Дайнеко Леонид Мартынович
Шрифт:
Нарэшце падкраліся да княжацкага церама. Ён быў высокі, двух'ярусны, зрублены з тоўстых дубовых бярвенняў. У першы ярус князь, дружына і слугі ўваходзілі проста з двара праз высокі ганак, аздоблены бліскучымі срэбнымі бляшкамі, на якіх былі выбіты галовы розных заморскіх звяроў, дзівосныя птушкі, рыбы і зоркі. Ход з двара вёў у вялікую грыдніцу, уздоўж сцен якой стаялі шырокія дубовыя лавы. Сцены грыдніцы былі абабіты беласнежным ільняным палатном, шкурамі тураў, мядзведзяў і ваўкоў. Са сцен тырчэлі адпаліраваныя да мядовага бляску даўжэзныя рогі аленяў і ласёў. Падлога грыдніцы была нацёрта воскам, і калі праз вузкія, у алавяных рамах, вокны ўрывалася сонца, грыдні і баяры, цівуны і купцы, што чакалі княжага выхаду, седзячы на лавах, зажмурвалі вочы.
На першым ярусе была княжацкая трапезная. Тут таксама са сцен тырчэлі аленевыя і ласіныя рогі, але абпіленыя на канцы, ператвораныя ў падсвечнікі. Вялізны доўгі стол, пакрыты залататканым абрусам, займаў амаль усю трапезную. У сцяне насупраць стала была зроблена агромністая ніша, выкладзеная шэрым палявым каменнем. У гэтай нішы, асабліва зімовымі і восеньскімі вечарамі, заўсёды гарэў агонь. Для яго ў цераме яшчэ з вясны назапашваліся дровы. І больш за ўсё шанавалі тут асінавыя дровы, бо яны гараць роўным белым полымем, не дымяць, не даюць сажы.
На другі ярус, на «верх», можна было прайсці па шырокай лесвіцы з абабітымі серабром і меддзю балясамі. Там былі княжацкія пакоі, там князь Вячка прымаў самых блізкіх сваіх людзей, а таксама паслоў з Рыгі, з Літвы, ад эстаў і ліваў. Там жа, у кутным пакоі, была ягоная спальня, каля дзвярэй якой удзень і ўначы неслі варту ўзброеныя мячамі і баявымі сякерамі воі-дружыннікі. Муха і тая не магла праляцець незаўважанай, але Браціла, які добра ведаў жыццё і норавы церама, меў свой хітры план пранікнуць у святую святых. У цераме за печніка і вадавоза быў ягоны добры знаёмы латгал Сцегіс. З гэтым Сцегісам яны вадзіліся яшчэ з маленства: пасвілі коней за гарадскім валам, купаліся, высочвалі пчаліныя борці ў вакольных лясах, пераплыўшы на чоўне Дзвіну, кралі ў селаў гусей і авечак, падросшы, узмужнеўшы, разам заляцаліся да дзяўчат. Сцегіс, на думку Брацілы, і павінен быў яму памагчы.
Каля самай сцяны церама Браціла паклаў у густую мокрую траву шчыт і суліцу, даў знак тэўтону замерці, чакаць, а сам, увесь наструніўшыся, затаіўшы дыханне, падкраўся да акенца каморкі, у якой табараваўся латгал, пастукаў костачкамі пальцаў у вузенькае акно. Нейкі час ніхто не азываўся. Але вось у акенцы затрапятаўся залацісты матылёк свечкі. Сцегіс, трымаючы свечку ў высока ўзнятай руцэ, прыпаў тварам да шкла.
— Сцегіс, адчыні,— папрасіў Браціла.
— Хто ты? — данёсся глухі голас латгала.
— Браціла. Мураль.
— Згінь, нячысцік, — рукою са свечкай перахрысціўся Сцегіс. — Брацілу яшчэ ў мінулае лета забіў Халадок, старшы вой князя.
— Я — Браціла. Магу паклясціся на крыжы. Браціла засунуў руку за пазуху, выцягнуў нашыйны каменны крыжык, перахрысціўся ім, потым пацалаваў яго. Пасля некаторага роздуму латгал, грукнуўшы завалай, адчыніў нізкія дзверы сваёй каморкі, насцярожана застыў са свечкай у руцэ. У яго былі пшанічныя вясёлыя бровы.
— Ад страху язык прымёрз да зубоў? — лёгенька стукнуў яго па плячы Браціла. — Ды не дрыжы, не дрыжы. Я цябе не з'ем. Можаш памацаць мяне — я не з дыму і не з сажы.
Сцегіс і сапраўды працягнуў уперад худую касцістую руку, лёгенька крануў начнога госця доўгімі празрыстымі пальцамі.
— Не апёкся? — Браціла ўжо сеў на чурбанчык. Асінавымі чурбанчыкамі была завалена падлога каморкі. Пэўна, Сцегіс звечара нацягаў дроў з вуліцы ў жытло, каб на золку, калі трэба будзе распальваць у печы, яны былі пад рукою.
Латгал нарэшце паверыў, што перад ім не ўпырпярэварацень, а ягоны колішні сябрук. У невялікіх шэрых вачах успыхнулі іскрынкі здзіўлення і нават радасці, але адразу ж зніклі.
— Ты забіў Дотэ, купца з Прэйльскай акругі,— ціха сказаў Сцегіс. — Князь Вячка загадаў забіць цябе, але ты ўцёк…
— Я ўцёк у Рыгу. Праўду кажаш, Сцегіс.
— У Рыгу? Да гэтых псагалоўцаў, якія забіраюць нашу зямлю і апаганьваюць магілы нашых продкаў?
Вочы ў Сцегіса сурова ззялі.
Браціла нечакана кінуўся перад ім на калені, шырока перахрысціўся, заплакаў, загаварыў, глытаючы калючыя слёзы.
— Я пракляў той дзень, калі забіў Дотэ і калі збег да тэўтонаў. Справядліва кажа найміласэрнейшы бог: «Ператвару святы вашы ў плач і песні вашы ў рыданні». Колькі слёз я праліў, Сцегіс! А ты ж помніш — я быў вясёлы. Помніш, Сцегіс?
Ён знізу ўверх пранізліва глянуў на латгала. Сваім позіркам, як кап'ём, прабіваў ён мяккае сэрца Сцегіса.
— Помню… Устань, Браціла… Я ж не князь і не баярын.
— А помніш, як мы з табою ўцякалі з таго берага Дзвіны ад селаў і літоўцаў і ў наш човен упілося аж сем стрэл? І як мяне параніла?
— Помню. Але навошта ты вярнуўся, Браціла? Вярнуўся, як пёс на сваю блявоціну.
— Не мог я там… Паміж тэўтонаў… Ні вера іхняя, ні мова, ні жанкі прыгожыя — нішто мне душу не грэла. Маці сваю хачу ўбачыць.