Вход/Регистрация
Левы рэйс
вернуться

Шитик Владимир Николаевич

Шрифт:

Ліштван злосна зіркнуў на Корзуна, перавёў вочы на свае рукі, пацягнуўся быў да кішэні, дзе тырчалі карычневыя скураныя пальчаткі, і раптам панік.

Корзун не ўтрымаўся, яшчэ раз зірнуў на Дзюбу, ужо адкрыта, насмешліва, — гэта была яго маленькая помста і за нядаўнюю Дзюбаву знявагу, і за падколкі.

— Вы ж раней ніколі не грабілі, Ліштван, — сказаў былому сведку Корзун, калі асноўныя факты былі ўжо запісаны ў пратаколе. — Нават, казалі, з кватэрнымі кражамі скончылі. Праўда, іншыя грахі былі, былі. Аднак разбой… — Яго цікавіла і псіхалогія гэтага незвычайнага злачынства, якую, на жаль, у дакументах папярэдняга следства адлюстроўваць не абавязкова.

— Выпадак, далібог, выпадак. Асляпіла золата, замуціла галаву — гадзіннік, бранзалетка. Каштуюць колькі!

Корзун падумаў: мажліва, пазней Ліштван зразумее, што асляпіла яго не золата, а папярэдняе жыццё, у якім сумленнасці месца не было. А пакуль, падобна, усё роўна шкадуе, што не ўдалося замесці сляды, і вінаваціць няўдалыя абставіны, не было б якіх, не сядзеў бы зараз перад інспектарам крымінальнага вышуку, а прапіваў бы праданы гадзіннік…

Да канца дня Дзюба нічога не спытаў, робячы выгляд, што вельмі заняты. Толькі калі ўжо сабраліся па хатах, памуляўся і, як бы баючыся перахваліць, выціснуў з сябе:

— Спрытна ты яго…

Корзун паціснуў плячамі, зноў падумаўшы, што, на добры лад, гэту спрытнасць павінен быў праявіць менавіта ён, Дзюба. І адказаў, як адказаў бы чалавеку, далёкаму ад іх агульнай прафесіі:

— Гэта ж наша праца.

Левы рэйс

I

Пакражу заўважыла прыбіральшчыца. Яна прыйшла ў кантору раніцай, гадзіне а шостай. Спачатку навяла парадак у кабінеце старшыні калгаса, потым у агранома і заатэхніка і толькі тады ўжо накіравалася ў бухгалтэрыю. Ёй адразу нешта не спадабалася ў гэтым вялікім, застаўленым канцылярскімі сталамі пакоі. Тут к канцу дня ніколі не бывала надта чыста, нават у сухое лета. А цяпер на дварэ стаяла дажджлівая восень.

Прыбіральшчыца разумела, што вёска не горад, што тут тратуараў няма. Аднак, падмятаючы падлогу, патроху лаяла і сваю працу, якой ніколі не бывае канца, і неахайных наведнікаў канторы, якія не чысцяць ногі на ганку. Са злосці выліла на падлогу вядро вады і ўзялася саскрабаць засохлыя сляды абутку. Яна азірнулася толькі тады, калі ўсё памыла, і выцерла і… падалася назад: дзверцы сейфа, які стаяў побач са сталом касіркі, пагойдваліся, нібы нехта, схаваўшыся за грубкай, спрабаваў іх непрыкметна прычыніць. Жанчына напалохалася і, закрычаўшы, выбегла на вуліцу.

Час быў ранні, яшчэ добра не развіднела, і на вуліцы нікога не было. Але, відаць, яна моцна крычала, бо хутка да канторы прыбег бухгалтар — ён жыў пасуседству. Бухгалтар крыху супакоіў жанчыну, распытаў, зазірнуў у бухгалтэрыю, потым асцярожна прычыніў дзверы і кінуўся да тэлефона.

Аператыўная група райаддзела ўнутраных спраў прыехала ў Даманы хвілін праз сорак. Перад канторай тоўпіліся людзі — сабраліся, напэўна, усе не занятыя ў гэтую спакойную восеньскую пару на працы. Але за браму, што вяла ў будынак канторы, не зайшоў ніхто. У браме стаяў участковы Савачкін.

— Такія вось справы, таварыш лейтэнант, — разгублена і таму зусім неафіцыйна звярнуўся ён чамусьці да Корзуна, хаця ўзначальваў групу начальнік райаддзела падпалкоўнік Шарай. Іншым разам Савачкін абавязкова далажыў бы па ўсёй форме і каму належыць. Ён быў стары і дысцыплінаваны міліцыянер, службу ведаў і любіў. Аднак адчынены сейф, што на яго ўчастку не здаралася яшчэ ніколі, вывеў Савачкіна з раўнавагі.

Напэўна, і падпалкоўнік зразумеў стан участковага, бо, павітаўшыся, сказаў таксама не службова:

— Хадзем, Раман Фаміч, паглядзім.

Яны ўвайшлі ў кантору. З першага позірку Корзуну стала ясна, што слядоў засталося нямнога і эксперт наўрад ці знойдзе што-небудзь, вартае ўвагі.

— Вы гутарылі з прыбіральшчыцай, Раман Фаміч? — спытаў падпалкоўнік Савачкіна.

— Так, — махнуў рукой участковы. — Каб не наступіла на гэту дошку, — ён тупнуў нагой па белай, нядаўна пакладзенай маснічыне, і дзверцы ў сейфе варухнуліся, — нічога не заўважыла б.

Пакуль яны ў калідоры абменьваліся думкамі, эксперт Хвыль скончыў аглядаць памяшканне.

— Мне можна было не прыязджаць, — сярдзіта сказаў ён і паглядзеў на Корзуна, быццам гэта той увёў у практыку следства і экспертызу, і агляд месца, дзе адбылося злачынства.

— Парадак ёсць парадак, Віктар Міхайлавіч, — пасміхнуўся Шарай, ведаў, калі Хвыль бурчыць, значыць, усё-такі скажа нешта слушнае. — Чакаем твайго слова.

Эксперт чмыхнуў, пачаў нудна:

— Хутчэй за ўсё ў бухгалтэрыю зладзеі праніклі цераз дзверы. Дзейнічалі адмычкай, на замку засталіся драпіны, але канчатковы вывад…

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: