Вход/Регистрация
Сэрца мармуровага анёла
вернуться

Рублеўская Людміла

Шрифт:

— Па-мойму, законнае жаданне ўсіх жонак, — не змоўчала я.

— Напэўна… Але тады я быў невыносным ідэалістам. І вось аднойчы прыходжу дадому, а мая багіня ляжыць, бледная, на ложку і плача. Абследаванне выявіла рэдкую смяротную хваробу. Тэрмінова патрэбна правесці курс ін'екцый. Лякарства такога ў нашых аптэках няма, толькі на чорным рынку можна купіць. Каштуе каля дзвюх тысяч долараў. Ні ў мяне, ні ў маіх сяброў такіх грошай пакуль не мелася. Ляжыць жонка, развітваецца са мною. Я пачаў меркаваць, у каго пазычыць, што прадаць. Ледзь не звар'яцеў. І тут якраз тэлефануюць. Прапаноўваюць выканаць адзін невялікі заказ для прыватнага калекцыянера, які заплаціць у валюце, і вельмі добра. Я расцаніў гэта як добры знак і заглынуў нажыўку разам з кручком. На шыкоўным лецішчы, пасля шампанскага з лёдам, прыветныя дзядзечкі ў гальштуках і белых кашулях паказалі мне абраз. Візантыйскі ўзор, чатырнаццатае стагоддзе. Цуд, а не работа! Пытаюцца: «Можаш копію зрабіць? Адзін дзівак замежнік хоча такі мець, а іх вывозіць нельга. Вось ён шукае, хто б напісаў падобны. Намалюеш — дзве тысячы баксаў твае».

— Божа мой, Віктар, і вы пагадзіліся?

— Не стану сцвярджаць, што быў настолькі наіўны, што не адчуў некаторую… падазронасць справы. Тым больш працаваць мяне папрасілі на тым жа лецішчы, ды яшчэ нікому пра сваю працу не расказваць, — замежнік, маўляў, ганарлівы, не хоча, каб ведалі, што ён копію дамоў вязе. Непрэстыжна гэта яму. Двое сутак не разгінаўся — зрабіў абраз, нахваліцца заказчыкі не маглі. Уручылі мне мае срэбранікі, і я палунаў да сваёй багіні… Было позна, я ўвайшоў ціха, каб не пабудзіць хворанькую маю, а яна па тэлефоне размаўляе… Я паслухаў і… Вядома ж, усё адбылося па сцэнарыі.

— Кантрабандысты?

— Так… І самага высокага палёту. Знайшлі да мяне верны ход. Віта толькі плячыма паціснула: чым, маўляў, кепска, грошы верныя, працы няшмат. Каб меў хоць крыху клёпак у галаве, каб можна было са мною па-дзелавому размаўляць, — не спатрэбілася б спектакль разыгрываць. Так што ўсё для маёй жа карысці. Цяпер увойдзем да дзялкоў у «долю». Я буду толькі маляваць, а ўсе «тэхнічныя падрабязнасці» — апрацоўка пад старажытнасць, кліентура, збыт, бяспека — справа «фірмы». А на мае перасцярогі ды ўшчуванні адно: «дах» гэтай «фірмы» так высока, што ніводзін міліцыянт у іх справы нос не суне. Будзем жыць прыпяваючы катэдж сабе пабудуем, машыну купім і гэтак далей. У маёй кветачніцы, аказваецца, быў распрацаваны падрабязны план на шмат гадоў наперад, калі мы што набудзем, калі народзім дзяцей, куды будзем ездзіць… І першы крок па яго выкананні ўжо зроблены. Я выслухаў і… пайшоў у міліцыю.

Я магла толькі развесці рукамі.

— Ваша мама сапраўды выхоўвала вас ідэалістам. Вас пасадзілі?

— Са мной ветліва пагаварылі, запісалі каардынаты лецішча, на якім я працаваў над абразом, прыкметы асоб, якія мяне наймалі… Вядома, пра ролю жонкі я не сказаў ні слова. Зманіў, што сам шукаў заробку і выпадкова натрапіў на гэтых людзей. Потым я доўга сядзеў у кабінеце следчага. Раптам заходзіць мая жонка з натуральным сумам на твары, за ёй некалькі жлабоў у белых халатах. Багіня са слязьмі ў голасе кажа ім, што я пакутую псіхічнымі адхіленнямі і апошнім часам знаходжуся ў дэпрэсіі. Перапрацаваўся, небарака, перахваляваўся… Мне ўшпільваюць супакойваючы ўкол, і… я апынаюся ў дурдоме. Я мімаволі жахнулася:

— Божа мой, сапраўдны дэтэктыў. Вінцук сумна ўсміхнуўся:

— Толькі без высакароднага сышчыка.

— Ну а потым, пасля лячэбніцы…

Твар майго субяседніка нібыта пацямнеў.

— Вы думаеце, гэтае «потым» настала так хутка? Для мяне гэта была вечнасць. Два гады. Што цікава, менавіта ва ўстанове для ідыётаў я нарэшце пачаў усведамляць, якім быў ідыётам да таго, як туды трапіў. Усведамляў, праўда, урыўкамі, у тыя моманты, калі маім мазгам было дазволена працаваць без транквілізатараў. Дарэчы, жонка некалькі разоў прыходзіла да мяне. Угаворвала далучыцца да «фірмы». Нават плакала. І я не ведаю, ці можна яе асуджаць. Ці можна асуджаць чалавека за тое, што ў яго іншыя погляды, чым у цябе, і ён перакананы ў сваёй праваце?

Жартуе, ці што?

— Ну, Вінцук… Віктар Іванавіч, з такой паблажлівасцю можна зайсці вельмі далёка. Злачынствы нельга апраўдваць тым, што злачынцы былі перакананы, што робяць правільна.

— Але ж Віта сапраўды нічога благога мне не хацела, — сур'ёзна патлумачыў Вінцук. — Яна шчыра верыла, што ўсяму віной — толькі мая упартасць. Думаю, я не быў ёй зусім абыякавы. Варта мне было пагадзіцца, і я выйшаў бы на волю і меў бы такое жыццё, якое Віта натхнёна абяцала мне. Але я сапраўды ўпарты. Ёсць межы, якія я не магу пераступіць проста таму, што перастану паважаць сябе. А з усіх няшчасцяў гэта для мяне — самае страшнае. Можна часам ненавідзець сябе, можна сумнявацца ў сабе… Але страціць унутраную павагу — нельга, гэта смерць, пачатак духоўнай пустэчы.

Апошнія словы прагучалі так, як павінны гучаць словы выпакутаванай веры.

Вінцук памаўчаў, адкінуў з ілба пасмачку валасоў і працягваў спакойным голасам:

— Апошні год Віта не прыходзіла. Са мной пачалі абыходзіцца менш жорстка. Я лічыўся ціхапамешаным, маляваў насценгазеты для ўсяе бальніцы, нават зрабіў роспіс у сталовай. І вось выйшаў я на волю. За той час, што быў фактычна ізаляваны ад свету, памерла маці — інфаркт.

Кубачак у руках Вінцука здрыгануўся, і ён паставіў яго на стол. Прымружыўся, як ад стрыманага болю…

— Сябры расказвалі, што яна прыйшла ў бальніцу адведаць мяне, ну ёй і паказалі сыночка — прывязанага да ложка, з пенай на губах і вачыма, што глядзелі ў розныя бакі. Наўшпільвалі ў мяне, напэўна, багата ўсялякай поскудзі… Я пасля бальніцы тры месяцы не мог чытаць. Проста не ўспрымаў сэнсу літар.

Вінцук зноў замаўчаў і раптам спытаў неяк дзіўна абыякава, гледзячы ўбок:

— Вам не надакучыла выпадкам мая споведзь?

У мяне перахапіла голас ад усведамлення, што ён, магчыма, першы раз камусьці ўсё гэта расказвае. Але я разумела, што гэты чалавек не хоча, каб яго шкадавалі. Таму толькі моўчкі пахітала галавою — маўляў, не надакучыла…

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: