Вход/Регистрация
Сэрца мармуровага анёла
вернуться

Рублеўская Людміла

Шрифт:

Каля княскай рэзідэнцыі пабліскваў лакіраванымі бакамі шыкоўны джып. Мне падалося, што ў машыне сядзіць нехта ў серабрыстым футры. Праз адчыненыя дзверы школы чуліся галасы, дакладней, адзін злосны голас, і грукат. Я кінулася туды. Мой гаспадар сунуўся за мною, хоць я амаль фізічна адчувала ягоную неахвоту лезці не ў сваю справу. Сярод вестыбюля ўзвышаўся знаёмы бамбіза са світы шэравокай «прынцэсы». Ён, відаць, «крута» размаўляў з вартаўніком па тым жа пытанні, што і днём, таму што Вінцук, у раздзёртай на плячы сіняй кашулі, спрабаваў узняцца з падлогі, дзе, пэўна ж, апынуўся не па ўласным жаданні.

Пры нашым з'яўленні бамбіза неахвотна выціснуў усмешку:

— Трэба ж, зноў сустрэліся… А мы сюды па сумачку Веры Сцяпанаўны заехалі. Шукалі вось… Ну, добра, я пайшоў. Да сустрэчы, барадаты…

Мы не спрабавалі яго затрымаць. Аўтамабіль ад'ехаў. Дырэктар вылаяў гарадскіх бандзюг і пачаў нудна выгаворваць Вінцуку наконт дысцыпліны, відаць, спаганяючы злосць, што меў на мяне. Вінцук, не слухаючы начальніка, прамовіў мне абыякавае «дзякуй»і зноў зацяўся, як камень.

— Можа, у міліцыю паведаміць? Ці медыцынская дапамога вам патрэбна?

Вартаўнік моўчкі пахітаў галавой, а Андрэевіч ад маіх слоў усхваляваўся. Навошта шум падымаць? Вартаўнік сам вінаваты: пусціў чужых на аб'ект аховы.

Ну, не трэба дык не трэба… Сёння яны сюды наўрад ці вернуцца. Даме, напэўна, час ванну прымаць. Я не сумнявалася, што ў машыне сядзела «прынцэса».

Адыходзячы, я азірнулася на дом, які ў цемры набываў страчаную веліч. Скрозь дошкі, якія шчыльна закрывалі вокны другога паверха, у адным месцы прабіваўся праменьчык святла. Дзіўна… Можа, падалося? Не, свеціцца, праўда, толькі калі глядзець пад пэўным вуглом.

Дырэктару пра сваё адкрыццё я нічога не сказала. Па дарозе дахаты гаспадар, узрадаваны, што інцыдэнт вырашыўся, распавёў мне пра свайго папярэдніка на гэтай пасадзе. Цудко меў славу дзівака, хаця яго ў акрузе паважалі. Ён з няўрымснай энергіяй збіраў у свой музей старыя збаны і посцілкі, сямейныя архівы і рэшткі архіваў мясцовых устаноў. Калі руйнавалі царкву і касцёл з будынкам семінарыі, выцягнуў адтуль усё, што мог, дакладней, што там засталося. Драўляная скульптура, якую я бачыла, валялася ў сутарэннях касцёла, які з трыццаць дзевятага года і да свайго зруйнавання выкарыстоўваўся як склад. Андрэевіч быў яшчэ маленькім хлопчыкам, але памятаў, як бурылі касцёл, як Цудко ўгаварыў трактарыста і той перацягнуў адтуль да школы некалькі мармуровых скульптур і з дзесятак магільных пліт. З усяго захаваўся ў музеі толькі бачаны мной анёл ды тры надмагільныя пліты князёў Палецкіх. Астатнія, казалі, забрала раённае начальства. Я ведала, што гэта значыць — айчынныя нуварышы купляюць старыя каменныя надмагіллі, знішчаюць надпісы і выкарыстоўваюць для ўшанавання памяці памерлых сваякоў. Добры мармур набыць цяжка. А тут яшчэ і з гатовымі малюначкамі трапляецца. Вартаўнік з'явіўся ў школе два гады таму, Цудко ўладкаваў яго перад самай сваёй пенсіяй. Адкуль той Вінцук узяўся — ніхто не ведае; Цудко сказаў, што гэта ягоны далёкі сваяк. Па Наўі адразу пайшлі чуткі, што сваяк выйшаў з псіхіятрычнай бальніцы. Дый гэта ад пачатку было відаць, што чалавек «з прыветам», — з выгляду, як бадзяга, да сялянскай працы не змусіш, толькі дровы сячэ ды ўлетку траву пакосіць вакол школы. Ні з кім не гаворыць, ніхто да яго не прыязджае. Трэба будзе пераводзіць музей у новую школу, але там усё не змесціцца. Давядзецца аддаць большую частку экспанатаў у раённы музей. Рэчы ёсць прыгожыя, шафка, напрыклад, і вазы. Але без іх спакайней. А тады што з вартаўніком рабіць? І выгнаць шкада — прападзе чалавек, забамжуе.

Размова працягнулася за вячэрай, і гаспадыня, якая прадставілася мне як Мацвееўна, выказала сваю думку, што Вінцук той — блажэнны, бо кожны дзень у царкву ходзіць і нават бацюшку бясплатна дапамагае па царкоўнай гаспадарцы.

— Грашыў, відаць, шмат, — глыбакадумна заключыў Андрэевіч пасля трох чарак самагонкі, якую я адмовілася піць. — Калі чалавека нячысцік мучае, ён абавязкова ў царкву пацягнецца… Сабакам брахаць будзе, змяёй круціцца, але да царквы папаўзе…

Пасля такой эзатэрычнай скіраванасці я зразумела, што час укладвацца спаць.

Перад тым як улегчыся пад пуховую коўдру, таўшчыня якой была прапарцыянальная гасціннасці гаспадароў, я яшчэ раз зірнула на далёкі будынак школы і падумала пра святло на другім паверсе. Несумненна, там і схаваныя самыя каштоўныя экспанаты. Як бы толькі пераканаць вартаўніка пусціць мяне да іх?

4

Раніца выдалася сонечная, з марозам. Гаспадары даўно ўсталі і, відаць, паспелі зрабіць шмат патрэбных, спрадвечных гаспадарскіх спраў, пакуль я песцілася пад іхняй пярынай. Нават да маёй мансарды даносіўся пах аладак.

Андрэевіч падрыхтаваў мне сюрпрыз. Паколькі я ўчора так цікавілася асобай вартаўніка, ён схадзіў у новую школу і прынёс ягоную асабовую справу. І зараз сам вывучаў яе. Я ўзяла ў Андрэевіча шэрую папачку і ледзь не ўпусціла, прачытаўшы надпіс: «Віктар Іванавіч Палецкі, вартаўнік». Я зірнула на дырэктара, той толькі паціснуў плячыма.

— Я і сам не ведаў, што ў яго за прозвішча. Вінцук ды Вінцук. Хутчэй за ўсё, проста аднафамілец княжацкі. Апошнія Палецкія з'ехалі адсюль яшчэ ў трыццаць дзевятым, калі Саветы прыйшлі.

Пра жыццё Палецкіх да рэвалюцыі Андрэевіч ведаў мала. Чуў толькі пра старога князя, які надта любіў гуляць у карты, так што прайграў суседнюю з Наўем вёску нейкаму палкоўніку. Ды яшчэ той князь пад старасць звар'яцеў і пачаў «магілы выварочваць». Ці ён проста руйнаваў помнікі, ці захапляўся некрафіліяй, выкопваў трупы, аповеды не ўдакладнялі.

У асабовай справе аказался зусім няшмат звестак пра вартаўніка. Месца нараджэння — Мінск. У графе «адукацыя» — прочырк. Узрост — трыццаць пяць гадоў, значыць, усяго на пяць гадоў старэйшы за мяне. Спецыяльнасць і працоўны стаж — прочыркі, відаць, лічылася, што гэтага няма, як і хатняга адраса. Сямейнае становішча — халасты. Адзіная адметнасць — адзнака, што не прыдатны да вайсковай службы па стане здароўя.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: