Шрифт:
— Барс, мілы, — звярнулася яна да сабакі. — Памятаеш, ты знайшоў мяне? У лесе, пад снегам? А гаспадар твой не выгнаў, прытуліў. І дзе ён цяпер? У сырых сценах!
Ад гэтых уласных слоў так шкада ёй стала і Крушынскага, і сябе, што захацелася плакаць. Яна ўспомніла, як Крушынскі прывозіў ёй доктара. Як купляў ёй апельсіны, бананы, яблыкі. Тушыў для яе зайца і здабываў і смажыў курапатак. У Гомель яе звазіў. Адшукаў яе маці і заплаціў грошы, каб тую не выганялі з бальніцы. Нарэшце, бараду згаліў — яе, Віку, паслухаўшы! Дарослы чалавек, а паводзіны, як у дзіцяці малога! І чаму ён так носіцца з ёю? Хто яна яму?
— Барс, чаму ён так са мною носіцца? — паўтарыла Віка ўголас сабаку. — Ты часам не ведаеш? А вось я, здаецца, ведаю. Хаця і баюся гэтага! І ніколі нікому не скажу!
Барс стукаў хвастом па падлозе і аддана, акурат, як на Крушынскага, глядзеў на яе. І ёй здавалася, што ўсё-ўсё ён разумее.
Пакрысе яна сагрэлася, скурчыўшыся пад коўдраю ў камячок. Прыснілася ёй летняе рамонкавае поле, па якім яна бяжыць босая, не бяжыць, а ляціць нават, ледзь кранаючы нагамі кветкі — так, што яны нават не прыгінаюцца. І нагам яе надзіва цёпла!
Дзяўчынка не ведала, што гэта Барс тайком залез на тапчан і скруціўся клубком у яе нагах, грэючы іх.
Раздзел XXVIII
Барс у каторы раз выручае людзей. — Пальчатка. — Віка ўспамінае доктара. — Нумар на цыгарэтным пачку. — Трэба дзейнічаць!
Віка так прытрымлівалася наказаў Крушынскага, што ад залішняй стараннасці забыла зачыніць дзверы на ноч. Пад раніцу Барс піхнуў іх лапамі, выслізнуў на двор і пабег па сваіх сабачых справах.
Калі Віка прачнулася, сабака ляжаў у кутку за грубкаю і ціха гырчэў — як робяць сабакі, калі хтосьці хоча адабраць у іх ежу. Канечне, гырчэў ён нарочне. Але ж сапраўды грыз штосьці!
Віка падыйшла бліжэй. Барс ашчэрыў на яе маладыя белыя клыкі і наступіў на сваю знаходку лапаю.
— Што гэта за дрэнь? А ну, не еж абы-чаго…
Віка адшурхнула сабаку. Падняла тое, што ён грыз. Гэта была скураная пальчатка, брудная і мокрая ўсярэдзіне, да таго ж пацярпелая ад сабачых зубоў. Аднак дзяўчынка, перамагаючы непрыемнасць, надзела яе на руку. Штосьці вельмі і вельмі знаёмае! Яна прымярала яе ўжо аднойчы! Гэтая самая пальчатка была некалі на яе руцэ!
І Віка ўспомніла доктара з горада. Хіхіканне яго і паціранне рук. Агляд — цыпкі на скуры ад дакранання інструментаў. Крушынскі з доктарам выходзяць, яна прымярае пальчаткі, забытыя на стале.
Не было сумнення, што гэта адна з тых пальчатак. Але як яна тут апынулася?!
«Дзе ты яе знайшоў?» — ледзь не папытала ў Барса. Ды схамянулася: колькі можна гаварыць з ім? На ўсе пытанні ў яго адзін адказ — стуканне хвастом па падлозе.
Крушынскага арыштоўвалі так хутка, што ён не паспеў (ці знарок не захацеў, бо ў цёплым бушлаце ў камеры зручней) нават пераапрануцца. Скуранка яго вісела ў «шафе». Віка пачала шнырыць па кішэнях. Куртка пахла Крушынскім. Нічога! Усе чатыры кішэні пустыя. Толькі крышкі ад тытуню, ды ва ўнутранай, «патаемнай» кішэні — пусты, скамечаны пачак ад цыгарэт.
Пачакайце. Але Крушынскі не курыць такіх! Дзяўчынка расправіла пачак. Збоку былі напісаны чужым почыркам восем лічбаў і пад імі — слова «СТАСЬ».
Хлопцы прыйшлі роўна ў дзесяць, як і дамаўляліся. Абодва былі панурыя. Стараліся не глядзець на Віку. І дарма! Бо калі калі глянулі б, сёе-тое маглі б убачыць. Напрыклад, што ў вішнёвых вачах яе скачуць такія ж іскрынкі, як і ў Крушынскага, калі ён расказваў легенду пра Васіля.
— Крушынскі маўчыць, — сказаў Цім, уздыхнуўшы, і прысеў на табурэтку. — Яму «шыюць», бацька расказваў. Вось, тут запісана ў мяне, — Цім зачытаў з кавалачка паперы, — трыста сорак сёмы артыкул, частка першая — апаганьванне могілак.
— Яму! — усклікнула абураная Віка. — Які нічога не апаганьваў, а наадварот, за ўласныя грошы паставіў помнік чужому чалавеку!
— Што ж будзем рабіць? — спытаў Валік. — Адразу папярэджваю: у міліцыю я не пайду! І Віку падстаўляць не збіраюся!
— Баішся, каб яна не знікла адсюль? — ціха, у падлогу гледзячы, прамармытаў Цім.
— Што-што?
— Паўтары! — у адзін голас усклікнулі Віка з Валікам.
Не такі Цім дурны, каб паўтараць.
— Вось што, хлопчыкі, — сказала Віка, і «хлопчыкі» цяпер толькі звярнулі ўвагу, якая яна сёння вясёлая і ўпэўненая ў сабе. — У мяне зусім іншы план. Мы паедзем у Мінск. Усе разам.
— Як так?
— Чаму ўсе?
— Здаецца, я ведаю, хто раскапваў магілу. Мы павінны самі знайсці злачынцу. І я адна магу пазнаць яго.
Хлопцы пераглянуліся. Вось табе і Віка!
— А як жа той мужчынка, які прыезджаў у сяло і бадзяўся па могілках? — спытаў Цім. — Я ўпэўнены, што без яго рук не абыйшлося.