Вход/Регистрация
Сэрца мармуровага анёла
вернуться

Рублеўская Людміла

Шрифт:

А ў будынку паштмайстар пан Сікорскі ў атачэнні сваіх падначаленых разглядаў пасылку, дастаўленую з чыгункі ў чарговай партыі ранішняй пошты. Пасылка была адрасаваная настаўніку хіміі Капуцкаму, аматару незвычайных досведаў ад спірытычных сеансаў да археалагічных раскопаў. Пасылка сапраўды была вартая ўвагі: квадратная скрыня ў палову чалавечага росту вышынёй, шчыльна абцягнутая чорнай аксамітнай паперай, на якой ярка паблісквалі фольгавыя зоркі. Адправіцель падпісаўся лаканічна: «Брацтва «Гаўдэамус». Паколькі было вядома, што настаўнік Капуцкі з'ехаў некуды ў Гародзенскую губерню да сваякоў, а ягоная халасцяцкая кватэра стаяла замкнёная, пасылка мусіла знаходзіцца ў сховішчы паштамта да вяртання адрасата.

— Пасылка як пасылка, — выгукнуў Сікорскі і прыгладзіў справа налева рэдкі чуб, зачасаны на раннюю лысіну. — Занесці ў сховішча і забыцца.

— Не кажыце, пане Сікорскі,— тужліва працягнуў служачы Карасюк. — Мне такой ніколі не дашлюць. Можа быць, там тэлескоп для назірання зорак — пан Капуцкі неяк расказваў пра такую прыладу на лекцыі ў клубе грамадзянскіх служачых. Калі гэты тэлескоп навесці на планету Юпітэр, можна ўбачыць на ім кольцы!

— Так-такі кольцы… — няўважна ўсумніўся Сікорскі, пагладжваючы чорную аксамітную абгортку пасылкі.

— А можа быць, там фанограф? — выказаўся другі служачы. — Мая жонка ездзіла да сястры ў Вільню, і там на кірмашы слухала фанограф, за дзве капейкі за сеанс. Апошнюю прамову Абрама Лінкальна, панове!

Тут з усіх бакоў пасыпаліся гіпотэзы наконт змесціва пасылкі, адна фантастычнейшая за другую.

— Усё! Сціхніце! — скамандаваў паштмайстар. — Пасылка адпраўленая па ўсёй форме, мы не маем права ўскрываць прыватную карэспандэнцыю. Мы дзяржаўныя служачыя і мусім выконваць свой абавязак дакладна. У сховішча! І каб я больш пра гэтую скрыню не чуў!

Аднак чуткі пра таямнічую пасылку папаўзлі па горадзе Б». Хутка горад высунуў некалькі даволі цікавых версій, якія запэўнівалі, што ў Чорнай Скрыні набор мамантавых і дыназаўравых костак для гімназічнага палеанталагічнага музея; васковая фігура Напалеона ў сядзячым стане; егіпецкая мумія і нават — абсталяванне для запуску паветранага шара. Чорная аксамітная абшыўка пасылкі заблішчэла і паабцерлася ад бясконцых дотыкаў… Але найболей жарсці распалілася, калі настаўнік Капуцкі не вярнуўся ў належны час і даслаў кіраўніцтву гімназіі ліст, у якім паведамляў, што яму часова прапанавалі пасаду прыват-дацэнта ў Гарадзенскім медыцынскім універсітэце і ён затрымаецца ў Гародні яшчэ на месяц, а пасля, калі ўдасца, застанецца назусім.

— Ускрывайма пасылку! — падляцелі да пана Сікорскага ўсхваляваныя служачыя пошты. — Адрасат выбыў!

— Не маем права! — уздыхнуў Сікорскі.— Па-першае, Капуцкі яшчэ можа вярнуцца, а па-другое, калі ён не вернецца, мы абавязаны адаслаць гэтую пасылку на ягоны новы адрас.

Усведамленне, што яны, верагодна, не будуць прысутнічаць пры ўскрыцці Чорнай Скрыні і ўвогуле ніколі не даведаюцца, што там было, напоўніла душы прысутных невыказнай горыччу. І па горадзе папаўзлі чуткі іншага кшталту. У Чорнай Скрыні — зброя; дынаміт і бомбы; падпольная друкарня… Нарэшце самую арыгінальную версію прапанавала жонка паштмайстра пані Сікорская, што ў пасылцы расчлянёны труп настаўніка Капуцкага, а ліст ад яго імя падступна даслаў забойца, каб схаваць настаўнікава знікненне…

Хаця ключ ад сховішча Сікорскі насіў з сабою, аксамітная папера на пасылцы ў некалькіх месцах аказалася прадзертай. Але пад ёй выявіўся слой чырвонага кардону. Пан Сікорскі доўга змагаўс я з уласным грамадзянскім сумленнем, нарэшце ўзяў тонкі сталёвы нож для разразання паперы і рана ранічкай, пакуль не з'явіліся падначаленыя, забег у сховішча і праткнуў чырвоны кардон… Але нож праз якія два вяршкі наторкнуўся на нешта цвёрдае, якое нажу не паддавалася. Так было з усіх бакоў. У адчаі Сікорскі раскалупаў адну дзірку пашырэй: за чырвоным кардонам бачылася дрэва…

Капуцкі відавочна не збіраўся прыязджаць у горад Б* і на пачатку лютага запатрабаваў выслаць дакументы аб сваёй адстаўцы і пакінутыя рэчы, што змясціліся ў адным невялікім чамаданчыку. Самае жахлівае, што настаўнік (а цяпер прыват-дацэнт Гарадзенскага медыцынскага інстытута) выслаў свой новы адрас, абсалютна дакладны. Неатрыманая пасылка мусіла нераспячатанай адбыць на ранішнім цягніку разам з настаўнікавым чамаданам у Гародню.

Снег пад ліпамі быў даўно стаптаны. І вы дарэмна думаеце, што гэта зрабілі каляднікі. Жыхары горада Б* палюбілі пад вокнамі паштовага аддзялення абмяркоўваць версіі пра змесціва Чорнай Скрыні. Утварыліся нават своеасаблівыя партыі прыхільнікаў тае ці іншай версіі. Самай шматлікай была партыя егіпецкай муміі. Многа было і прыхільнікаў версіі пра мамантавыя косткі і тэлескоп. Нешматлікай, але напорыстай сталася партыя версіі пра расчлянёны труп. Яе ўзначальвала жонка паштмайстра.

Спрэчкі пра Чорную Скрыню вяліся і ў Бурыгавай карчомцы за кубкам гарбузакаўскага піва «Зосечка», і ў пакоях губернатарскага дома. Гімназісты мужчынскай гімназіі, дзе яшчэ нядаўна настаўнічаў Капуцкі, у бальшыні былі перакананыя, што пасылка ўтрымлівае нешта такое, чым аб'ектыўна мусіла карыстацца іхняя гімназія, — тэлескоп там ці косткі, ці абсталяванне для хімічных доследаў. І не адзін баявіты гімназіст спрабаваў прабрацца ў сховішча пошты, маючы ў кішэнях, ранцы ці ў руках злавеснае начынне ўзломшчыка — стамескі, свярдзёлкі, ломікі, нават порах і нітрагліцэрыну… Звестка, што Чорную скрыню адпраўляюць у Гародню, ускалыхнула ўвесь горад Б*. Пані Сікорская наляцела на свайго мужа з сапраўдным адчаем жаўнера, які ідзе ў апошюю атаку.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • 48
  • 49
  • 50
  • 51
  • 52
  • 53
  • 54
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: