі! І гэты чалавек… Ён сягаў думкай у будучыню чалавецтва, а ад яго на роднай зямлі, за якую аддаў жыццё, не застанецца нічога! Зусім нічога! Ты адчуваеш, як гэта несправядліва? — Кастусь гаварыў так горача, што на іх з Магдай пачалі азірацца. Хлопец суцішыў голас. — У сям'і паважаных, заможных людзей мяне сустрэлі, як быццам я абакраў мясцовую царкву. Як я зразумеў, у тым родзе з пакалення ў пакаленне перадавалася варожасць да былой ахвяры. Псіхалагічныя штучкі — пачуццё віны спараджае нянавісць да бязвінна пакрыўджанага. Карацей, я і грошы прапаноўваў, і страшыў Акадэміяй навук, і прасіў па-чалавечы.
І зразумеў, што яны зараз жа, як я пайду, гэты рукапіс, якому раней не надавалі ніякага значэння, знішчаць. Проста цуд, што яны не зрабілі гэтага раней! Адзінае, што прыходзіць у галаву — колішнія ўладары маёнтка захоўвалі «кампрамат» на законнага ўладальніка. І хоць маёнтка даўно не стала, і сутнасць справы забылася, спадчыннікі па традыцыі рукапіс хавалі. І я яго… скраў.
— Нічога сабе! — не вытрымала Магдаліна. — Гэта ж… нядобра!
Кастусь злёгку пачырванеў.
— Я разумею, што нядобра… Але я паклаў у той куфэрак пяцьдзесят рублёў — усё, што меў. Дый і злодзей з мяне аказаўся ніякі — дагналі, далі ў каршэнь… Добра, у міліцыю не пацягнулі. Але рукапіс я абараніў. І з дакладам пра Андрыеўскага мяне нават запрашалі на канферэнцыю ў Чэхію.
— Гэта ўсё азначае, што вы ад мяне не адчэпіцеся, — задумліва, але без варожасці прагаварыла Магдаліна.
Кастусь моўчкі хітнуў галавою. Магдаліна тузанула сябе за касу.
— Мне трэба падумаць… Можа быць, што-небудзь і ўспомню…
У аўтобусе, які вёз яе да дабрадзейнага Марка, Магда чамусьці сцягнула з кос жоўтую і фіялетавую гумкі, і яе валасы ляглі звыклай неахайнай капой.
Карл Карлавіч ідзе ў госці
— Забірай зараз жа гэтае паскудства і нясі ў школу! Маці стаяла перад Магдай з мокрай анучай у руках.