Вход/Регистрация
Сэрца мармуровага анёла
вернуться

Рублеўская Людміла

Шрифт:

Добра, што ў гэты момант Магда не паспела адкусіць наступнага кавалка — так раззлавалася. На сябе, бо няёмкасць і шчымленне не праходзілі, і на гэтага нахабу, якому так лёгка і проста.

Адказ гучаў выклікам:

— Мы з Маркам раніцай падалі заяву ў загс.

Цёмныя вочы Сташынскага толькі трохі прыжмурыліся — нібыта пільней у яе ўглядаўся.

— Віншую. Вы цудоўная пара. Нявесты колісь былі менавіта ў чырвоных сукенках. Мода на белыя пайшла ад Марыі Цюдор, калі яна выходзіла за французскага прынца.

— У мяне проста іншай сукенкі няма, — скрозь зубы працадзіла Магдаліна. — Я сукенак і спадніц не люблю.

І ўсё… І ён далей разважае пра магілы ды скляпенні. А чаму Магдзе балюча? Дурніца! Заўсёды ж ведала, што гэты насмешнік зусім ёю не цікавіцца. Ды і яна ім. Гэта ейнае самалюбства вярэдзіць.

— Слухай, раз ты вучылася ў Літаратурным інстытуце, што ты пішаш?

Магда нават разгубілася:

— Артыкулы. Крытычныя.

— Які з цябе, прабач, крытык? Ні ведання, ні досціпу, ні «рытуальнай злосці». А што для душы?

І Магда нечакана сказала:

— Я вершы пішу.

— Прачытай.

У паэткі зашумела ўвушшу. Марку яна не паказвала свае рыфмаваныя спробы ўжо даўно, з тых часоў, як ён сказаў, што паэта з яе не выйдзе. І нікому не паказвала… Можна ўявіць, як спляжыць іх гэты «спецыяліст»… Але радкі, як прызнанне злачынцы, чамусьці самі рваліся з вуснаў, чамусьці адчувалася: пры гэтым хлапцу — можна.

Толькі магілы ёсць у мяне. Траву па-над імі вецер кране, І адгукнуцца сурмы нябёс. Як над магілаю дрэва — мой лёс. Я паўтараю вашы сляды, Я разбіраю почырк сляпы, Кветкі сплятаю, словамі ўю. Я вас не бачыла. Я вас люблю.

Яна чытала яшчэ і яшчэ. Кастусь не лгаў. Ён не захапляўся, не рабіў заўваг. Сядзеў і слухаў. Што тут такога? Птушка спявае. Таполя рассявае белы пух. Магдаліна чытае свае вершы.

— Запомні,— амаль жорстка сказаў Кастусь. — Цябе не павінна турбаваць, што скажу я ці хто іншы. Слухай сябе. Ты яшчэ дзіця. Але ў цябе пачалі расці крылы. А яны альбо ёсць — альбо іх няма. І ніколі не будзе. Імітацыя палёту, папяровыя самалёцікі, вышыня трыбуны відочныя гэтак жа, як відаць, што чалавек сляпы… Не бойся і не саромейся сваіх вершаў. Яны крылатыя істоты.

— Але мне страшна, — прашаптала Магдаліна. — Чамусьці тое, што да мяне прыходзіць, такое сумнае… Можа быць, гэта ад таго, што я пачала пісаць на беларускай мове?

— У рускага паэта Георгія Адамовіча ёсць выказванне: «Грусть мира поручена стихам. Не будьте же изменниками». Так што не бойся. І… пачытай яшчэ.

А па скверы ішоў Марк Ялецкі. Нібы не заўважыўшы Сташынскага, загаварыў да Магды:

— Добра, што тваю сукенку відаць за квартал. Я, між іншым, столік у кавярні замовіў. А ты… — павярнуўся да Кастуся, не хаваючы раздражнення, — адчапіўся б ужо ад дзяўчыны.

Кастусь узняўся з вінаватым выглядам, ускідаючы джынсавы заплечнік за спіну.

— Прабач, Марк… Але я не ведаў, які ў вас дзень, пакуль Магдаліна не прызналася. Віншую вас.

— Кастусь! Вы на Кальварыю? — затрымала яго Магда і зірнула на Марка такімі зялёнымі вачыма, што пярэчыць было нельга. — Марк! Пойдзем з ім! Гэта апошні след!

У шатах дрэў сноўдалі вароны. Усе планы былі дарэмныя. Нябожчыкаў тут пачалі хаваць нашмат раней, чым месца сталася афіцыйнымі гарадскімі могілкамі. Гэта быў некропаль-лабірынт, дзе магілы былі над магіламі, а памяць жабравала на пагосце.

На Кастусёвым плане значылася тры склепы справа ад касцёла. Ад аднаго застаўся падмурак, на месцы другога — паўзарослая яміна ад бомбы. Трэці, ацалелы, не меў блакітнага трохкутніка. На сметніцы ля цаглянай сцяны валяліся ржавыя крыжы, парудзелыя вянкі і расколатая мармуровая пліта з магілы былога мінскага губернатара. Карціну дапаўнялі свежыя яміны і барозны, быццам тут нядаўна гізавала сям'я дзікоў.

— Ну, што, будзем магілы Кастусёвай драцінай пароць? — з'едліва азваўся Марк. — Ар-рыгінальна я святкую заручыны.

Кастусь моўчкі садраў газеты са сталёвага «шчупа» — штыраў метр даўжынёй, з разметкай і завостраным канцом. Магда ўявіла, як гэты завостраны канец уваходзіць у мяккую магільную зямлю і ў… Не, далей лепш не дадумваць.

— Давайце напачатку ў той, ацалелы, склеп!

— Прыкметы не супадаюць, — змрочна сказаў Кастусь. — Дый і мінулы раз замок вісеў. У тым склепе трунары ды прыбіральшчыкі свае прылады звалілі.

— Склеп перабудоўвалі — увесь як у латках. Наверсе, ля даха, закладзена старымі цаглінамі. Нібыта і са слядамі фарбы ёсць… — Магдзе надта не хацелася пачынаць пошукі сярод магіл.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: