Вход/Регистрация
Афганская шкатулка
вернуться

Федоренко Андрей

Шрифт:

Аж мурашкі па скуры пабеглі ад такіх малюнкаў.

Валік ціхенька, па міліметры выдраў са сшытка аркушык. Разгарнуў слоўнік з алфавітам. Пасля доўгага старання нарэшце была ім зашыфравана і адпраўленая Ціму запіска такога зместу:

«Я згодзен на ўсё, што ты скажаш».

Зрабіўшы гэта, Валік адчуў палёгку. Нават крыху і прыемна было, што ён не прэтэндуе на ролю камандзіра, а згодзен быць падначаленым.

Адказ прыйшоў імгненна. На другім, чыстым баку запіскі без усялякага шыфру напісаны былі ўсяго дзве літары — «О. К!» Яшчэ адна загадка Цімавага характару: з тройкі на чацвёрку па ўсіх іншых прадметах пералазячы, ён выдатна ведаў мовы — і родную, і рускую, і англійскую, на здзіўленне і зайздрасць усяму класу.

Раздзел IV

Дык хто такі барадач? — Шчаслівыя чатыры месяцы. — Першы снег. — Паляванне на ліса. — Дварняк Барс здзіўляе Крушынакага. — Што лепш: ліс ці заяц?

Аднак тут пакінем на некаторы час нашых юных сяброў, будучых нашых Холмсаў і Каломбаў. Канечне, яны яшчэ вернуцца, яшчэ прымуць у нашай гісторыі самы актыўны ўдзел.

А мы з вамі давайце зазірнем у таямнічую хатку-леснічоўку. Паглядзім, што там робіцца, і заадно пазнаёмімся з героем дарослым, які вось ужо два раздзелы нецярпліва прабіваецца на старонкі аповесці, патрабуючы і да сябе ўвагі.

Цім не памыліўся. З некаторага часу барадач жыў у сваёй «бярлозе», як называлі яго лясную хатку жыхары Вялікай Паляны, не адзін. Вось толькі клопат у яго быў крыху іншы, чым меркавалася Ціму. Барадач ламаў галаву не над тым, як абмяняць свайго «вязня» на выкуп, а як бы хутчэй. пазбавіцца ад яго. Няпрошаны госць гэты перамяшаў усе яго планы. Перабіў той размераны ход жыцця — спакойнага, непрыкметнага, адзінокага, ціхага жыцця, якое барадаты чалавек вёў вось ужо чатыры месяцы.

Але па-парадку.

Пачнем з таго, што назавём імя і прозвішча дзіўнага чалавека — Барыс Крушынскі. Быў ён высокі і дужы. Веку меў гадоў трыццаці, аднак барада старыла яго. (Цім, напрыклад, сцвярджаў, што яму нават за сорак — дзецям чамусьці заўсёды ўласціва перабольшваць гады дарослых.) Упершыню аб'явіўся Крушынскі ў ваколіцах Вялікай Паляны ў верасні гэтага года. Купіў у лясніцтве закінутую маленькую хатку, сяк-так прывёў яе да ладу і пачаў жыць. Ніхто не ведаў хто ён, адкуль, чаму так упадабаў тутэйшыя мясціны, чаму пасяліўся не ў вёсцы, не на тых, пад дачы адведзеных участках, дзе сяліліся апошнімі гадамі чужакі, а ў глухім лесе… Загадка! Людзей Барыс Крушынскі ўпарта пазбягаў. Хіба што толькі ў вясковай краме, куды прыходзіў з лесу раз ці два на тыдзень, можна было пачуць ад яго пару слоў; тады ж высветлілася, што ён крышку шапялявіць. Але хіба гэта можна ставіць чалавеку ў віну? Абы жыў ціха, не чапаў нікога — ну і хай жыве сабе. Нябось зімою, калі марозы прыціснуць, хуценька ўцячэ назад у горад!

Аднак прамінулі тры доўгія дажджлівыя месяцы восені. Крушынскі нікуды ўцякаць не збіраўся. Праўда, і зіма не спяшалася ў тым годзе. Як мы казалі ўжо, толькі за тыдзень перад славутай хакейнай баталіяй выпаў першы снег, але які снег! Як ён ішоў! Спачатку сярод белага дня пацямнела, потым аднекуль прысунулася чорна-фіялетавая хмара. Яна паўзла, пакуль не закрыла сабою ўсё неба. Затым пакрысе пачала апускацца на зямлю. Было вельмі ціха. І раптам сярод гэтай цішыні і цемнаты паваліў з хмары снег — менавіта паваліў, густымі пухнатымі камякамі. Пачаўся ён пад вечар, і йшоў усю ноч.

Толькі пад раніцу ўсё супакоілася, улеглася. У леснічоўцы было непрывычна светла. Крушынскі ляжаў з расплюшчанымі вачыма на сваім самаробным тапчане пад цёплай коўдрай. З двара шкробся ў дзверы, радасна і нецярпяліва скуголіў Барс. Малады сабака яшчэ не разумеў, што гэта здарылася з наваколлем, чаму так змянілася ўсё, што не пазнаць? І як гаспадар можа вылежвацца такой парою? Калі самы час перахапіць што на зуб, які кавалак хлеба — і ў лес, на прастор! Усё абгледзець, абнюхаць, пераканацца — ці паўсюль такія змены, ці гэта толькі тут, каля хаткі?

Крушынскі ляжаў і глядзеў у столь. Яму было лёгка і радасна. Ён адчуваў сябе маладым, дужым, здаровым. Які ж ён малайчына, што адважыўся кінуць ўсё, і перабраўся сюды! Што так крута павярнуў сваё жыццё. Гэтыя чатыры месяцы і праўда былі самыя шчаслівыя за ўвесь яго хоць і не дужа вялікі, але няпросты, пакручасты век. Але досыць! Цяпер ён іншы. Цяпер усё ззаду — як дурны сон, як былая хвароба. Ён усё пачне «з чыстага ліста». Ранейшыя памылкі больш не паўторацца, сам лад цяперашняга яго жыцця не дапусціць іх паўтарэння. Тут, у лесе, ізаляванаму ад вялікага свету, адгароджанаму дрэвамі ад людзей, нішто больш не зможа яму пагражаць. Цяпер ён проста застрахаваны (наіўна думалася Крушынскаму) ад непрыемнасцяў і бедаў.

Больш таго — было ў ім цяпер адчуванне, што менавіта сёння павінна з ім здарыцца нешта важнае, радаснае. Нейкая ўдача чакае яго наперадзе. Падняўшыся, ён апрануўся і выйшаў на двор. Сонца, снег і марозік! Сабака танцаваў перад ім на задніх лапах. Зусім побач, каля самай леснічоўкі, на белым цаліку выразна адбіваўся ланцужок лісіных слядоў. Крушынскі нагнуўся над імі. Звер, а гэта быў лісавін, прабягаў зусім нядаўна. Сляды былі свежыя.

— Барс ты Барс, — з дакорам выгаварыў сабаку Крушынскі. — Барсік ты, а не Барс! Такога лі са не пачуць за дваццаць метраў! Хоць бы голас падаў. Ну, і на што ты пасля гэтага варты?

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: