Дайнеко Леонид Мартынович
Шрифт:
Чорная аграмадзіна царквы ўразалася ў неба побач з княжацкім церамам. І Вячка, як бы нешта ўспомніўшы, пакрочыў да царквы. Ён разбудзіў дзяка, які спаў у царкоўным прытворы.
— Дзе айцец Сцяпан? — спытаўся Вячка ў дзяка, сухенькага, сагнутага, як сярпок, старога.
— Святы айцец два дні назад конна паехаў у Полацк да ўладыкі Дзяніса, — спалохана сказаў дзяк. Ён з маленства баяўся ўзброеных людзей.
— Адчыні царкву і запалі тры свечкі,— загадаў Вячка.
Дзяк яшчэ болей сагнуўся, хацеў нешта сказаць, але толькі перасмыкнуў сухімі губамі і пакорліва загрымеў вязкай ключоў.
Цішыня і цемра абрынуліся на маладога князя ў начной царкве. Ён запаліў свечкі, стаў на калені. Па старадаўняму звычаю ён хацеў папрасіць парады ў продкаў.
Замірала сэрца. У скронях звінела кроў.
Парыў ветру ўварваўся ў адчыненыя дзверы. Патухла свечка.
— Ты прыйшоў, Усяслаў? Я чую цябе, — дрогкім голасам сказаў Вячка.
Патухла другая свечка.
— Ты бачыш мяне? Дапамажы. Асвяці мой розум і мой шлях.
Патухла трэцяя свечка.
— Дзякуй табе. Ты ўхваліў маё рашэнне. Я ведаў, што так будзе і што ты зразумееш мяне. Нашу размову не падслухаюць чужыя вушы, бо мы размаўлялі сэрцамі. Дзякуй табе, прыснапамятны князь.
Лёгкім крокам выйшаў Вячка з царквы. Крумкач трывогі зляцеў з душы, вальней стала дыхаць, будучыня зрабілася святлейшаю і весялейшаю. Праз начны дажджысты морак ён пакрочыў на гарадскі вал, да сваіх вояў. Зараз ён павінен быў быць з імі, толькі з імі.
— Рубон! — строга крыкнулі з цемры.
— Рубон! — адказаў князь. — Хто на варце?
— Старшы дружыннік Мсцібог з усім сваім сцягам 9 . І сцяг Халадка.
Вячку спусцілі лесвіцу, і ён спрытна ўзабраўся на забаролы. На самым версе землянога вала каля дубовага частаколу была выкладзена з камення вузкая сцежка — па ёй хадзілі воі-дазорцы.
9
Сцяг — тагачаснае вайсковае падраздзяленне колькасцю ў 50 чалавек.
— Што чутно? — спытаўся Вячка ў Мсцібога, які паверх кальчугі апрануў лісіны кажух.
— Усё спакойна, князь. Вецер і дождж ідуць з Дзвіны. Ноч золкая, і я дазволіў людзям надзець кажухі. Табе таксама загадаю прынесці.
— Не трэба, — спыніў яго Вячка. — Кажаш, усё спакойна? Ты, Мсцібог, спіш са сваімі воямі. Толькі што ў цераме злавілі двух псагалоўцаў з Рыгі.
Мсцібог, здаецца, анямеў. І не ад страху — ад здзіўлення. Ён лічыў сябе мудрым і вастравокім, як начная сава. Ён хваліўся, што за некалькі попрышчаў можа пачуць свіст стралы.
— Князь, напэўна, яны былі з крыллямі і пераляцелі ў горад па паветры, — нарэшце вымавіў ён разгубленым голасам. — Добра, што хоць іх усяго двое.
— І адзін камень шмат гаршкоў разбівае, — незадаволена сказаў Вячка. Прытрымліваючыся рукою за мокрыя слізкія штыкеціны забаролаў, ён пайшоў па каменнай сцежцы, пакінуўшы Мсцібога ў сораме і трывозе. І ўвесь час глядзеў у густы змрок, на захад. Туды, на захад, цякла Дзвіна. Туды несліся неспакойныя думкі маладога князя.
Калі б ён зараз сеў на шкут або на лайбу, у якіх купцы плаваюць па Дзвіне, то ўжо на світанку з правай рукі ад сябе ўбачыў бы замак Ашэрадзен. А трохі ніжэй — Леневардзен. А потым — Ікесколь і Гольм і нарэшце Рыгу. І ўсюды сядзяць тэўтоны. Усе гэтыя замкі — гнёзды ненаедных каршуноў. Адсюль божыя пілігрымы, несучы крыж і меч, ходзяць у паходы на эстаў Сакалы, на латгалаў Таловы. Сюды яны вяртаюцца, гонячы палонных жанчын і дзяцей, коней, кароў і авечак, везучы нарабаванае дабро. У самым вусці яны наступілі на горла Дзвіне, слаўнаму полацкаму Рубону, і Вячку часам здаецца, што любімая рака задыхаецца, б'ецца ў сутаргах, чарнее і вось-вось знікне пад зямлёю, растворыцца ў пясках і балотах, абы толькі не бачыць глум і здзек, якія пасяліліся на яе берагах.
Спрадвеку была Дзвіна полацкім вадзяным ходам у Варажскае мора, на Гоцкі бераг і да паўночных людзей — урманаў. Латгалы, селы і лівы караніліся ўздоўж яе. Яны яшчэ былі язычнікамі і плацілі полацкім князям даніну. Іхнія старэйшыны і купцы ўсё часцей прымалі праваслаўную веру, не забываючы, праўда, і сваіх мясцовых багоў і бажкоў. Які ж злы вецер прыгнаў сюды караблі тэўтонаў?
Тэўтоны прыплылі з крыжамі, схаваўшы на першым часе мячы пад сутаны. І на гэтых берагах, у гэтых палях і лясах рымскі крыж сутыкнуўся з крыжам славянскім.
Вячка павольна ішоў уздоўж забаролаў. Воі пазнавалі князя, віталі яго. Большасць з іх Вячка ведаў у твар, помніў іхнія імёны, і дружыннікам было прыемна чуць свае імёны з вуснаў самога князя. Ён любіў сваю дружыну, ганарыўся ёю, бо дружына давала яму і славу, і сілу, і ўладу ў Кукейноскім княстве. Без дружыны яго б не было — ён цвёрда ведаў гэта. Пакуль у яго ёсць дружына, з ім будуць лічыцца і рыжскі епіскап Альберт, і князь Герцыке Усевалад, і вялікі полацкі князь Уладзімір. Але сённяшняй ноччу смутак браў у абладу Вячкава сэрца, і ён суха і стрымана вітаўся з дружыннікамі.
Смяротны час надышоў для Кукейноса. Лівень, агонь і серу гатовы праліць нябёсы. Няўжо згарыць церам, у якім памерла княгіня Звеніслава, у якім жыве маленькая Соф'я? Няўжо серп вайны без літасці сажне жыта на кукейноскіх нівах і людзей, якія пасеялі гэта жыта? З трывогаю, з вялікім хваляваннем глядзеў Вячка на захад, і дождж з ветрам білі яму ў твар, зрывалі з плячэй барвовае карзно.
З горыччу думалася маладому князю, што дужа глыбокія карэнні паспелі пусціць тэўтоны не толькі ў Рызе, але і ў некалькіх попрышчах ад Кукейноса. Спачатку прыплылі ў вусце Дзвіны брэменскія купцы. Потым свяшчэннік ордэна блажэннага Аўгусціна Мейнард са жменькай клірыкаў пачаў будаваць царкву для ліваў у Ікесколе. Потым пачаў будаваць каменны замак. Ды прыйшлі лівы і сямігалы з даўжэзнымі карабельнымі канатамі і спрабавалі сцягнуць гэты замак у Дзвіну, каб ён сплыў у мора. Лівы верылі і вераць у святую сілу дзвінскай вады. Яны прынялі хрышчэнне ад Мейнарда, але адразу ж змылі гэта хрышчэнне рачной вадой. Мейнард памёр, стварыўшы епіскапскую кафедру ў Ікесколе і ўзвёўшы яшчэ адзін замак — Гольм.