Шрифт:
— Ну, то завярні ў аддзел перад ад'ездам, — папрасіў Шабуня.
V
Да адыходу аўтобуса заставалася яшчэ каля дзвюх гадзін. Корзун рашыў развітацца са Святланай. Па рыпучых прыступках вузкай лесвіцы ён падняўся на другі паверх.
Праз няшчыльна прычыненыя дзверы чуліся галасы. У Святланіным кабінеце нехта быў. Мажліва, па справе. Корзун нерашуча спыніўся. Ён не любіў замінаць занятым людзям. Аднак і паехаць, не пабачыўшыся са Святланай, было б няветліва. Пастукаўшы, Корзун адчыніў дзверы.
— Уваходзьце! — дазволіла Святлана. Убачыўшы Алеся, засмяялася: — Гэта ты такі далікатны? У нас проста, заходзяць без дазволу.
— Раптам размова сам-насам, — усміхнуўся Корзун у адказ. І сумеўся: дзяўчына сапраўды была з маладым мужчынам.
— Гэта ў вас там сакрэты ды таямніцы, — працягвала жартаваць Святлана, — а мы ў раёнцы працуем адкрыта. — І да свайго субяседніка: — Пазнаёмся, мой універсітэцкі друг Саша, Аляксандр Корзун.
Мужчына ўстаў, падаў руку:
— Міхаіл Абабурка.
«Мажлівы жаніх, — успомніў Корзун і ўважлівей паглядзеў на мужчыну. — Гадоў крыху за трыццаць, гладзенькі, укормлены, з светлымі, кучаравымі і доўгімі бакамі, ружовашчокі. Херувімчык, і годзе. Толькі вось позірк нейкі не анёльскі, ліпучы. Што ў ім Светка знайшла?»
Абабурка сеў, і было відаць, што ён не надта ўзрадаваны: трэці зараз яму быў не патрэбны. «Нічога, — падумаў Корзун, — пацерпіш. Ты тут ледзь не штодня аціраешся». Сказаў, звяртаючыся да Святланы:
— Даруй, калі адрываю ад пільнай справы, я неўзабаве еду.
— Візіт ветлівасці, разумею, — уздыхнула дзяўчына. — Міша вунь не такі. Калі ўжо захацеў бы развітацца, то па-шляхетнаму. Маўляў, шаноўная Святлана бацькаўна, з болем у сэрцы пакідаю ваш цудоўны гарадок і праклінаю тую гадзіну, а якой кранецца на Яснагорск мой рэйсавы аўтобус, сапсавацца б яму недзе па дарозе сюды…
Абабурка выцягнуў сваю белую шыю, быццам каўнер пад стракатым гальштукам стаў яму цесны. Святлана Якушава заставалася сама сабой, як і некалі,— насмешлівай з тымі, каму падабаецца, і гарэзлівай з тымі, на каго яе чары не дзейнічаюць. Корзун нават пашкадаваў гэтага, відаць, закаханага заатэхніка. Сказаў Святлане:
— Баюся…
— Каго, няўжо мяне? — ёй гэта жартаўлівае прызнанне раптам спадабалася.
— Твайго язычка!
Дзяўчына зарагатала, гучна, весела, занадта весела, каб Корзун паверыў у яе весялосць. І ён пашкадаваў ужо непрыкаяную Светку, якая, напэўна, і гэтаму залётніку дасць паварот ад свайго ганка.
— Я чула, — пасур'ёзнела яна, — Рамейку шафёр падбіў?
Яшчэ адна адметная асаблівасць невялікіх гарадкоў — тут навіны распаўсюджваюцца імгненна. Корзун пацвердзіў, патрэбы ўтойваць гэта не было.
— Ведаеш, — Святлана быццам забылася на Абабурку, — я паўночы, мабыць, думала сёння пра Ігара… Рамейку. Каб знаццё, чым гэта абернецца, запомніла б слова ў слова нашу гутарку, а так… Адны здагадкі. І ўсё-такі, мне здаецца, быў ён нечым заклапочаны, нешта яго гняло. Ці не праз гэта трапіў пад машыну?
— Але гэта ўжо, відаць, не мае значэння, — уставіў Абабурка.
Корзуну не хацелася абмяркоўваць здарэнне, і ён прамаўчаў.
— Вы таксама карэспандэнт? — спытаў Абабурка.
— Нешта падобнае, — усміхнуўся Корзун. Святлана толькі бліснула вачамі, аднак удакладняць Корзунаў адказ не стала.
— Цікавая ў вас прафесія, — Абабурка як зайздросціў.— Ездзіце, сустракаецеся з новымі людзьмі, нешта выкрываеце. Не тое што я, — свінні ды каровы…
— А я думаў, што жывёла — гэта потым, а спачатку для заатэхніка людзі. Якія даглядаюць кароў і свіней.
— Гэта ваш брат, журналіст, так піша. А ў нас, заатэхнікаў,— рацыёны, кармы, хваробы.
Напэўна, Абабурка не любіў сваёй працы. Але Корзун не сказаў яму гэтага. Зрэшты, ён не так з ім знаёмы, каб выказваць папрокі. А Света магла і сказаць. А можа, і казала. Ды ў падобных выпадках кажы не кажы, словамі рады не дасі. Трэба было збірацца, і Корзун памкнуўся ўстаць.
— Час ёсць, — Святлана заўважыла ягоны рух.
— Білет яшчэ не набыў,— адказаў Корзун, думаючы, што павінен даць ім пагаварыць.
— Паправім, — яна зняла трубку тэлефона.
Корзун усміхнуўся: што-што, а білет ён мог узяць і без яе дапамогі. Зірнуў на Абабурку і заўважыў на яго твары нездаволенасць. Чалавек такі пра нешта не дагаварыў з дзяўчынай. Дзіўна, але сваю крыўду за гэта ён перанёс на яго, Корзуна, хаця званіць прыдумала Святлана. Ці не рэўнасць часам? Можа быць, закаханыя заўсёды, Корзун помніць гэта па сабе, крыху нагадваюць дальтонікаў: не бачаць сапраўдных адценняў. Ён хацеў усё-такі пайсці, хаця Святлана і дамовілася з дыспетчарам аўтастанцыі пра месца ў аўтобусе, і пайшоў бы, каб не Абабуркава рэпліка: