Шрифт:
І горад Б* пачаў вызваляцца ад свайго кашмару. У зале гарадскога тэатра сіламі выкладчыкаў мужчынскай гімназіі і рэальнай вучэльні арганізавалі лекцыю пра шарлатанскую сутнасць спірытызму. Пан Бурдэйка ды ягоная таўсматая пасія — проста шараговыя чэрававяшчальнікі, і ніякіх духаў яны не выклікалі, а гаварылі падрыхтаванымі фразамі, чаму сведчанне — шматлікія недарэчнасці. У храмах усіх канфесій асуджалі тых, хто спрабуе зносіцца з духамі, бо па сваёй грахоўнай зямной існасці дастане толькі візіту дэманаў. І ўрэшце нябесныя сілы спаслалі апошні аргумент — нумар губернскай газеты, у якім паведамлялася, што сярод ахвяр чыгуначнай катастрофы на станцыі Н* быў вядомы спірытуаліст Б-ка са сваёй жонкай і асістэнткай, з якой накіроўваўся на чарговыя гастролі ў Маларасію. Вось вам і «вечная таямніца»…
Жыццё круціла свае нетаропкія жорны, і ўсё сталася друзам, тлом, ценем…
Нябожчыкі вярнуліся ў труны пад папяровымі вянкамі і вершаванымі надпісамі, у карчомцы застукаў келіх аб келіх: «Вечная памяць!»
Памерлыя страцілі голас, веліч і любасць, зноў зрабіліся звычайнымі, хворымі, лысымі, кульгавымі, звяглівымі, ілжывымі, слабымі… Нічым не лепшымі за жывых…
Ліхвяр Губерман ажаніўся пяты раз. Мадэмуазель Гарабец нечакана атрымала спадчыну і пераабсталявала майстэрню, дзе цяпер некалькі мясцовых дзяўчатак страчылі пад яе наглядам на машынках «Зінгер», а сама мадэмуазель, трымаючы ў пульхнай руцэ з пярсцёнкамі кубак з гарбатай, другой раскладала бясконцыя пасьянсы «Піраміда» і «Магіла Напалеона». Пан Вабішчэвіч таксама ажаніўся — з дачкой выкладчыка лацінскай мовы, якую за вочы называлі Верка-Прышчэпка. А цётка Крыся ўдастойвала свайго ветэрынара папяровым вянком на Радуніцу ды паніхідамі ў вызначаныя памінальныя дні.
За вечны супакой у той год было выпіта ўтрая больш звычайнага. Вечная вайна мёртвага і жывога скончылася часовай эфемернай перамогай апошняга. Жыццё паказала бяззубай смерці ружовы язык і садрала з мінулага фальшывыя фальбоны…
Але…
Але ніхто не наважыўся б сцвердзіць, што горад Б» не шкадаваў аб тых нябожчыках, спароджаных у неабдымным чэраве шарлатанкі Аманды, што чорныя страусавыя перы не ўскалыхваюцца час ад часу над ураўнаважаным местачковым жыццём… І што такое тры рублі ў параўнанні з вечнай прагай душы — жаданнем цуда і несмяротнасці…
P.S. Хадзіла яшчэ чутка, быццам былі прысланыя на пошту горада Б* у якасці часткі спадчыны чарнявай мадэмуазель Гарабец шматлікія каробкі і скрыні і быццам быў там сакваяж, надта падобны да таго, які бачылі ў руцэ спірытуаліста Бурдэйкі. А калі адчыніла мадэмуазель вялікую круглую каробку, нібыта калыхнуліся там чорныя страусавыя перы…
Але мадэмуазель Гарабец з плачам схілілася над імі, так што пэўнасці ніхто даць не мог…
Семела і Юштэр
Аднойчы Юпітэр пакахаў зямную прыгажуню Семелу. Па намове раўнівай жонкі Юпітэра Юноны Семела папрасіла, каб каханы паказаўся ва ўсім бляску боскай славы. Невыноснае для зямных вачэй відовішча забіла Семелу.
Старажытнагрэчаскі міфКалі ў гэтым недасканалым свеце ўсё-ткі сустракаюцца такія рэчы, як ружы, лебедзі, захад сонца на фоне развалінаў старога замка горада Б* і мігдалавы торт, павінны ў ім быць і шчаслівыя людзі.
Хаця ружы, лебедзі і мігдалавы торт, не кажучы пра захад сонца, сустракаюцца куды часцей.
У горадзе Б* не было больш шчаслівага чалавека за паненку Аўгінню. Яна жыла ў прыгожым доміку з зялёнымі аканіцамі, яе бацька быў мудры сівагаловы брандмайстар, а малады муж — лепшы падначалены бацькі, бравы пажарнік Міхась Кудыка. Паненка — цяпер ужо пані — Аўгіння вязала самыя прыгожыя ў свеце карункі, людзі шанавалі яе рамантычную натуру і любілі за рахманы нораў. А які гародчык быў у Аўгінні! Не банальныя памідоры-бабы раслі там, а пераселеныя з лесу і выгану кветкі, якія жыхары горада Б* лічылі за звычайнае пустазелле. Ля плота ўзвышаўся царскі скіпетр, свяціліся дробныя кветачкі бабінага лета і чарнакораню, узбіраўся на сцены дома бружмель, калыхаў свой цёмны агонь скрыпень, трымцела пушыстае божае дрэўца і нават сядзела ля ганка нетутэйшая расліна самшыт — жалезнае дрэва…
Аўгіння называла мужа Мішэлем і была шчаслівай, нягледзячы на тое, што з дзяцінства мела вельмі кепскі зрок. Між навакольным светам і поглядам паненкі калыхаўся вясёлкавы туман. Гэта надавала яе хадзе рамантычную запаволенасць і няўпэўненасць. Але людзі былі такія добрыя, што зусім не злаваліся, калі Аўгіння, плывучы ў сваім тумане, натыкалася на іх ці блытала іх імёны. Ды і як можна было злавацца на гэтую асобу з пышнай прычоскай, упрыгожанай кветкамі, з вечнай усмешкай. Мішэль прыходзіў дадому, стомлены і мужны, цалаваў жонку ў шчаку і спажываў вячэру, прыгатаваную ўмелымі рукамі кухаркі Параскі. А юная пані Кудыка тым часам улагоджвала яго слых пераказам зместу чарговага рамана, прачытанага з дапамогай моцнай лінзы, і хуталася ў самавязаны белы шаль з кутасамі.
— Ох! Ах! Прабачце, калі ласка! — гэта пані Аўгіння выносіла мігдалавы торт з кандытарскай.
Чалавек, з якім на гэты раз сутыкнулася чароўная паненка, пах дарагім адэкалонам, а на твары яго паблісквала пенснэ. Аўгіння сарамліва ўсміхнулася. Незнаёмец уважліва паглядзеў на няўклюдную тубылку і далікатна ўзяў з яе рук каробку з тортам.
— Дазвольце, я крыху дапамагу вам. Не палічыце нахабствам — я тут чалавек выпадковы, выкраіў дзень заехаць пракансультаваць жончыну сваячку. Дазвольце пазнаёміцца — Самсон Рыгоравіч Іваноўскі, маскоўскі ўрач-афтальмолаг. Ну, калі прасцей — спецыяліст па захворванні вачэй. У мяне да вас некалькі прафесійных пытанняў…