Шрифт:
Але такога малюнка, як быў цяпер перад ім, яму яшчэ назіраць не даводзілася.
Дзяўчынка ела прагна і без разбору. Варэнне «закусвала» салам, хрумстала часнычынай, упівалася вострымі зубкамі ў чарствы хлеб. Затым цыбуліна — і зноў поўная лыжка варэння. Яна чвякала і прыцмоквала. На гэтыя гукі Барс не вытрымаў і вылез са свайго сховішча. Нясмела наблізіўся да тапчана, павільваючы хвастом. Дзяўчынка працягнула яму кавалак хлеба. Барс шчоўкнуў зубамі і імгненна праглынуў яго, ледзьве не разам з пальцамі.
— Ану, месца! Вечна галодны! — Крушынскі тупнуў нагою і сабака знік за грубкаю.
З такімі тэмпамі дзяўчынка, канечне, наелася вельмі хутка. Цяпер яна глядзела на Крушынскага ўдзячнымі соннымі вачыма. «Дзякуй Богу, — падумаў ён, — значыць, і праўда, не так яна не абмарозілася, як проста згаладалая была».
— Ну, а цяпер скажаш што-небудзь? Звычайна дзякуюць у такіх выпадках, — сказаў ён, прыбіраючы табурэт з недаедкамі.
Раптам ён убачыў, што дзяўчынка паказвае яму на свой рот. Ён так і застыў з табурэткаю ў руках.
— Ты што. нямая?! Яна кіўнула галавой: так.
— Ну і ну! Час ад часу не лягчэй… Але ж ты чуеш? І ўсё разумееш?
Ківок галавою: так.
— Ужо нешта… Пачакай! У мяне ж недзе павінна быць.
Крушынскі палез у сваю «шафу», пакапаўшыся там, выцягнуў аднекуль з-пад бязлізны школьны сшытак ў клетку і агрызак хімічнага алоўка:
— Вось — я ж помню, што недзе быў! На, пішы. Дзяўчынка толькі сумна ўсміхнулася і адвяла яго руку са сшыткам.
— Дык ты што ж… і пісаць не ўмееш?! — ад усяго гэтага Крушынскі сам ледзь не анямеў. — Колькі табе гадоў?
Яна растапырыла пальцы, спачатку дзесяць, потым тры.
— Трынаццаць? Табе трынаццаць гадоў? І ты дасюль непісьменная? Зараз я звар'яцею. Вось ужо сапраўды: не было ў бабы клопату, дык купіла парася; не было ў цябе, Крушынскі, турбот, дык знайшоў сабе «кватарантку».
— Ну вось што мне з табою рабіць? — спытаў, як няраз пытаў у свайго Барса, які таксама ўсё разумее, толькі сказаць не можа.
Дзяўчынка, усміхаючыся, паціскала плячыма. Крушынскі ўбачыў, што яна ўмлела ад ежы, што ёй даўно хочацца спаць.
— Так, давай, дарагая, у ложак, — і на гэты раз яна і не падумала аслухацца. Пакорліва шмыгнула пад коўдру, выцягнулася там. Крушынскі накінуў зверху яе высахлы за гэты час, цёплы кажушок: — Пастарайся ўспацець, добра?
Дзяўчынка кіўнула, засынаючы. Ён закрыў далоняй святло лямпы, аднёс яе на стол. Затым, стараючыся не грымнуць чым-небудзь, знайшоў у «каморы» дзве пустыя бутэлькі: паўлітровую пластмасавую і звычайную, з-пад піва. Спаласнуў шкляную кіпнем, каб адышла пасля холаду. Напоўніў абедзьве вадою і падсунуў дзяўчынцы адну пад бок, другую ў ногі — замест грэлак.
Ён сам з ног валіўся ад стомы, але работы яшчэ быў непачаты край. Хоць бы той жа заяц. Бо чым яе карміць заўтра? У кутку хаткі было спецыяльнае прыстасаванне накшталт «шведскай сценкі». Падвязаўшы да адной з пярочак зайца за заднія лапы, паставіўшы ўнізе таз, Крушынскі спрытна аблупіў яго — скура злезла, як панчоха. У тазе разабраў. Выкінуў на двор кішкі і выпусціў следам сабаку — цяпер, нябось, не замерзне, пад'еўшы. Ногі, грудзіну — у чыгун, лісту туды, перцу, морквы, хай тушацца. Разаслаў каля грубкі на падлозе кажух, зверху бушлат. Нармалёва! Закрыў юшку ў грубцы, патушыў лямпу. Але не паспеў улегчыся, як зноў падскочыў.
Дзяўчынка задыхалася. Хуткае выздараўленне яе аказалася падманам. Яна зноў была ў непрытомнасці. Лоб яе быў усеяны буйнымі кроплямі поту і гарачы, што тая вада, якой Крушынскі напаўняў свае «грэлкі». Яе яўна тэмпературыла. Крушынскі паднёс да лямпы правую руку — было тры гадзіны ночы.
Так да самай раніцы і не ўдалося яму змружыць вачэй. Ён сядзеў каля хворай, трымаючы на яе гарачым ілбе далонь. Толькі гэта і памагала, толькі тады дзяўчынка пачынала дыхаць раўней. Нарэшце пад раніцу яна супакоілася. Жар спаў. Лоб быў мокры, але зусім не гарачы. Усё адно Крушынскі цяпер не мог паверыць, што гэта сапраўднае выздараўленне. Дужа крохкім, кволым, ненадзейным яно было. Гарачка магла ў любы час вярнуцца.
Калі за вакном ледзь-ледзь развіднела, Крушынскі нацягнуў на сябе джынсы, світэр. З шафы дастаў новую скураную куртку і высокія, з тоўстай падэшваю чаравікі. Паклаў іх у сумку. На галаву не стаў адзяваць нічога, толькі прычасаўся без люстэрка.
З двара прымкнуў хату, але такім чынам, што калі піхнуць з сярэдзіны, дык замок спадзе. Стаў на лыжы. Радасны сабака сабраўся быў з ім. Крушынскі крыкнуў на яго, нават нямоцна перацягнуў лыжнай палкаю. І Барс застаўся ў двары, тужліва гледзячы гаспадару ўслед.